Выданне «Флагшток» апублікавала да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны інтэрв’ю з беларускім добраахвотнікам, які правёў на вайне 839 дзён. У ім – цікавы погляд канкрэтнага чалавека на вайну, на працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, пакуль вайна ідзе ў суседняй дзяржаве. Публікуем гутарку ў скарачэнні.
Віталь («Флагшток» наўмысна змяніў імя галоўнага героя) працаваў на прадпрыемстве ў раённым цэнтры Гомельскай вобласці. Праз удзел у пратэстах у 2020 годзе вымушаны быў уцякаць з Беларусі. Пасля пачатку вайны даведаўся пра беларускае падраздзяленне, што набірала добраахвотнікаў, і далучыўся да яго.
Віталь распавядае, што даведаўся з медыяў пра тое, што існуе беларускае падраздзяленне, якое набірае добраахвотнікаў. Хоць у яго не было вайсковага досведу, ён напісаў – і атрымаў станоўчы адказ. Канчаткова пастанавіў далучыцца падчас перабывання ў лагеры для ўцекачоў у Літве. Ён разумеў, што ўдома, у Беларусі, для яго ўжо нічога не засталося.

Ф: Цябе цікавіла тэма ўкраінскай вайны паміж 2014 і 2022 годам?
В: Ды не асабліва. У нейкі перыяд пачынаеш цікавіцца, даведвацца, глядзіш, што гэта не першы канфлікт. Хто агрэсар, што ён зноў тэрарызуе нейкую іншую краіну. Накшталт, Грузія, пасля Украіна.
Ф: Якая ў цябе вайсковая спецыяльнасць?
В: Большая частка падраздзялення былі, як мы, замежнікі, добраахвотнікі. Вельмі складана атрымаць нейкія афіцэрскія званні, і ў выніку проста з вайсковым білетам ідзеш як салдат, стралок.
Ф: Гэта значыць, ты быў на перадку? Гавораць, што найбольш страшна другім разам, не першым. Ці праўда гэта?
В: Дый яшчэ як. І страшней, я табе скажу, не заходзіць, а выходзіць. Калі ты заходзіш, асабліва ў новы сектар, то прыходзіш да мясцовых. Да хлопцаў, якія тут тры-чатыры месяцы, сядзяць у акопах, у бліндажах, і яны пачынаюць расказваць, што тут насамрэч адбываецца, і ты такі: а як выходзіць?
Ф: А што казалі ўкраінцы, калі даведваліся, адкуль ты?
В: Па-рознаму. Станоўча. Гэта, ведаеш, дрэнна маглі сказаць хіба ў глыбокім-глыбокім тыле, асабліва калі па-расейску размаўляеш. А на перадку, калі ў акоп падаеш, не да гэтага. Неяк да дзядоў ТРАшнікаў трапілі, мацакі такія. Яны казалі: «Цяпер Пуціна выганім, да вашага пойдзем. Будзем вусатага ганяць».
Ф: Якія ў цябе пачуцці выклікае той факт, што ў тым ліку на Кіеў наступалі з Гомельскай вобласці, адкуль ты родам?
В: Збольшага праз гэта і пайшоў. Калі б з Беларусі не заходзілі, можна было б падумаць – не мая вайна. Разважалі на пачатку, ці ўвойдзе Беларусь у канфрантацыю, можа, тады зойдзем у Беларусь.
Ф: Ці заўважаў ты змены стаўлення да беларусаў, пакуль быў на вайне?
В: Так, вядома. Да аднаго дык дакладна. Да ўсіх гэтых падзеяў, да поўнамаштабкі, Лукашэнка быў адным з самых папулярных палітыкаў ва Украіне. Цяпер не.
Ф: Ці можаш ты гаварыць, у якіх мясцінах браў удзел у баявых дзеяннях?
,,В: З таго, што публічна, – вызваленне Херсону. Гэта значыць, у сам горад мы не ўваходзілі. Нам была пастаўленая задача: дайсці да пэўнага мосту, замацавацца. Потым планы змяніліся. Калі ехалі, думалі, што хутка давядзецца ўцякаць з крыкамі «ўра» і аўтаматамі наперавес. Вораг ад нас аддаляўся, мы гналі, гналі, так і не дагналі, яны хутчэй з'язджалі. Расейцаў так і не ўбачылі – толькі прылятала, з «Граду» прылятала, дронамі яшчэ трошкі.
Ф: Што ты для сябе вынес з вайны, якія думкі?
В: Баюся, такое друкаваць не будуць.
Ф: А фізічна як перанёс, ці не трапляла ў цябе што-небудзь, як тваё здароўе пасля ўсяго гэтага?
В: Было пару кантузіяў, ну а так Бог быў літасцівы. Аскепкі міма свісталі, кулі свісталі. Было вельмі непрыемна, дый чаго там, было страшна. Неяк пранесла. Вось кантузіяў ставала. Перад маім ад'ездам з'явіліся КАБы (карэктаваныя авіябомбы). КАБы выбухалі, яно быццам бы нічога, але пасля, калі вельмі блізка прылятае… У нас побач з чалавекам адным прыляцела, у яго праблемы з сэрцам пачаліся. Кантузія – гэта не зваліўся і галавой стукнуўся, у цябе ўдар усяго цела. Кантузія, яна і на сасуды ўплывае, калі ты крыху старэйшы. Здавалася б, проста ўпала побач, а ў кагосьці тромб адарваўся.
Ф: Ці засталіся ў цябе блізкія ў Беларусі?
В: Бацькоў я пахаваў, а так са сваякамі асабліва не маю зносінаў.
Ф: Ці хочаш ты вярнуцца ў Беларусь увогуле?
В: Так, хачу. Але не ў найбліжэйшай будучыні.
Ф: Думаў пра тое, як давядзецца жыць з тымі, хто быў супраць у 2020 годзе, хто падтрымліваў у 2022-м?
В: Наогул уяўляю, так. Вайна падарыла мне шмат досведу стасункаў з рознымі людзьмі. Разумееш, што страх, рызыка смерці, калі нейкі абстрэл пачынаецца, нехта бегае з крыкамі «мы ўсе памром», нехта панікуе... І такое адкрываецца ў людзях... Гэта ўсё роўна не самыя кепскія людзі, якія ёсць, што б пра іх ні гаварылі. Людзі выжываюць, як могуць, – гэта я пра тых, хто ўдома застаўся. Нейтральнае стаўленне да іх, у кожнага сваё жыццё. Хаця многія са знаёмых таксама рваліся на вайну, часта адгаворваў. Так што ў свеце шмат добрых людзей.
Ф: З якімі думкамі чакаеш чарговую гадавіну пачатку поўнамаштабнай?
В: Калі шчыра, учора яшчэ нават не задумваўся, а ўжо 3 гады.
Ф: Нас чытае шмат людзей, хто цяпер у Беларусі. Што б ты хацеў сказаць розным людзям? Магчыма, нехта з тваіх былых калегаў падтрымлівае Лукашэнку ці ўварванне ва Украіну?
В: Ну, я б сказаў, што, па-першае, «Мапеды» (расейскія беспілотнікі тыпу «Шагэд». – Заўв. рэд. «Белсату»), якія лётаюць у іх над галовамі, могуць быць з тэрмабарычнымі зарадамі. Калі яны схаваюцца за рогам дому і ён пацэліць у дом, у іх проста разарве лёгкія ці галаву. «Абы не было вайны» не дапаможа.
Ф: Я правільна разумею, што ты сочыш за тым, як у СМІ пішуць аб прылётах «Шагэдаў» у Гомельскую вобласць?
В: Так, я рэгулярна праглядаю навіны, гляджу, як кружацца «Шагэды», як часам іх збіваюць ці яны падаюць. Мэта ж яго не ў тым, што ён прыляцеў, каб пацэліць у лукашыста ці змагара. «Шагэд» збіўся з курсу, ён упадзе няясна куды.
Ф: Калі нас чытаюць чыноўнікі з Хойнікаў, што б ты ім расказаў? Што было б, калі б трапіў дрон у дом ці будынак райвыканкаму?
В: Іхнаму (чыноўнікаў) будынку нічога б асабліва не было, крышку б пацярпеў. А вось калі ў «прэзідэнцкую» хатку пацэліць (катэджы, што ўзводзяцца паводле праграмаў падтрымання вёсак), то такой хаце і ўсім, хто ў ёй, выжыць будзе вельмі цяжка. Я аднойчы разбіраў дом, у які прыцэльна прыляцела. Застаўся падмурак і проста гара будматэрыялаў.
Ф: Ты думаеш пра тых людзей, якія цяпер засталіся ў Беларусі. Ці можаш ты ўявіць сваё жыццё цяпер у тых умовах?
В: Ну, было б цяжка. Галоўнае, ведаеш, навіны не глядзець. Бо прапаганда так галаву засірае. У краіне проста гадамі будавалі сістэму, у якой ты фактычна нічога зрабіць не зможаш. Цяпер трэба нешта большае, больш рашучае. У дваццатым паспрабавалі, але нічога не атрымалася. Але цяпер у сілавым варыянце таксама ўжо немагчыма, бо… Ну, бо ўжо немагчыма.
Ф: Ці пачуваешся цяпер вольным чалавекам?
В: У пэўнай ступені, так.
Ф: А шчаслівым?
В: Не сказаў бы…
Падрыхтаваў Раман Шавель belsat.eu