Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш пракаментаваў прапанову беларускага боку зарганізаваць узаемныя інспекцыі на тэрыторыі дзвюх краінаў на глыбіню 80 кіламетраў.
Владыслаў Касіняк-Камыш падкрэсліў, што «канстытуцыйным абавязкам польскай дзяржавы ёсць абарона сваіх межаў». Адзіныя інстытуты, якім варта давяраць бяспеку ўсходняй мяжы Польшчы, – гэта Памежная ахова, паліцыя і Войска Польскае, якія кожны дзень ахоўваюць мяжу, перадае PAP.
,,«Менавіта польскі бок ахоўвае мяжу, і няма падставаў давяраць нікому, акрамя польскіх службаў – паліцыі, арміі і Памежнай аховы», – сказаў кіраўнік Міністэрства абароны.
,,«У нашых дзеяннях мы не маем намеру ні з кім пачынаць вайну. Але нашае заданне – найважнейшае – стрымліваць і абараняць. (...) Каб ніколі нікому не было выгадна нападаць на Польшчу і краіны NATO. Гэта наша стратэгія», – падкрэсліў віцэ-прэмʼер.
Начальнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Беларусі Валерый Равенка расказаў 20 лютага, што Беларусь паведаміла Польшчы па лініі АБСЕ пра гатовасць да ўзаемных інспекцыяў на тэрыторыі дзвюх краінаў на глыбіню 80 кіламетраў.
У Польшчы, адзначыў Равенка, летась адкрылася другая база паветранай абароны, працягваецца фармаванне трох дывізіяў – паводле яго, якраз за 80 кіламетраў ад межаў Беларусі. Ён згадаў таксама аперацыю «Бяспечнае Падляшша», што ладзіцца для аховы мяжы. А таксама заўважыў, што нямецкія і канадскія кантынгенты прыходзяць у Латвію і Літву.
Беларусь, паводле Равенкі, хоча ўпэўніцца, «што на тэрыторыі Рэспублікі Польшча не назапашваецца патэнцыял, сілы і сродкі для правядзення агрэсіўных дзеянняў адносна „саюзнай дзяржавы“». Паводле яго, «сітуацыя, што склалася, прымушае нас разглядаць працэсы каля заходніх межаў як рыхтаванне да нападу на „саюзную дзяржаву“ з мэтай яе разбурэння і як жаданне рэалізаваць рэваншысцкія настроі ў дачыненні Беларусі і Расеі».
Польшчы ж ён прапанаваў упэўніцца, што «мы не назапашваем сілаў і сродкаў для агрэсіўных дзеянняў» і «мы міралюбныя, гатовыя да дыялогу і супрацы». Таксама прапанаваў «абмеркаваць на двухбаковай і шматбаковай аснове любыя ініцыятывы, якія дазволяць наблізіць аднаўленне даверу ў рэгіёне». Згадаў, што на верасень запланаваныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025».
Якуб Хруст belsat.eu