Апошнiя гады Беларусь значна ўзмацнiла вайсковую супрацу з Расеяй, што выклiкае занепакоенасць заходнiх краiнаў. Прэзiдэнт Украiны Уладзiмiр Зяленскi папярэджвае пра магчымыя пагрозы, звязаныя з такім узаемадзеяннем. На гэтым фоне ў Беларусі праходзяць зборы рэзервістаў. Журналiсты «Белсату» пагутарылi з удзельнiкамi, каб даведацца падрабязнасці i ўмовы правядзення.
Узброеныя сiлы пачалі правяраць баявую гатовасць. Беларусаў масава сталi выклiкаць на вайсковыя зборы. Як заявіў кiраўнiк Мiністэрства абароны Вiктар Хрэнiн, захаду пачынаюць праз асаблівасці сiтуацыi, што складваецца:
«Абстаноўка абавязвае нас трымаць руку на пульсе i трымаць порах сухім, быць гатовымі да таго, для чаго прызначаныя ўзброеныя сiлы, пры неабходнасці – забяспечыць абарону суверэнітэту i тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублiкi Беларусь».
Акрамя таго, падчас выканання войскамі заданняў прадугледжваецца актыўнае выкарыстанне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Гэта трэба для здушэння каналаў кіравання i супрацьдзеяння беспiлотнiкам.
Паводле афiцыйнай версii, падчас збораў будуць правяраць «гатовасць i здольнасць механізаваных вайсковых частак i падраздзяленняў выконваць заданні паводле прызначэння». Таксама ў планах – «апрабаваць новыя спосабы выкарыстання беспiлотных авiяцыйных комплексаў».
«Позва эсэмэскай. Не адрэагаваў – твае праблемы»
Рассылаць позвы гарадскія i раённыя ваенкаматы пачалі 3 лютага, на зборы далі некалькі дзён.
,,«Позву даслалі эсэмэскай. Цяпер так можна. Не адрэагаваў – твае праблемы з усімі магчымымі наступствамі, – падзяліўся з «Белсатам» Дзянiс, яму цяпер 42, у войску служыў 15 гадоў таму. – Калi шчыра, да канца не верыў, што забяруць. Апошнiм разам выклiкалi 5 гадоў таму. Тады, праўда, позва была папяровая. Прыйшоў на зборы, праседзеў паўдня, адправiлi дадому».
Але гэтым разам усё з самога пачатку было больш сур'ёзна. Мужчыну папярэдзiлi, каб з сабою браў асабістыя рэчы, ежу, сродкі гiгiены, пажадана берцы і вайсковую ўніформу, калi ёсць. Бо калi няма, насiць давядзецца тое, што выдадуць. А выдадуць, як папярэдзiлi, дакладна не новае. Таксама Дзянiсу паведамiлi, што забраць могуць на тэрмiн да 60 дзён. Папярэдзiлi пра грашовае забеспячэнне i кампенсацыю сярэдняга заробку. Але паколькі аплата ў яго здзельная, мужчына баiцца, што нiякага сярэдняга заробку не пабачыць. Прытым папярэдзiць працадаўцу пра дакладны час адсутнасцi, а спецыфiка працы гэта прадугледжвае, Дзянісу таксама не ўдалося.
«Яшчэ спыталі, цi няма сур'ёзных праблемаў са здароўем. Папярэдзiлi, каб не спрабаваў «касiць». Калi што, адразу крымiнальная адказнасць», – паспеў апавесці мужчына да пачатку збораў.
У прызначаны дзень Дзяніс зʼявiўся ў пункт збору, пасля чаго сувязь з iм знікла. Як пазней высветлілася, тэлефонамі з доступам у інтэрнэт карыстацца падчас збораў забаранілі.

Жанчын могуць прызваць да 48 гадоў, мужчынаў – да 65
Вайсковыя зборы – вiд вайсковай службы, дзе ваеннаабавязаныя «ўдасканальваюць веды», трэнуюцца працаваць з новым узбраеннем i тэхнiкаю. Калi ў Беларусi абвесцяць мабiлiзацыю, увядуць ваеннае становiшча, то ваеннаабавязаныя на вайсковых або спецыяльных зборах робяцца вайскоўцамi. На зборы могуць прызваць усiх ваеннаабавязаных беларусаў.
Паводле дзейнага заканадаўства, абноўленага ў 2024 годзе, Мiністэрства абароны можа выкарыстоўваць не толькі папяровыя, але i электронныя позвы: у перыяд мабiлiзацыi i ў ваенны час SMS-паведамленне ад ваенкамату прыраўноўваецца да папяровай позвы.
За няяўку ў ваенкамат паводле позвы ў Беларусi могуць прыцягнуць да адмiнiстратыўнай або крымінальнай адказнасці – як ухiлiста ад вайсковай службы. Штраф могуць выпісаць паводле арт. 26.1 КаАП РБ «Нез’яўленне на захады ў справе прызыву», ад 10 да 30 базавых велічыняў; арт. 26.3 «Парушэнне абавязкаў у справе вайсковага ўліку», для цывільных – да 25 базавых велічыняў, для службовых асобаў – да 30.
Крымiнальную справу могуць узбудзіць паводле арт. 435 КК РБ, у выпадку, калi прызыўнiк наўмысна нанясе сабе цялеснае пашкоджанне, iмiтуе хваробу або зробіць падлог дакументаў, якія дазволяць пазбегчы прызыву. У гэтым выпадку закон прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.
На час збораў за чалавекам абавязаныя захаваць месца працы i сярэдні заробак у поўным абʼёме. Акрамя гэтага, Мiнабароны запэўнівае ваеннаабавязаных дадатковым грашовым забеспячэннем.
Таксама, пачынаючы з мінулага года, вайсковыя камісары могуць абмежаваць выезд з краiны беларусам, якiя парушылі абавязкі ў вайсковым улiку i ўхiлiлiся ад прызыву на службу. Раней абмежаванне датычыла толькi вайсковай службы i не закранала катэгорыі тых, каго «прызывалі на вайсковыя зборы».
Павысiлi і ўзроставы парог для ваеннаабавязаных жанчын у запасе (акрамя прапаршчыкаў, мічманаў або афіцэраў). Калi раней iх прызывалi да 45 гадоў, то цяпер гэта магчыма да 48. Узрост пастаноўкi на ўлiк павялiчылi з 16 да 17 гадоў.
Вайсковыя зборы – мэты i рэальнасць
8 лютага Мiнiстэрства абароны адсправаздачылася, што першыя групы выклiканых праз позвы вайскоўцаў ужо выбылi ў воiнскiя часткi для «баявога зладжвання» ў складзе падраздзяленняў.
,,«Рыхтавалі да таго, што будзем не толькi аднаўляць страчаныя навыкі, але i вучыцца новаму, у прыватнасці – працаваць з новаю тэхнiкай. Але на справе атрымалася крыху інакш», – даведалiся мы ад Сяргея, якi падзялiўся з намі інфармацыяй.
Сяргея павезлi ў Берасцейскую вобласць. Паведамiлi, што адпраўляюць на вайсковыя зборы ў сiлы тэрытарыяльнай абароны. Там пераапранулi ва ўніформу i скiравалі ў месца размяшчэння ваеннаабавязаных. Разам з мужчынам на зборах былі каля 200 чалавек. У кожнага ўдома засталiся справы, праца, сямʼя. Некаторых забралi на зборы без папярэджання, проста з працоўнага месца.
«Шмат хто плюецца, гледзячы на гэта ўсё, але адкрыта не скардзяцца – баяцца. Палітыку не абмяркоўваюць. Некалькi дзён асабліва не чапалi, далі адаптавацца, а потым пачалося – спалi некалькi гадзiнаў. Шмат якія амаль адразу захварэлі. Потым пачалі прамываць мазгi: «Нас хочуць захапіць, але мы не здамося, мы тут, каб iм усiм паказаць». У асноўным мужыкi проста сядзяць i моўчкі слухаюць iдэалога. Хоць усе разумеюць: гэтыя зборы – праз вайну ва Украiне. Але ёсць пара-тройка ярых лукашыстаў. Яны разам з расейцамi гатовыя нас ад украiнцаў абараняць. Пачынаеш задаваць пытаннi кшталту «яны ж на нас не нападалі», а там проста каша ў галаве. Лепей не чапаць, бо пасля збораў хачу дадому, а не за краты праз «палітыку».
З тэхнiкаю, паводле суразмоўцы, на зборах усё сумна. У асноўным – вельмi старая i сапсаваная. Большасць тэхнiкi глухне ўжо праз 5–10 км. З браняванай тэхнiкi, паводле адчуванняў, у нармальным працоўным стане – 10–15 %.
,,«Адзiн хлопец выклаў фота нашага размяшчэння – i цяпер за ўсiмi сочаць, – гаворыць суразмоўца. – Таму, хто размясцiў, пагражае пакаранне. Якое, пакуль не ведаем. Яго павезлі кудысьцi. Недалёка ад нас паставiлi глушылку. Там не тое што інтэрнэту, сотавай сувязі амаль няма».
Як апавёў Сяргей, плануецца, што пад кiраўнiцтвам iнструктараў ваеннаабавязаныя будуць вывучаць прыёмы выведкі, вядзення бою з акопу, кiданне вучэбных гранатаў, тактыку перамяшчэння падчас бою:
«Пакуль гэта складана сабе ўявiць. Назiраю толькi бязладдзе i неарганiзаванасць – i на вучэннях, i нават на этапе транспартавання ў падраздзяленне. Сказалi толькi, што патронаў, як звычайна, шкадаваць не будуць. Будзем страляць з пiсталета Макарава i аўтамата Калашнiкава».
Навошта гэта трэба i цi пачынаць хвалявацца
Цiкава, але павелiчэнне колькасцi вайсковых збораў у Беларусі назiраецца апошнiя 3 гады. Акрамя вайны ва Украiне, гэтаму спрыялi i змены ў заканадаўстве, бо цяпер прызываць на зборы рэзервістаў можна часцей. А ў кастрычнiку 2024-га скарацілі i тэрмiн уручэння позваў – з 10 да 7 дзён да пачатку збораў.

Для параўнання: у 2023 годзе прадстаўнiк Генеральнага штабу заяўляў, што колькасць «запаснiкоў», якiя прызываюцца на вайсковыя зборы, заставалася нязменнай апошнiя гады i складала ў сярэднiм 9000 чалавек.
Паводле манiторынгавай групы «Беларускі Гаюн», са студзеня да кастрычнiка 2024 года на розныя вiды вайсковых збораў ва Узброеных сiлах, унутраных войсках i органах памежнай службы былі прызваныя 12 382 асобы.
20 лiстапада начальнiк галоўнага арганiзацыйна-мабiлiзацыйнага ўпраўлення Генштабу Аляксандр Шальпук заявiў, што ў 2024 годзе на зборы былі прызваныя каля 15 тысячаў чалавек.
Днямі Міністэрства абароны назвала дату правядзення супольных з Расеяй вучэнняў на тэрыторыі Беларусі «Захад-2025»: сярэдзіна верасня. І, мяркуючы з усяго, яны будуць вельмі маштабныя: удзел возьмуць каля 13 тысячаў чалавек. Пра гэта заявіў памочнік міністра абароны ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка.

Нагадаем. Выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы, Уладзімір Зяленскі заявіў: Кіеў «дакладна разумее, што збіраюцца рабіць з Беларуссю». Таксама ён падкрэсліў, што Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як плацдарм для нападу:
«Расея рыхтуе 15 дывізіяў, 100–150 тысяч вайскоўцаў рыхтуюцца да абвастрэння сітуацыі на беларускім кірунку. Я не ўпэўнены, што яны нападуць менавіта на Украіну, але яны нападуць. Магчыма, на Украіну, магчыма, на Польшчу, магчыма, на краіны Балтыі».
Беларусь i Расея актыўна развіваюць супольныя вайсковыя праграмы. З 2009 года рэгулярна праводзяцца маштабныя вучэннi серыi «Захад», скiраваныя на адпрацоўванне абарончых аперацыяў. У 2021-м мiнiстры абароны дзвюх краiнаў падпiсалi праграму стратэгічнага партнёрства на пяць гадоў, якая прадугледжвае стварэнне цэнтраў супольнага рыхтавання вайскоўцаў.
У пачатку 2022 года Расея выкарыстала Беларусь у якасці плацдарму для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Дарэчы, тады гэта адбылося пасля тыднёвых «вайсковых вучэнняў», якія Менск дазволіў расейскім узброеным сілам правесці на сваёй тэрыторыі і якія сталіся прыкрыццём для запланаванага нападу.
Надзея Вольная belsat.eu