Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп ізноў выступіў з рэзкаю крытыкай на адрас краінаў BRICS, прыгразіўшы ўвядзеннем стоадсоткавых мытаў на іх тавары ў выпадку спробаў стварэння новай валюты або адмовы ад долара ЗША ў міжнародным гандлі. А чым гэта пагражае Беларусі, якая імкнецца стаць часткаю BRICS?
Амерыка не дапусціць аслаблення пазіцыяў долара і запатрабуе ад краінаў BRICS гарантыяў не ствараць альтэрнатыўнай валюты. З такім пасланнем прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выступіў у сацыяльнай сетцы «Truth Social»:
«Хай шукаюць іншай краіны-дурня. У BRICS няма шанцаў замяніць долар ЗША ў міжнародным гандлі або дзе-небудзь яшчэ, і кожная краіна, якая паспрабуе, мусіць быць гатовая да тарыфаў і развітання з Амерыкай!»
Фармат BRICS першапачаткова аб'ядноўваў Бразілію, Расею, Індыю, Кітай і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. З цягам часу да аб'яднання далучыліся Егіпет, Іран, ААЭ, Эфіопія, а нядаўна – Інданезія. Ідэя стварэння агульнай валюты BRICS абмяркоўваецца ўжо не першы год, але застаецца далёкай ад рэалізацыі.
Рэжым Лукашэнкі актыўна імкнецца далучыць да BRICS Беларусь. Днямі міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расейскаму выданню «Известия» ізноў пацвердзіў гэтае жаданне. Аднак калі Злучаныя Штаты ўвядуць абмежаванні супраць BRICS, тыя могуць негатыўна адбіцца і на Беларусі.
«Гэта як секундарныя санкцыі, як механізм для забароны пэўных банкаў ці арганізацыяў неяк удзельнічаць у гандлі з Беларуссю», – тлумачыць «Белсату» амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Антон Пянькоўскі.
У сваю чаргу, удзел Беларусі ў BRICS можа яшчэ больш павялічыць залежнасць краіны ад Расеі і Кітаю, адзначае прадстаўнік даследніцкага цэнтру «MD Academicum» Яраслаў Кот:
«Усё, што адбываецца з BRICS, яно ўплывае на эканоміку Беларусі – і гэта будзе адчувальна. Таму што цяпер Беларусь толькі з BRICS. Гэта большая цывілізаванасць, чым яны могуць працаваць».
З аднаго боку, Лукашэнка дэманструе імкненне ўмацоўваць сувязі з BRICS, з іншага, пачуўшы пагрозы Трампа, можа паспрабаваць захоўваць баланс, зазначае суразмоўца «Белсату».

Пакуль заяву Трампа можна разглядаць як папярэджанне. Да рэальных санкцыяў і эканамічных абмежаванняў супраць краінаў BRICS, а таксама Беларусі, пакуль не дайшло.
«Доналд Трамп і яго адміністрацыя – яны перш за ўсе спрабуюць дамаўляцца. Яны пасылаюць пэўны мэсідж і чакаюць пэўнага адказу. Таму мы не можам выкрэсліваць магчымасць нейкіх перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі», – адзначыў Пянькоўскі.
Пакуль жа Доналд Трамп узняў пытанне BRICS на новы ўзровень палітычнага супрацьстаяння. А Беларусь, якая спрабуе ўбудавацца ў гэты фармат, можа апынуцца на перадавой лініі эканамічнага канфлікту паміж Вашынгтонам, Масквою і Пекінам.
Руслан Ігнатовіч, «Белсат»