Касцюшкаўскі форум праходзіць у Гданьску 3 – 4 лютага. Там прадстаўнікі дэмсілаў і краін ЕЗ абмяркоўваюць будучыню Беларусі і падтрымку грамадзянскай супольнасці. Карэспандэнт «Белсату» расказаў пра падрабязнасці раскладу форума і асаблівасці месца і часу правядзення.
Форум арганізаваны Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Еўрапейскім цэнтрам «Салідарнасці». У гэтым цэнтры і адбываюцца сустрэчы.
,,«Гэта важная міжнародная падзея, прысвечаная дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі і рэгіёне, з удзелам міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, лідараў Еўрасаюза і Рады Еўропы», – піша прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Паводле Кабінету, форум стане платформай для дыскусіі аб будучыні Беларусі, падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і ўзмацненні еўрапейскай інтэграцыі.
Ад дэмсілаў на форуме прысутнічае кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская, іншыя прадстаўнікі Кабінету і дэмсілаў, а таксама даследчыкі і актывісты.
У праграме – панэль з удзелам Радаслава Сікорскага, Святланы Ціханоўскай і еўрапейскіх палітыкаў, круглыя сталы па тэмах культуры, гісторыі, адукацыі і актывізму, шматлікія сустрэчы беларускіх дэмакратычных лідараў з міжнароднымі партнёрамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Карэспандэнт «Белсату» Сяргей Пеляса расказаў, што першы дзень форуму пачынаецца са спектаклю беларускіх творцаў «10 гадзінаў у наўпроставай лініі дадому» ў Шэкспіраўскім тэатры ў Гданьску.
«Месца і дата форуму не выпадковыя. Менавіта заўтра [4 лютага] дзень народзінаў Тадэвуша Касцюшкі, героя шматлікіх народаў – беларускага, літоўскага, польскага і, канешне, амерыканскага. Менавіта ў гэты дзень і адбудуцца галоўныя падзеі Касцюшкаўскага форуму – дыскусіі на розныя тэмы. А дзень пачнецца з таго, што ўдзельнікі форума ўскладуць кветкі перад помнікам загінулых працаўнікоў суднаверфі ў Гданьску, якія выказалі свой пратэст супраць камуністычнага рэжыму і ў 1970 годзе іх расстралялі камуністычныя ўлады ПНР», – расказаў Сяргей Пеляса.
Таму месца правядзення канферэнцыі таксама не выпадковае.
«Гданьск асацыіруецца з рухам “Салідарнасці”, са страйкамі працаўнікоў. Скончыцца форум падзеяй, звязанай з Тадэвушам Касцюшкам – адбудзецца паказ вядомага мастацкага фільму “Кос” пра Тадэвуша Касцюшку. Фільм пакажуць з беларускімі субцітрамі», – падвёў рысу карэспандэнт «Белсату».
Арсен Рудэнка belsat.eu