З нагоды Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын, які адзначаецца 8 сакавіка, Святлана Ціханоўская 3 сакавіка сустрэлася з лідаркамі беларускіх арганізацыяў.
Удзельніцы сустрэчы абмеркавалі актуальныя для грамадзянскай супольнасці пытанні, сучасныя выклікі, а таксама ролю жанчын у грамадстве і палітычным жыцці Беларусі.
,,«Я заўсёды кажу, што жаночае лідарства адыгрывае велізарную ролю ў кантэксце нашай рэчаіснасці. Чым актыўней жанчыны дзейнічаюць, тым мацнейшаю становіцца нашая супольнасць. Шчырасць і эмпатыя сёння як ніколі важныя і для грамадства, і для палітыкі. І гледзячы на вас, я ўсведамляю, колькі ў нас адважных, таленавітых, яскравых жанчын! Шчыра захапляюся вамі і вашай дзейнасцю!» – зазначыла беларуская лідарка.
Асноўныя тэмы, якія ўздымаліся падчас гутаркі:
• дапамога беларусам за мяжой. Каардынацыя паміж арганізацыямі ў пытаннях легалізацыі, фінансавай дапамогі, працы і жытла для беларусаў;
• фінансаванне ініцыятываў. Святлана Ціханоўская запэўніла: дэмакратычныя сілы робяць усё, каб пераканаць партнёраў працягваць падтрымліваць дзейнасць грамадскага сектару;
• магчымасць стажыровак у арганізацыях для беларускай моладзі;
• узаемаадносіны з Літвой і іншымі краінамі: што ўжо зроблена і што яшчэ неабходна зрабіць для падтрымання добрых сувязяў, нягледзячы на інфармацыйную вайну з боку рэжыму;
• роля жанчын у дэмакратычным руху. Важнасць жаночага лідарства і яго ўплыў на дэмакратычныя змены.
3 лютага ў Камітэце ў справе ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын, што дзее ў межах Рады правоў чалавека (РПЧ) ААН, былі разгледжаныя даклады арганізацыяў грамадзянскай супольнасці пра становішча жанчын у Беларусі.
Эксперты адзначылі, што Канстытуцыя Беларусі «не забяспечвае эфектыўнай абароны ад дыскрымінацыі», а «правы жанчын на адукацыю і ахову здароўя абмежаваныя».
Паводле аўтараў дакладу, «доступ жанчын да правасуддзя падрываецца няспынным пераследам жанчын-праваабаронцаў. На актывістак навешвалі хлуслівыя цэтлікі тэрарыстак, нягледзячы на іхную мірную дзейнасць. Дзяржава сістэматычна ліквідуе розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку тыя, якія падтрымліваюць жанчын».
Паводле аўтараў дакладу, у Беларусі прынамсі 139 жанчын на гэты момант прызнаныя палітзняволенымі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu