навіны

Ад крыптагаманцоў да банкаў: што новыя санкцыі значаць для беларусаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская дыяспара наведвае выставу «Вайна яшчэ не скончылася» ва Украінскім культурніцкіым цэнтры святога Васіля, прымеркаваную да трэцяй гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Эдмантан, Канада. 24 лютага 2025 года. Фота: Artur Widak / Anadolu via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская дыяспара наведвае выставу «Вайна яшчэ не скончылася» ва Украінскім культурніцкіым цэнтры святога Васіля, прымеркаваную да трэцяй гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Эдмантан, Канада. 24 лютага 2025 года. Фота: Artur Widak / Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

24 лютага, у трэцюю гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, Еўразвяз прыняў чарговы пакет санкцыяў, які ўводзіць сур’ёзныя абмежаванні супраць эканомік Расеі і Беларусі. Гэта ўжо 16-ы з ліку пакет, прыняты Еўразвязам з 2022 года. Паглядзелі на найбольш значныя абмежаванні і паразважалі з экспертамі, які эфект санкцыі могуць зрабіць для эканомікі нашай краіны. 

Што ў пакеце?


Паводле прадстаўніцы Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас, гэта «самыя маштабныя санкцыі за ўсю гісторыю, якія аслабляюць ваенныя высілкі Расеі».

«Ён [пакет санкцыяў] закранае ўсё: ад судоў ценявога флоту да гульнёвых кантролераў, што выкарыстоўваюцца для кіравання беспілотнікамі», – напісала Калас у сваім акаўнце ў Х.

Сапраўды, пералік абмежаванняў, уведзеных супраць Расейскай Федэрацыі, уключае вельмі шмат пазіцыяў.

Сярод іх індывідуальныя санкцыі супраць 83 новых суб’ектаў (48 фізічных і 35 юрыдычных асобаў), датычных да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Абмежаванні супраць транспарту і «ценявога флоту», якія перавозяць расейскую нафту (датычаць 74 судоў, агулам цяпер у адпаведным спісе 153 танкеры).

У фінансавай і банкаўскай сферах пад забарону трапілі транзакцыі праз сістэму перадачы фінансавых паведамленняў Цэнтральнага банку РФ (СПФС) для замежных банкаў. У сферы гандлю і тэхналогіяў – санкцыі супраць 53 суб’ектаў, што падтрымліваюць расейскую вайсковую сферу (у тым ліку кампаніі з Кітаю, Індыі, Казахстану і інш.). Таксама быў пашыраны спіс забароненых тавараў, у тым ліку хімічных рэчываў, праграмнага забеспячэння і камплектавальных для БПЛА.

У энергетыцы былі ўведзеныя абмежаванні на экспарт тэхналогіяў для нафтагазавай галіны і забарона на часовае захоўванне расейскай нафты і нафтапрадуктаў у ЕЗ. Закранулі санкцыі таксама восем расейскіх прапагандысцкіх СМІ.

Гэта далёка не поўны пералік абмежаванняў супраць Расейскай Федэрацыі. Больш пра іх можна пачытаць у нашым артыкуле. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наведнік разглядае новыя расейскія беспілотнікі пад назваю «‎Маскіт» і «‎Сава» падчас выставы «‎Армія 2023». Кубінка, Расея. 14 жніўня 2023 года. Фота: Contributor / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наведнік разглядае новыя расейскія беспілотнікі пад назваю «‎Маскіт» і «‎Сава» падчас выставы «‎Армія 2023». Кубінка, Расея. 14 жніўня 2023 года. Фота: Contributor / Getty Images

Сюрпрызы для Беларусі


Не забыліся ў Еўразвязе і пра Беларусь: пакет абмежавальных захадаў, датычных шмат якіх сфераў беларускай эканомікі, атрымаўся досыць аб’ёмны і залучае амаль тры дзясяткі пунктаў.

«Пакет месціць дадатковыя абмежавальныя захады ў дачыненні Беларусі, якія адлюстроўваюць гандлёвыя санкцыі супраць Расеі, а таксама іншыя захады, напрыклад, абмежаванні, што датычаць продажу або надавання паслуг і праграмнага забеспячэння, дэпазітаў і крыптавалютных гаманцоў, а таксама транспартавых перавозаў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўразвязу.

У ім таксама адзначаецца, што Еўразвяз увёў новы крытэр, датычны санкцыяў супраць фізічных і юрыдычных асобаў, якія падтрымліваюць або атрымліваюць выгаду ад вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. Але тлумачэння, што гэты крытэр азначае, не прыводзіцца.

У сваю чаргу прадстаўнікі ўладаў Беларусі раскрытыкавалі пакет, адзначыўшы, што санкцыі сведчаць пра няздольнасць ЕЗ улічваць сучасныя рэаліі і дзеяць згодна з часам. Беларускія дыпламаты з сталага прадстаўніцтва Беларусі пры Еўрапейскім Звязе заявілі, што настойлівае прытрымліванне палітыкі ціску аддаляе кіраўніцтва ЕЗ ад інтарэсаў уласных грамадзянаў. Паводле іх, выкарыстанне «састарэлых падыходаў з пазіцыі перавагі» падарве «палітычнае адзінства» і эканамічную стабільнасць краінаў ЕЗ, а таксама станецца перашкодаю для дасягнення трывалага міру ў рэгіёне. 

Забарона карыстацца еўрапейскімі крыптабіржамі


Згодна з 16-м пакетам санкцыяў, такія абмежаванні атрымаюць беларусы, якія не маюць дазволу на жыхарства ў Еўропе. Ім забаронена адкрываць новыя крыптагаманцы, захоўваць на іх актывы, а таксама займаць кіраўнічыя пасады і валодаць кампаніямі, што выконваюць крыптапаслугі.

Падобныя абмежаванні ўжо былі прынятыя ў кастрычніку 2022 года ў дачыненні Расейскай Федэрацыі. Пасля гэтага менавіта Беларусь выкарыстоўвалася для абыходу санкцыяў, бо праз яе праходзілі расейскія грошы пад выглядам беларускіх, бо да беларусаў крыптабіржы ставіліся з большаю лаяльнасцю.

У той жа час санкцыі ЕЗ не моцна закрануць беларусаў, бо ў краіне ўжо дзеіць забарона на працу з замежнымі крыптабіржамі, а для тых, хто мае ВНЖ у Еўразвязе, прадугледжаныя выключэнні. Аднак, на думку эканамісткі Настассі Лузгіной, беларусы ў Турцыі і Грузіі могуць сутыкнуцца з абмежаваннямі, а некаторыя еўрапейскія банкі і крыптабіржы могуць адмаўляць у абслугоўванні беларусаў праз рызыкі.

Бізнесовец і вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч адзначыў, што санкцыі, датычныя крыптабіржы, выклікаюць у яго «шмат негатыўных эмоцыяў», бо гэта б’е наўпрост па гаманцах звычайных беларусаў, што ніяк не адпавядае сутнасці гэтых санкцыяў.

,,

«Калі я гляджу на гэтыя санкцыі, што датычаць крыптакашалькоў ды магчымасці купляць і прадаваць нейкія крыптаэлементы, я разумею, што ў сённяшнім свеце любы чалавек, які мае такі крыптакашалёк, можа прыкладна за хвілінаў 15 зарэгістраваць такі ж крыптарахунак на біржы, што не ўваходзіць у Еўрапейскі Звяз. Зарэгістраваць і перавесці свае крыптаактывы ды сказаць наступным разам, што Еўропа стаіць не тварам, а іншым месцам да звычайных беларусаў. Бо мы разумеем, што ніякі старшыня райвыканкаму ці працаўнік КДБ не мае крыптакашалька і што ў яго няма нічога на крыптарахунку», – адзначыў суразмоўца «Белсату». 


Банкі пад ударам


Найперш гаворка пра тыя з іх, якія выкарыстоўваюць сістэму перадачы фінансавых паведамленняў (СПФП) Цэнтрабанку РФ (як альтэрнатыву SWIFT) для абыходу абмежаванняў. Пад санкцыі трапілі «БелВЭБ» і «Белгазпрамбанк».

Адметна, што да гэтай расейскай сістэмы яшчэ ў 2021 годзе далучыліся ўсе беларускія банкі.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка «настойліва парэкамендаваў» усім беларускім банкам адключыцца ад СПФП Банку Расеі, «каб не апынуцца пад другаснымі санкцыямі ЕЗ і скіраваць усе свае намаганні не на падтрыманне дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і ягонай рэпрэсіўнай палітыкі, а працаваць у інтарэсах беларускіх грамадзянаў і нацыянальнай эканомікі».

Аднак у прэс-службах банкаў пракаментавалі, што на іх працу згадка ў чарговым санкцыйным пакеце Еўразвязу ніяк не паўплывае. Пры гэтым у банку «БелВЭБ» адзначылі, што «ніякіх дадатковых рызык» кліентам новыя санкцыі не нясуць.

Не бачыць ніякіх негатыўных вынікаў ні для банкаў, ні для іх кліентаў і Аляксандр Кныровіч: «Мне здаецца, што ўсё самае дрэннае, што магло з гэтымі банкамі адбыцца, ужо адбылося ў пачатку вайны».

У той жа час доктар навук і прадпрымальнік Яраслаў Кот мяркуе, што ўсё ж санкцыі, уведзеныя супраць банкаў, могуць уздзеяць на эканоміку Беларусі на стратэгічным узроўні. Бо, напрыклад, банк «БелВЭБ» ствараўся з прыцэлам на правядзенне міжнародных аперацыяў, і цяпер атрымліваецца, што ён не зможа быць пасярэднікам пры заключэнні міжнародных дамоваў. Дый наагул з банкамі сітуацыя выглядае так, што калі рабіць нейкія новыя сістэмы абыходу санкцыяў, то кожная транзакцыя будзе каштаваць даражэй для банку. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Біткойн-манета адлюстроўваецца на фоне Варшавы. Фота: Omar Marques / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Біткойн-манета адлюстроўваецца на фоне Варшавы. Фота: Omar Marques / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Санкцыі супраць «Інтэгралу»


У лік прадпрыемстваў, якія апынуліся пад дзеяннем новага пакету санкцыяў, трапіў «Інтэграл». Гэта найбуйнейшы беларускі вытворца паўправаднікоў і мікрасхемаў. Паводле дакументу ЕЗ, прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю расейскім кампаніям, звязаным з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны – сярод іх «Роскосмос», Ульянаўскае канструктарскае бюро і «Радар ММС». Мікрасхемы «Інтэгралу», як адзначаецца, былі выяўленыя на полі бою. Гэтыя пастаўкі складаюць асноўную частку экспарту заводу.

У санкцыйных тлумачэннях адзначаецца, што паўправаднікі крытычна важныя для расейскага вайскова-прамысловага комплексу, і для падтрымання працы заводу Масква ўжо інвеставала 350 мільёнаў долараў. ЕЗ падкрэслівае: сувязі «Інтэгралу» з расейскімі абароннымі прадпрыемствамі пацвярджаюць яго беспасярэдні ўдзел у расейскай абароннай сферы.

Мы пацікавіліся ў Аляксандра Кныровіча, ці могуць санкцыі нашкодзіць гэтаму прадпрыемству. На думку суразмоўцы, вядома, нельга выключаць, што пэўныя праблемы ў «Інтэгралу» сапраўды могуць узнікнуць. Але ці азначае гэта, што «Інтэграл» спыніцца?

,,

«Не, гэта можа заняць некалькі тыдняў ці нават месяцаў для пераналадкі і пошуку іншых праграмаў – расейскіх ці кітайскіх, бо ў свеце шмат хто працуе з такім абсталяваннем. Гэта выкліча толькі часовыя збоі ў працы, не больш за тое», – адзначае Кныровіч. 


Таму, гаворачы пра санкцыі, адзначае суразмоўца, варта разумець, што яны не маюць на мэце спыніць эканомікі Беларусі. Санкцыі – гэта заўсёды «чырвоная картка» за пэўныя дзеянні. Таму і бессэнсоўна спрабаваць падлічыць дакладную шкоду для беларускай эканомікі ад новага пакету санкцыяў.

«Мы разумеем, – працягвае суразмоўца, – што цяпер эканоміка Беларусі абапіраецца трыма з чатырох «ног» на расейскі рынак, цалкам залежыць ад яго, і сёння ніякія санкцыі не могуць перашкодзіць ёй працаваць. З другога боку, галоўны бар'ер на шляху развіцця беларускай эканомікі – не санкцыі, а сам Лукашэнка», – заўважае Аляксандр Кныровіч. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак галоўнага офісу «Белгазпрамбанку». Менск, Беларусь. 2 кастрычніка 2015 года. Фота: realt.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак галоўнага офісу «Белгазпрамбанку». Менск, Беларусь. 2 кастрычніка 2015 года. Фота: realt.by

А што яшчэ?


Адным з галоўных пунктаў новага пакету санкцыяў Еўразвязу, на думку прадстаўнікоў Антыкрызіснага народнага ўпраўлення, сталася пашырэнне спісу тавараў, забароненых да экспарту і імпарту. У прыватнасці, ЕЗ забараніў дастаўляць у Беларусь прадукцыю, што спрыяе вайсковаму і тэхналагічнаму развіццю, уключаючы кампаненты, якія Расея выкарыстоўвала ў вайне супраць Украіны.

Сярод іншага пад забарону трапілі хімічныя прэкурсоры, якія ўжываюцца ў сродках здушэння закалотаў, праграмнае забеспячэнне для абсталявання з лічбавым праграмным кіраваннем (ЛПК), кантролеры, якія выкарыстоўваюцца ў беспілотніках, а таксама хімічныя элементы, піратэхнічныя вырабы і гаручыя матэрыялы.

Таксама адзначаецца, што пад санкцыі трапіла праграмнае забеспячэнне, якое можа быць выкарыстанае для кіравання прадпрыемствамі і прамысловага праектавання. «Гэта значыць, – напісалі ў НАУ, – што рэжым больш не зможа атрымліваць сістэмаў кіравання прадпрыемствам, праграмаў для прамысловага праектавання і вытворчасці».

У той жа час, калі казаць пра забарону на пастаўкі абсталявання (у прыватнасці, з ЛПК), то Аляксандр Кныровіч мяркуе, што нейкія часовыя праблемы могуць узнікнуць на першым этапе: напрыклад, падключанае да сервераў абсталяванне можа быць адключанае вытворцамі. Але ўсё ж гэта не значыць, што абсталяванне спыніць працу. Для ілюстрацыі суразмоўца прывёў прыклад з купленымі Беларуссю самалётамі «Boeing», якія трапілі пад санкцыі, але ўсё яшчэ працягваюць лятаць.

Так і ў гэтым выпадку: замяніць адно праграмнае забеспячэнне іншым цалкам магчыма. Але адваротным бокам медаля тут будзе хутчэй тое, што Беларусь паступова будзе губляць сувязі з Еўразвязам. Хаця, заўважае Кныровіч, шмат якія беларускія прадпрыемствы ўжо былі да гэтага гатовыя.

Сярод іншых важных пунктаў санкцыйнага спісу – забарона на імпарт першаснага алюмінію, гэта азначае, што Расея праз Беларусь магла абыходзіць накладзеныя на экспарт гэтага металу санкцыі.

,,

«Акрамя таго, устанаўліваецца адказнасць для еўрапейскіх кампаніяў, што працуюць за межамі ЕЗ, у тым ліку даччыныя прадпрыемствы ў Беларусі. Гэта значыць, што лукашэнкаўскі рэжым не зможа выкарыстоўваць фірмаў для абыходу санкцыйных абмежаванняў», – заўважаюць у сваім тэлеграм-канале прадстаўнікі НАУ. 


Сапраўды, гэты пакет абмежаванняў атрымаўся аб'ёмным і прадуманым, у ім, у прыватнасці, прадугледжваецца так званае «затыканне шчылінаў», якое дазваляе беларускім уладам абыходзіць уведзеныя абмежаванні.

У той жа час сярод прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці адзінага погляду на дзейснасць санкцый сёння няма. І калі тое ж Народнае антыкрызіснае ўпраўленне заяўляе пра ціск і «высокую цану», якую мусіць плаціць рэжым Лукашэнкі за сваю вернасць Крамлю, то суразмоўца «Белсата» крыху больш асцярожны ў сваіх заявах.

«Я разумею, калі санкцыі ўводзяцца супраць асоб, супраць дзяржпрадпрыемстваў, для мяне кожнае з іх – гэта ўласнасць Лукашэнкі, але калі агулам на ўсіх беларусаў ці на ўсе беларускія прадпрыемствы, то я не бачу ў гэтым нічога добрага. І канечне, гэта штуршок у бок Расеі, у бок Кітая, і не болей за тое», – сцвярджае Аляксандр Кныровіч.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10