навіны

Беларусь уваходзіць у першую дзясятку самых лясных дзяржаваў Еўропы і працягвае прадаваць лес у абыход санкцыяў

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Міністр прыродных рэсурсаў Сяргей Масляк распавёў, якія гарады ў Беларусі самыя зялёныя і чаму Менск да іх не належыць.

Паводле звестак, якія прыводзіць Сяргей Масляк, лясы займаюць 40,2 % плошчы Беларусі і нашая краіна ўваходзіць у першую дзясятку самых лясных дзяржаваў Еўропы. Прычым 9,2 % плошчы Беларусі складаюць ахоўныя прыродныя тэрыторыі: запаведнікі, нацыянальныя паркі і іншыя.


Сярод абласных цэнтраў самы зялёны горад – Віцебск. Самы зялёны раённы цэнтр – Дрыбін. Калі гаварыць пра вобласць агулам, то самай багатай на дрэвы і расліннасць ёсць Гомельшчына.


Што тычыцца сталіцы, то, як кажа Сяргей Масляк, азеляніць двухмільённы Менск нашмат цяжэй, чым горад, дзе жывуць 20 тысячаў чалавек.


Нагадаем, 29 снежня 2024 года кіраўнік Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік заявіў пра рэкордны аб’ём экспарту піламатэрыялаў – 1 млн кубаметраў. У якія краіны ажыццяўляўся продаж, міністр не ўдакладніў.


Пры гэтым абмежаванні на экспарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўвання – піламатэрыялы, брыкеты, паліўныя гранулы, фанеру – былі ўведзеныя Еўразвязам у санкцыйным пакеце супраць Менску 2 сакавіка 2022 года.


У сакавіку 2022 года Міжнародная рада дырэктараў Лясной апякунчай рады (FSC) прыпыніла сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўвання і лясной гаспадаркі Беларусі ды Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.


У той жа час, паводле расследавання «Earthsight», сем з дзесяці найбуйнейшых расейскіх экспарцёраў бярозавай фанеры, а таксама беларускія экспарцёры ўсё яшчэ прадаюць яе ў Еўразвяз, дзе яна выкарыстоўваецца для вытворчасці мэблі, паркету, спартовага інвентару і цацак. Матэрыял імпартуюць Польшча, Эстонія, Нямеччына, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень у Еўразвяз увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам, гаворыцца ў расследаванні.


Расследавальнікі называюць двух найбуйнейшых пакупнікоў: дастаўцы польскай сеткі мэблевых крамаў «Black Red White» і вытворца сценак для скалалажання «Walltopia».


Апрача таго, беларускую і расейскую фанеру набывае латышская кампанія «Revival SIA»: яна кіруе значнай часткай трафіку фанеры ад беларускіх вытворцаў («Пінскдрэў», «Гомельдрэў», «Рэчыцадрэў») у ЕЗ праз польскую мяжу. На польскім складзе прадукцыя перагружаецца з кітайскімі дакументамі для далейшага продажу ў Еўропе: Вугоршчыне, Чэхіі, Партугаліі ды Італіі.


Санкцыі абыходзяцца праз тое, што фанера з Расеі і Беларусі афармляецца як вырабленая ў Кітаі, Казахстане, Грузіі, Турцыі. У расследаванні згадваецца польская фірма «Alvi-Bel», што гандлюе ў Еўропе фанерай, нібыта вырабленай у Казахстане, а насамрэч – у Беларусі ці Расеі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10