Спецыялісты паведамляюць: нягледзячы на тое што барацьба з пажарам на Чарнобыльскай АЭС працягваецца, пагаршэння радыяцыйнай сітуацыі не зафіксавана, выхад радыеактыўных прадуктаў «за вызначаныя межы» не выяўлены.
Тушэнне пажару на Чарнобыльскай АЭС пасля атакі расейскага дрона доўжыцца некалькі дзён.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага агенцтва Украіны ў справе кіравання зонай адчужэння, плошча скразнога разбурэння склала 15 кв. м, пашкоджанне абшыўкі без поўнага разбурэння – да 200 кв. м. Пашкоджаны ўнутраны напаўняльнік абшыўкі, дэфармаваныя вузлы злучэння канструкцыяў верхняй часткі аб’екту.
Паводле інфармацыі на 15 лютага, працаўнікі Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў тушылі напаўняльнік вонкавай абалонкі аркі. Уначы выкарыстоўваліся дзве адзінкі тэхнікі, раніцай прыбылі яшчэ дзевяць. Колькасць пажарнікаў павялічылі з пяці да 49 чалавек. Работы вяліся на вышыні 87 метраў. Альпіністы займаліся частковым раскрыццём канструкцыяў аркі.
Пагаршэння радыяцыйнай сітуацыі не зафіксавана, выхад радыеактыўных прадуктаў «за вызначаныя межы» не выяўлены, паведамляе агенцтва.
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, якая вырасла на тэрыторыі, заражанай радыенуклідамі, заявіла, што «ўзрушаная атакай расейскага беспілотніка» на Чарнобыльскую АЭС.
«Для беларусаў Чарнобыль – гэта не проста гісторыя, гэта глыбокая рана. Пасля катастрофы 1986 года мы атрымалі больш за палову радыеактыўных ападкаў. Мы не можам дазволіць Расеі знішчыць наш народ, нашую прыроду і нашую будучыню», – напісала лідарка дэмсілаў Беларусі ў X.
Як паведаміла БелТА, у ноч з 13 на 14 лютага «каманда МАгАтЭ на Чарнобыльскай АЭС пачула выбух, які зыходзіць ад новага бяспечнага канфайнмэнту [ізаляцыйнай арачнай пабудовы над блокам станцыі. – Заўв. «Белсату»], які абараняе пашкоджаны чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС, што прывяло да пажару».
Паводле Уладзіміра Зяленскага, сховішча на ЧАЭС было пашкоджанае расейскім дронам, але пажар быў ліквідаваны. Першыя ацэнкі сведчылі пра значныя пашкоджанні сховішча.
У Крамлі сказалі, што не атакавалі Чарнобыльскай АЭС:
«ЗС РФ гэтага не робяць», – заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Нагадаем, 24 лютага 2022 года, у першы дзень поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, расейскія войскі, якія зайшлі з тэрыторыі Беларусі, захапілі ЧАЭС і заставаліся там да 31 сакавіка, пасля чаго адступілі ў РФ разам з палоннымі байцамі Нацыянальнай гвардыі, якія ахоўвалі станцыю. У выніку дзеянняў расейскай арміі быў сур’ёзна парушаны працоўны працэс, у тым ліку энергазабеспячэнне.
Таксама нагадаем, што раніцай 10 лютага сталася вядома, што адзін з беспілотнікаў, якія заляцелі на тэрыторыю Беларусі, упаў каля будынку райвыканкаму ў Хойніках і ледзь не зачапіў пяціпавярховага жылога дому. Увесь дом эвакуявалі, а людзей часова размясцілі ў гатэлі. Крамы побач былі закрытыя ўвесь дзень. У горадзе назіралася ўзмоцненая прысутнасць сілавікоў, у тым ліку АМАПу. Але ў дзяржаўных СМІ адсутнічала ўсялякая інфармацыя пра гэты інцыдэнт. Журналісты выдання «Зеркало» патэлефанавалі ў рэдакцыю мясцовай газеты з пытаннем, чаму яны не пішуць пра інцыдэнт, на што атрымалі адказ, што такія рэчы можна пісаць толькі з дазволу ўладаў.
Надзея Вольная belsat.eu