Украінскае выданне «Європейська правда» апублікавала, як сцвярджаецца, фінальны тэкст Пагаднення аб выкапнях, якое маюць падпісаць Украіна і ЗША гэтым тыднем. «Белсат» спытаў эксперта, што азначае гэты дакумент і ці дапаможа ён Украіне.
Сярод іншага, у тэксце пагаднення гаворыцца, што Украіна і ЗША створаць інвестыцыйны фонд, якім будуць кіраваць супольна. Урад Украіны мусіць уносіць у фонд 50 % ад усіх паступленняў, атрыманых ад манетызацыі ўсіх прыродна-рэсурсных актываў, што ёсць у дзяржаўнай уласнасці.
Украінскія ўлады хацелі, каб у пагадненні былі прапісаныя гарантыі бяспекі Украіны. Але ў дакуменце няма гаворкі пра дакладныя вайсковыя гарантыі. Ёсць даволі размытае абяцанне ўдзельнікаў пагаднення «спрабаваць вызначыць неабходныя крокі для абароны ўзаемных інвестыцыяў, як гэта вызначана ў пагадненні аб фондзе».
Таксама, згодна з дакументам, унёскі ў фонд мінімум раз на год будуць рэінвеставацца для спрыяння бяспецы, абароне і дабрабыту Украіны. Урад ЗША будзе падтрымліваць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязанні дзеля развіцця Украіны.
Мір на гарызонце?

Як адзначае амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Антон Пянькоўскі, гаварыць пра апублікаваны фінальны варыянт пагаднення яшчэ не выпадае.
,,«Мы не бачылі подпісаў. Дакумент яшчэ можа змяніцца, а ў такіх глабальных працэсах нават вельмі маленькія фармулёўкі могуць мець велічэзнае значэнне», – кажа Пянькоўскі.
На ягоную думку, дакумент у цяперашнім выглядзе можа з’явіцца падставаю да спынення агню ва Украіне. Пры гэтым ва ўгодзе не прапісаныя гарантыі бяспекі, на якіх настойвала Украіна.
«Я мяркую, што ў апошні момант нейкія фармулёўкі гэтага дакументу могуць змяніцца і пэўныя гарантыі бяспекі ў мілітарным сэнсе там могуць з’явіцца. Але ўвогуле гэтае пагадненне прадугледжвае эканамічную супрацу са Злучанымі Штатамі, што можа ўскосна спрыяць умацаванню абараназдольнасці Украіны.
Дадатковыя рэсурсы, якія мае атрымаць Украіна ў выніку гэтага пагаднення, могуць быць скіраваныя на мадэрнізацыю ўзброеных сілаў і паляпшэння інфрастуктуры бяспекі. Таму нават без афіцыйных гарантыяў гэтае пагадненне можа значна паспрыяць бяспецы Украіны і ў будучыні гарантаваць мір», – дадаў дарадца Агенцтва еўраатлантычнай супрацы.
На ягоную думку, прысутнасць амерыканскіх інвестыцыяў гарантуе, што Расея ўжо цяпер можа асцерагчыся працягваць напад на пэўныя часткі Украіны.
Што да мірных перамоваў, то пагадненне – гэта пэўная стадыя працэсу замірэння, зазначае суразмоўца.
«Падпісанне гэтага пагаднення можа мець розныя наступствы. Перш за ўсё тут варта падкрэсліць, што той дакумент, які існуе цяпер, – гэта толькі пра эканоміку. З гэтага боку мы бачым, што супрацьстаяння з расейскага боку чамусьці ўвогуле няма. Думаю, гэта не вельмі моцна цікавіць або супярэчыць планам Расеі. Калі ідзе гаворка пра міратворцаў на тэрыторыі Украіны або іншыя гарантыі бяспекі, мы бачым хуткую рэакцыю Крамля», – працягвае амерыканіст.
Трамп можа пагадзіцца здабываць карысныя выкапні і ў Расеі

Антон Пянькоўскі бачыць выгаду для Украіны ў гэтым пагадненні. Бо здабыча выкапняў патрабуе інфраструктурнага ўзмацнення і аднаўлення.
«Нават той жа алюміній – гэта матэрыялізаваная электрычнасць, як кажуць. Для вырабу алюмінію патрабуецца вельмі багата электрычнасці. Без амерыканскай тэхналагічнай дапамогі ўвогуле праграма пра каштоўныя выкапні на ўкраінскай зямлі немагчымая перш за ўсё таму, што інфраструктура, якая засталася яшчэ з савецкіх часоў і пабудаваная за часы незалежнай Украіны, была амаль цалкам разбураная. Цяпер гэта шанц аднавіць яе на іншым тэхналагічным узроўні, карыстаючыся амерыканскай тэхналагічнай школай», – адзначае Пянькоўскі.
У той жа час Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея можа прапанаваць ЗША працаваць з рэдказямельнымі металамі ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны, а яшчэ вырабляць разам алюміній.
«Мяркую, што гэта цалкам мажліва. Тое, што прадэманстраваў Трамп за крыху больш як месяц сваёй кадэнцыі ў Белым доме, сведчыць пра тое, што ён увогуле не хоча займаць бакоў у гэтым канфлікце. Ён хоча неяк спыніць вайну і не хоча займацца палітычным маралізатарствам. Яго цікавіць у першую чаргу тэхналагічнае ўмацаванне Злучаных Штатаў. Усе пагадненні – пра амерыканскую ўнутраную эканоміку, а не сусветную», – падводзіць рысу Антон Пянькоўскі.
Юлія Лабанава, Арсен Рудэнка belsat.eu