26 лютага «Європейська правда» апублікавала фінальны тэкст так званага Пагаднення аб выкапнях – міжурадавай дамовы, якую маюць падпісаць на гэтым тыдні Украіна і ЗША.
Галоўныя юрыдычныя абавязкі Украіны – пачаць перамовы з ЗША наконт больш дэталёвага пагаднення, што будзе рэгуляваць дзейнасць так званага Інвестыцыйнага фонду аднаўлення – двухбаковай структуры, якую маюць стварыць Украіна і ЗША.
«ЄП» адзначае, што за апошнія дні ўкраінскай перамоўнай камандзе ўдалося цалкам змяніць танальнасць дакументу ў параўнанні са шматлікімі папярэднімі прапановамі ЗША. Таму дакумент у цяперашняй рэдакцыі не толькі дазволіць Доналду Трампу казаць пра ягонае ўменне дасягаць хуткіх дамоўленасцяў, але і сапраўды паспрыяе міжнароднай стабільнасці.
Паводле звестак крыніцаў, патэнцыйна магчымыя пунктавыя змены (у прыватнасці, змена падпісантаў), але асноўныя палажэнні ўжо ўзгодненыя.
Дакумент прадугледжвае стварэнне інвестыцыйнага фонду, якім будуць супольна кіраваць прадстаўнікі абодвух урадаў. Урад Украіны мусіць уносіць у фонд 50 % усіх паступленняў, атрыманых ад будучай манетызацыі ўсіх прыродна-рэсурсных актываў, што ёсць у дзяржаўнай уласнасці.
Зробленыя ў фонд унёскі, як мінімум раз на год, будуць рэінвеставацца для спрыяння бяспецы, абароне і дабрабыту Украіны. Урад ЗША будзе падтрымліваць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязанні дзеля развіцця Украіны.
«Урад Злучаных Штатаў Амерыкі падтрымлівае намаганні Украіны атрымаць гарантыі бяспекі, неабходныя для стварэння працяглага міру. Удзельнікі будуць спрабаваць вызначыць неабходныя крокі для абароны ўзаемных інвестыцыяў, як гэта вызначана ў дамове аб фондзе», – гаворыцца ў пагадненні.
Ад ЗША дакумент мае падпісаць міністр фінансаў, ад Украіны – віцэ-прэм’ер.
Нагадаем, падчас візіту ў Кіеў лідары Еўразвязу і шэрагу краінаў паведамілі, што вылучаць Украіне новыя пакеты дапамогі. Ужо ў сакавіку Еўразвяз перадасць 3,5 млрд еўраў. Гэта будзе крэдыт, што пагасяць за кошт замарожаных расейскіх грошай. Дапамогу на 5 млрд долараў паабяцаў Кіеву і прэм'ер-міністр Канады Жустэн Трудо.
Тым часам Доналд Трамп запатрабаваў ад Украіны падпісаць угоду пра доступ ЗША да здабывання рэдказямельных металаў, атакаваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ды паўтараў расейскія наратывы: «Украіна вінаватая ў пачатку вайны».
У Крамлі цешацца такім паваротам амерыканскай палітыкі, але не да канца разумеюць перамоўнай стратэгіі Трампа, баяцца магчымых пастак і нечаканых паваротаў. Амерыканская палітыка выклікае глыбокую занепакоенасць у Еўропе, але пакуль Еўропа не прапанавала новага самастойнага плану абароны і дапамогі Украіне.
Надзея Вольная belsat.eu