навіны

Старшыня Ваўкавыскага райвыканкаму зрабіў выснову, што людзі не чытаюць прапаганды

Нарада ў Ваўкавыскім райвыканкаме.
Нарада ў Ваўкавыскім райвыканкаме. Фота: volkovysknews.by
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік Ваўкавыскага райвыканкаму зрабіў выснову, што беларусы не чытаюць ні інтэрнэту, ні дзяржаўных СМІ, і што з гэтым трэба штосьці рабіць. Але што менавіта – ніхто не ведае.

Як распавядае «Еўрарадыё», нядаўна на пашыраным паседжанні Ваўкавыскага райвыканкаму пад кіраўніцтвам яго старшыні, члена Савету Рэспублікі Дзмітрыя Захарчука разглядаліся «планавыя пытанні». У прыватнасці, гаварылі пра звароты грамадзянаў. Захарчук, аналізуючы працу з імі, прыйшоў да сумнай для цяперашняй улады высновы:


«Людзі павінны ведаць пра планах у добраўпарадкаванні, навядзенні парадку, пра тое, што ў прынцыпе робіцца ў горадзе і раёне. А так выходзіць, што інфармацыя ў СМІ і сацыяльных сетках публікуецца, а пытанні на гэтыя тэмы на прыёмах і на сустрэчах з працоўнымі калектывамі людзі задаюць. Значыць, не чытаюць ні газеты, ні інтэрнэту?».


У выніку, нібыта пастанавілі зрабіць сур'ёзныя высновы. Але як чыноўнікі збіраюцца заахвоціць людзей чытаць прапаганду, пакуль невядома.


Нагадаем, за апошнія чатыры гады колькасць медыяў у Беларусі скарацілася больш чым на траціну. Але ў чыноўнікаў іншы погляд на гэтую сітуацыю.


«На 1 лістапада 2024 года было прадстаўлена 1146 СМІ, і гэта «вельмі прыстойны медыяландшафт», – заявіла генеральная дырэктарка Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч на «Знакавай сустрэчы» з журналістамі ў Віцебску.


Чыноўніца падзялілася звесткамі Міністэрства інфармацыі:


«У нас у краіне 88 зарэгістраваных тэлепраграмаў, і толькі 40 – дзяржаўныя. Яшчэ ёсць 76 радыёпраграмаў, 909 друкаваных выданняў, уключаючы 397 дзяржаўных. Акрамя таго, ёсць сем інфармацыйных агенцтваў, з іх толькі два дзяржаўныя».


На 1 траўня 2020 года ў Беларусі было зарэгістравана 1922 СМІ. На 1 снежня 2024 года іх засталося 1143. Усяго за чатыры з паловай года «зніклі» 779 медыяў. Толькі за апошнія месяцы ў Беларусі сталася на тры СМІ менш (калі параўноўваць апошнія звесткі Міністэрства інфармацыі за снежань са статыстыкаю за лістапад).


Статыстыка Міністэрства інфармацыі таксама паказвае, што скарачэнне медыяў у Беларусі ў асноўным адбываецца за кошт змяншэння колькасці недзяржаўных выданняў. Напрыклад, у траўні 2020 года ў Беларусі было 435 дзяржаўных і 1190 недзяржаўных друкаваных СМІ. У снежні 2024-га засталося 397 дзяржаўных і 511 недзяржаўных друкаваных СМІ.


Пасля 2020 года большасць беларускіх незалежных медыяў прызнаная «экстрэмісцкімі» матэрыяламі ці фармаваннямі і працуе ў эміграцыі. Недзяржаўныя СМІ, што засталіся ў краіне, вымушаныя трымацца дзяржаўнай ці нейтральнай тэматыкі, каб не трапіць пад рэпрэсіі.


Таксама нагадаем, што Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце паводле колькасці журналістаў, якія застаюцца ў зняволенні. Пра гэта ў сваёй штогадовай справаздачы паведаміла праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF).


Паводле RSF, найбольшая колькасць арыштаваных журналістаў зафіксаваная ў Кітаі (124), Бірме (61), Ізраілі (41), Беларусі (40), Расеі і В’етнаме (па 38).


Агулам, як інфармуюць праваабаронцы, у турмах па ўсім свеце ўтрымліваюцца 550 журналістаў, і гэта на 7 % больш, чым летась.


Вядома, што ў 2024 годзе да пазбаўлення волі былі асуджаныя 72 журналісты, а іхны сумарны прызначаны тэрмін зняволення перавысіў 250 гадоў.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10