навіны

У Нямеччыне стартавалі вызначальныя выбары ў Бундэстаг

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: deutschland.de
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: deutschland.de
podpis źródła zdjęcia

У Нямеччыне адкрыліся выбарчыя ўчасткі – з 8:00 да 18:00 каля 59,2 мільёна грамадзянаў выбіраюць новы склад Бундэстага, а разам з ім вызначаць і наступнага канцлера ФРГ.

Бундэстаг узімку. Берлін, Нямеччына. 23 лютага 2013 года. Фота: Valakirka / Flickr, CC BY-SA 2.0
У Нямеччыне намячаецца «гульня тронаў»: якая кааліцыя складзецца па выбарах? Аналітыка

Гэтыя датэрміновыя выбары граюць вызначальную ролю для палітычнага балансу краіны ў найбліжэйшыя чатыры гады. Сярод выбарцаў 42 % – людзі, старэйшыя за 60 гадоў (каля 24,9 млн), а 2,3 млн асобаў (прыкладна 3,9 %) – маладыя грамадзяне, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у федэральных выбарах.

Акрамя таго, для ўдзелу ў выбарах зарэгістраваліся больш за 200 тыс. немцаў, якія жывуць за мяжою. Аднак многія з іх сутыкнуліся з бюракратычнымі цяжкасцямі і абмежаваным часам, што ўскладняе своечасовае адпраўленне бюлетэняў на радзіму. Паводле ацэнак, агульная колькасць выбарцаў-эмігрантаў складае 3-4 мільёны.

Галасаванне праз пошту таксама застаецца папулярным. На мінулых выбарах у 2021 годзе, што праходзілі ва ўмовах пандэміі, 47,3 % выбарцаў скарысталі такую магчымасць – гэта была рэкордная колькасць для Нямеччыны.

Сёлета ў выбарах удзельнічаюць 29 партыяў – значна менш, чым у 2021 годзе, калі іх было 47. Такая розніца звязаная са скарачэннем тэрмінаў рыхтавання праз датэрміновае правядзенне выбараў, што ўскладніла невялікім партыям працэс пошуку кандыдатаў і збору подпісаў для рэгістрацыі.

Найбольшыя шанцы стаць новым канцлерам захоўвае кандыдат ад блоку Хрысціянска-дэмакратычны звяз Нямеччыны / Хрысціянска-сацыяльны звяз у Баварыі – Фрыдрых Мэрц. У той жа час немалое падтрыманне выбарцаў можа атрымаць Аліс Вайдэль з ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». З магчымых кандыдатаў называюць таксама дзейнага канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца (ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны) і Робэрта Габэка ад партыі «Зялёных».

Раней «Белсат» пісаў пра расклад сілаў на гэтых выбарах і тлумачыў, што розным палітычным блокам давядзецца дамаўляцца на кааліцыю, але якім – яшчэ невядома.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10