Прапагандысты паказалі кадры затрыманага былога байца палка Каліноўскага Максіма Ралька, сцвярджаючы, што хлопец нібыта добраахвотна вярнуўся на радзіму і ў выніку апынуўся ў СІЗА.
Максім Ралько служыў у беларускім добраахвотніцкім палку імя Кастуся Каліноўскага з 2022-га да 2024 год, але беспасярэдне на фронце не быў – ахоўваў склады і базу ў тыле. У пачатку 2024-га пакінуў падраздзяленне і вярнуўся ў Польшчу, дзе атрымаў статус дадатковай абароны. Пазней, пасля канфлікту з сябрамі, Ралько пераехаў у Нямеччыну і паспрабаваў атрымаць статус уцекача, але ў выніку ўцёк з лагеру, пакінуўшы ўсе дакументы.
Прапаганда сцвярджае, што пасля гэтага Ралько надумаў вярнуцца ў Беларусь, дзе яго затрымалі. Дакладнай даты ў матэрыяле прапагандыстаў не агучваюць.
Раней, 20 лістапада 2024 года, прапагандысты ўжо паказвалі Ралька ў сваіх сюжэтах, але тады абставіны ягонага вяртання ў Беларусь не паведамляліся.
Надзея Вольная / belsat.eu