Дрон упаў у ваколіцах райвыканкаму ўначы – пра гэта журналісты даведаліся ад мясцовых жыхароў, але праўладныя СМІ нічога не паведамляюць пра здарэнне.
Жыхары Хойнікаў, што ў Гомельскай вобласці, паведамілі выданню «Флагшток» пра падзенне расейскага ўдарнага беспілотніка ў цэнтры гораду 9 лютага.
Паводле відавочцаў, дрон упаў каля будынку райвыканкаму каля 3:30 ночы і ледзь не зачапіў пяціпавярховага жылога дому № 3 на завулку Катоўскага.
Увесь дом эвакуявалі, а людзей часова размясцілі ў гатэлі. Крамы побач зачынілі на ўвесь дзень. Пасля абеду беспілотнік вывезлі і падарвалі. У горадзе назіралася ўзмоцненая прысутнасць сілавікоў, у тым ліку АМАПу.
Яшчэ адзін сведка пацвердзіў, што раніцай месца падзення было ачэпленае. Там працавалі сапёры, супрацоўнікі МНС і міліцыя.
Пры гэтым сігнал паветранай трывогі падчас падзення дрона не ўключаўся. Сам беспілотнік не здэтанаваў.
Мадэль беспілотніка дакладна невядомая, мяркуецца, што гэта мог быць «Shahed-136» («Герань-2») – дрон, які Расея масава выкарыстоўвае для нападаў на Украіну.
Таксама ёсць імавернасць, што гэта быў расейскі дрон-імітацыя «Гербера», які не мае выбухоўкі і выкарыстоўваецца для перагрузкі супрацьпаветранай абароны ўкраінскай арміі.
Побач з месцам падзення месіцца музычная школа. Журналісты выдання патэлефанавалі туды ад імя бацькоў і спыталі, ці бяспечна адпраўляць дзяцей на заняткі. У школе адказалі, што ўсё ўжо прыбралі і небяспекі няма.
Афіцыйныя ўлады і спецслужбы не паведамілі пра інцыдэнт публічна, і ніякіх афіцыйных заяваў пра гэтую сітуацыю не было.
Абноўлена. Пры гэтым выданне звяртае ўвагу, што заўважыла некалькі фэйкавых чат-ботаў для сувязі з «Флагштокам». Журналісты папярэджваюць, што не карыстаюцца такімі ботамі, і яны, верагодна, былі створаныя сілавікамі для дэананімізацыі людзей, гатовых дзяліцца інфармацыяй з выданнем. Журналісты заклікаюць чытачоў не карыстацца гэтымі ботамі і нагадваюць, што адзіным каналам сувязі з рэдакцыяй з'яўляецца тэлеграм-канал @fuckshtok.
Нагадаем, што ў ноч на 9 лютага Расея масава атакавала Украіну беспілотнікамі. Паводле звестак Паветраных сілаў Украіны, быў запушчаны 151 дрон «Shahed», з якіх 70 БПЛА былі збітыя, а 74 беспілотнікі-прынады зніклі з радараў.
Некаторыя з гэтых дронаў заляцелі на тэрыторыю Беларусі – агулам было зафіксавана найменей 12 беспілотнікаў, якія заляцелі ў Беларусь падчас расейскай атакі на тэрыторыю Украіны.
Нагадаем, што жыхары Хойнікаў 14 кастрычніка 2024 года склалі на сайце petitions.by петыцыю «Аб абароне навучальных установаў Хойніцкага раёну ад БПЛА».
Аўтары петыцыі папрасілі ўлады «надаць увагу бяспецы жыхароў Хойніцкага раёну ў звязку з частымі пралётамі БПЛА над тэрыторыяй Гомельскай вобласці». У першую чаргу складальнікі петыцыі прасілі абараніць дзяцей, якія наведваюць садкі і школы. Але ў адказ на зварот жыхары атрымалі фактычную адпіску аб перанакіраванні заявы ў іншую інстанцыю.
Раман Шавель belsat.eu