Беларусь цяпер афіцыйна сталася партнёрам BRICS, пра што паведаміла Міністэрства замежных справаў РБ.
Згодна з паведамленнем МЗС, 5 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў ліст на адрас кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна пра гатовасць краіны падключыцца да BRICS у якасці партнёра.
Падпісаны дакумент падчас асабістай сустрэчы перадаў расейскаму паслу Барысу Грызлову міністр замежных справаў РБ Максім Рыжанкоў.
Як адзначаецца на сайце МЗС Беларусі, афіцыйны адказ на пісьмовае запрашэнне ёсць абавязковым элементам узгодненай дзяржавамі-чальцамі працэдуры атрымання партнёрскага статусу. Менавіта з гэтага моманту краіна афіцыйна лічыцца партнёрам BRICS.
BRICS – міжнародная арганізацыя, створаная для супрацы паміж вялікімі краінамі, у якую спачатку ўваходзілі Бразілія, Расея, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (ПАР). Назва BRICS паходзіць ад першых літараў англійскіх назваў гэтых дзяржаваў. Арганізацыя была заснаваная ў 2006 годзе дзеля эканамічнай супрацы, стварэння справядлівай фінансавай сістэмы і ўмацавання глабальнай бяспекі.
1 студзеня 2024 года склад BRICS афіцыйна пашырыўся: новымі ўдзельнікамі зрабіліся Іран, Егіпет, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Эфіопія. Такім чынам, цяпер BRICS аб'ядноўвае дзевяць дзяржаваў, якія ў сукупнасці складаюць каля траціны сусветнай эканомікі і ўключаюць прыкладна 45 % насельніцтва планеты. Яшчэ 23 краіны маюць статус партнёраў або кандыдатаў на далучэнне да блоку, у тым ліку і Беларусь.
Раман Шавель belsat.eu