Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры Еўрапейскім Звязе раскрытыкавала чарговае абнаўленне санкцыйнага пакету ЕЗ у дачыненні ўладаў Беларусі, прынятае 24 лютага 2025 года.
У заяве адзначылі, што новы санкцыйны пакет дэманструе «відавочную няздольнасць еўрапейскіх суседзяў улічваць рэаліі і дзеяць у духу часу», перадае БелТА.
«Упартае прытрымліванне еўрапейскім бокам ранейшых наратываў палітычнага і санкцыйнага ціску на суверэнныя дзяржавы, што рэалізуюць самастойную палітыку, усё больш аддаляе лідараў ЕЗ ад інтарэсаў і чаканняў уласных грамадзянаў. Інерцыйная рэалізацыя ЕЗ састарэлых метадаў узаемадзеяння з іншымі чальцамі сусветнай супольнасці з пазіцыяў уласнай перавагі рызыкуе падарваць палітычнае адзінства і эканамічны дабрабыт дзяржаваў – чальцоў Еўрапейскага Звязу, а таксама стацца сур'ёзнай перашкодаю для ўсталявання трывалага і доўгатэрміновага міру ў нашым агульным рэгіёне», – гаворыцца ў заяве.
Дыпламаты адзначылі, што Менск зацікаўлены ў аднаўленні «раўнапраўнага» дыялогу з ЕЗ і спадзяецца, што «недальнабачнае» імкненне заходніх палітыкаў «захаваць твар» не зробіцца непераадольнай перашкодаю для адаптацыі еўрапейскага курсу да рэаліяў справядлівай шматпалярнай светабудовы, што імкліва фармуецца.
24 лютага Еўразвяз увёў 16-ы пакет санкцыяў супраць Беларусі і Расеі. Адзін з ключавых абʼектаў, што трапілі пад новыя санкцыі, – ААТ «Інтэграл», найбуйнейшы беларускі вытворца паўправаднікоў і мікрасхемаў. У дакуменце адзначаецца, што прадукцыя прадпрыемства купляецца расейскімі кампаніямі, што бяруць удзел у агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку «Раскосмасам», Ульянаўскім канструктарскім бюро і «Радар ММС», і была знойдзеная на полі бою. Гэтыя пастаўкі маюць вялікі маштаб і складаюць пераважную частку экспарту заводу.
Акрамя таго, новыя абмежаванні прадугледжваюць забарону на пастаўкі ў Беларусь праграмнага забеспячэння, звязанага з выведваннем нафты і газу. Гэта зробленае для мінімізацыі рызыкі абыходу санкцыяў праз беларускую тэрыторыю. Пад забарону трапіла і праграмнае забеспячэнне, што выкарыстоўваецца для кіравання вытворчасцю і прамысловага праектавання.
Таксама беларусам, якія не маюць дазволу на жыхарства ў Еўропе, забаронена карыстацца еўрапейскімі крыптабіржамі, адкрываць новыя крыптагаманцы і захоўваць на іх актывы. Ім нельга займаць кіраўнічыя пасады і валодаць кампаніямі, што надаюць крыптапаслугі.
Увядзенне 16-га пакету санкцыяў сталася чарговым крокам Еўразвязу ў адказ на дзеянні, што пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны.
Якуб Хруст belsat.eu