навіны

У ААН апавялі пра становішча жанчын у Беларусі: дыскрымінацыя і гвалт не спыняюцца

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

3 лютага ў Камітэце ў справе ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын, што дзеіць у межах Рады правоў чалавека (РПЧ) ААН, былі разгледжаныя даклады арганізацыяў грамадзянскай супольнасці пра становішча жанчын у Беларусі, Люксембурзе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Непале.

Даклад аб Беларусі прэзентавалі эксперты Беларускага Хельсінкскага камітэту, праваабарончых арганізацыяў «Human Constanta» і «Наш дом», Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў ды Кааліцыі супраць гендарнага і хатняга гвалту.


Эксперты адзначылі, што Канстытуцыя Беларусі «не забяспечвае эфектыўнай абароны ад дыскрымінацыі», а «правы жанчын на адукацыю і ахову здароўя абмежаваныя».


Паводле аўтараў дакладу, «доступ жанчын да правасуддзя падрываецца няспынным пераследам жанчын-праваабаронцаў. На актывістак навешвалі хлуслівыя цэтлікі тэрарыстак, нягледзячы на іхную мірную дзейнасць. Дзяржава сістэматычна ліквідуе розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку тыя, якія падтрымліваюць жанчын».


Гэтак, да прыкладу, усе жаночыя арганізацыі, якія падрыхтавалі ценявыя даклады для камітэту ў межах апошняга разгляду, былі зліквідаваныя. Усяго за апошнія гады ў Беларусі былі ліквідаваныя амаль 2000 недзяржаўных арганізацыяў.


«Калі ў міліцыю паступалі заявы пра хатні гвалт, яна правярала палітычную дзейнасць ахвяры, а не надавала ёй падтрыманне. Ахвяраў і агрэсараў запрашалі разам на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, што спрыяла беспакаранасці», – адзначаецца ў дакладзе.


Паводле аўтараў дакладу, у Беларусі прынамсі 139 жанчын на гэты момант ёсць палітзняволенымі. Яны «не маюць доступу да годнага медычнага абслугоўвання і стала сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем». Зняволеныя жанчыны «сутыкаюцца з прымусоваю працай і сучаснымі формам рабства». Калі жанчыны адмаўляліся працаваць, іх змяшчалі ў «клеткі ганьбы» і прымушалі стаяць на вуліцы цягам некалькіх гадзінаў».



Таксама канстатуецца, што «жанчыны-мігранткі ўразлівыя да гандлю людзьмі і гвалту. Хатні гвалт не ёсць падставаю для надання прытулку ў Беларусі».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik


Нагадаем: паводле Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, жорсткае абыходжанне з жанчынамі – адное з самых распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека ў свеце. З фізічным або сексуалізаваным гвалтам сутыкаецца амаль кожная трэцяя жанчына. Кожныя 10 хвілінаў адна жанчына гіне ад рук блізкага чалавека. Праблема актуальная і для Беларусі.


Паводле ініцыятывы «BELPOL», толькі ў 2023 годзе да катэгорыі «хатні гвалт» сілавікі аднеслі 2418 злачынстваў. Статыстыкі за 2024-ы пакуль няма. Пры гэтым у Міністэрстве ўнутраных справаў штогод рэгіструюцца каля 80 тысяч паведамленняў пра такія выпадкі.


«Кожны выпадак хатняга гвалту – індывідуальны і выключны. Да кожнага трэба падыходзіць асобна і развязваць такія пытанні. Але ў дзяржаве, дзе экстрэмізм – гэта большае зло для дзяржаўнай машыны, такія пытанні наўрад хтосьці можа падымаць», – апавёў «Белсату» прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.


Яшчэ ў 2018 годзе МУС падрыхтавала канцэпцыю законапраекту аб папярэджанні хатняга гвалту. Прадстаўнікі ведамства тады казалі, што варта прыкласці максімальныя намаганні, каб данесці да кожнага беларуса важнасць барацьбы з гэтаю праблемай. Аднак законапраект быў жорстка раскрытыкаваны Аляксандрам Лукашэнкам.


Новую канцэпцыю Закону аб папярэджанні хатняга гвалту з таго часу так ніхто і не пачаў распрацоўваць.


«Законы вельмі важныя, але законы павінны ўспрымацца як легітымныя, справядлівыя, як неабходныя для таго, каб выправіць сітуацыю. Калі, напрыклад, ёсць закон, а грамадства не лічыць гэта праблемаю, тады закон будзе не вельмі рэалізоўвацца», – мяркуе гендарная даследніца Ірына Сідорская.


Часцей сілавікі ў сітуацыях хатняга гвалту прапаноўваюць абароннае прадпісанне. Яно прынамсі забараняе агрэсару высвятляць і наведваць месцы, дзе застаецца ахвяра.


Але незалежная актывістка, праваабаронца ў сферы правоў жанчын Наста Базар кажа, што гэта не заўсёды дапамагае:


«Я спытала ў каляжанак, якія працавалі да 2020 года, статыстыку. Але з таго, што я ведаю, за гэтым пасля ніхто не сочыць. Агрэсар, калі ведае, дзе застаецца ахвяра, не можа гэтым не скарыстацца?»


Недзяржаўныя ж арганізацыі, якія дапамагалі ахвярам хатняга гвалту, у тым ліку наданнем месца ў шэлтарах, знішчаныя. Пасля 2020 года ўлады абвясцілі іх незаконнымі.


«Усё ж такі вельмі важна не быць адной у гэтай сітуацыі. Таму я б пачынала казаць пра тое, што мы можам. Заўсёды кажу гэтую фразу, і зараз скажу зноў: калі ласка, памятай, што ты не адна, і заўсёды будуць жанчыны, якія табе павераць, якія падтрымаюць», – упэўненая Наста Базар.


Таксама актывістка нагадала пра онлайн-сэрвісы, куды могуць звярнуцца жанчыны, якія сталіся ахвярамі гвалту, па псіхалагічную дапамогу. Адзін з такіх рэсурсаў – Oliviahelp.org. Тыя ж, хто хоча падзяліцца ўласнаю гісторыяй хатняга гвалту або думкамі на гэтую тэму, могуць далучыцца да флэш-мобу #насилиелюбиттишину ў Instagram'е.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10