На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках блогерка Вікторыя Гусарава паведаміла, што цяпер удома. Вызвалілі пасля суда.
Вікторыя – беларуская блогерка, больш вядомая як gusarev_ka. Пра ейнае затрыманне стала вядома ў пачатку 2025 года. Але затрымалі яе яшчэ ў 2024-м. Да суда жанчыну ўтрымлівалі ў СІЗА.
Як піша «Гомельская вясна», судовы працэс у дачыненні Вікторыі Гусаравай адбыўся 17 студзеня ў Гомельскім абласным судзе. Ёй інкрымінавалі ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»). Справу разглядала суддзя Алеся Восіпава. Які дакладна прысуд вынеслі, пакуль невядома. Але цяпер блогерка на волі.
Нагадаем, Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце паводле колькасці журналістаў за кратамі. Пра гэта ў сваёй штогадовай справаздачы паведаміла праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF).
Паводле RSF, найбольшая колькасць арыштаваных журналістаў зафіксаваная ў Кітаі (124), Бірме (61), Ізраілі (41), Беларусі (40), Расеі і В’етнаме (па 38).
Агулам, як інфармуюць праваабаронцы, у турмах па ўсім свеце ўтрымліваюцца 550 журналістаў, і гэта на 7 % больш як летась. Вядома, што ў 2024 годзе да пазбаўлення волі былі асуджаныя 72 журналісты, а іхны сумарны прызначаны тэрмін зняволення перавысіў 250 гадоў.
Надзея Вольная belsat.eu