Цяпер ужо былы кіраўнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, звольнены пасля карупцыйнага скандалу ў 2024 годзе, цяпер працуе ў кампаніі, якую ж сам жа раней і лабіяваў. Пра гэта заяўляе Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.
Уладзімір Марозаў узначальваў Беларускую чыгунку 12 гадоў. З 2023 года ён пад санкцыямі Еўразвязу за спрыянне расейскай агрэсіі супраць Украіны. У канцы траўня – пачатку чэрвеня 2024 года ён пачаў знікаць то на бюлетэні, то без тлумачэнняў якраз тады, калі за карупцыю быў затрыманы ягоны першы намеснік Пётр Дулуб. Аднак, нягледзячы на чуткі пра магчымую датычнасць да махінацыяў і Марозава, той застаўся на волі. Але ў жніўні 2024 года быў усё ж звольнены, адзначаюць у Супольнасці беларускіх чыгуначнікаў.
Цяпер жа выявілася, што Марозаў працуе ў Менску прадстаўніком акцыянернага таварыства «Аб'яднаная транспартна-лагістычная кампанія – Еўразійскі чыгуначны альянс» («UTLC ERA»), што ажыццяўляе транспартаванне грузаў паміж Кітаем і Еўразвязам і ёсць манапалістам у гэтых кірунках.
,,«І гэткае «ўваскрашэнне з нябыту» Марозава ўсё расстаўляе на свае месцы, цалкам і поўнасцю пацвярджаючы абсалютную дакладнасць пададзеных намі раней звестак пра фактычна непрыкрытае лабіяванне інтарэсаў «UTLC ERA» гэтым «дзеячам». З ягонай падачы гэтай кампаніі даваліся беспрэцэдэнтныя зніжкі з чыгуначных тарыфаў па БЧ, а таксама іншыя ўмовы, якія дазвалялі нажывацца ў шкоду эканоміцы Беларусі», – адзначаюць чыгуначнікі.
Як заяўляецца, рабілася гэта «мэтанакіравана і цягам многіх гадоў». Раней супольнасць паведамляла, што зніжкі з чыгуначных тарыфаў на БЧ «даходзілі да таго, што гружаныя кантэйнеры рухаліся праз Беларусь танней за парожнія».
Чыгуначнікі таксама адзначаюць, што віцэ-прэзідэнтам «UTLC ERA» цяпер ёсць Ігар Згурскі, які раней быў начальнікам службы грузавой працы і вонкаваэканамічнай дзейнасці БЧ.
Чарада рэйдаў на БЧ пачалася 20 траўня 2024 года – з намесніка начальніка БЧ Пятра Дулуба, якога затрымалі на атрыманні хабару. 14 чэрвеня яго звольнілі. Сілавікі заявілі, што ён браў грошы ў камерцыйных структураў за лабіяванне іх інтарэсаў у грузаперавозках, у абыход тэндараў і конкурсаў. У расследаванні гаворыцца, што за Дулубам сачылі два гады, а ў схованках кватэры і загараднага дому ягонай цешчы супрацоўнікі ГУБАЗіК знайшлі і канфіскавалі больш як 3 мільёны долараў.
11 і 12 кастрычніка ГУБАЗіК затрымаў яшчэ некалькіх працаўнікоў Упраўлення Беларускай чыгункі і Цэнтру кіравання перавозкамі. Меркаваная прычына затрыманняў – таксама атрыманне хабару. Затрыманых таксама звязваюць з Дулубам.
Якуб Хруст belsat.eu