Праз амаль 5 гадоў пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў, што пачаліся ўслед за імі, беларусаў працягваюць пераследаваць і судзіць за выказванне сваёй палітычнай волі. 23 студзеня стала вядома пра некалькі судоў за ўдзел у пратэстах і «экстрэмізм», папаўненне спісу «тэрарыстаў». Падрабязней – у нашым аглядзе.
23 студзеня ў судзе Савецкага раёну Менску за ўдзел у пратэстах пачалі судзіць выкладчыцу Універсітэту фізкультуры 51-гадовую Эліну Лапухіну (Хацько). Жанчына зрабіла баскетбольную кар’еру, была чэмпіёнкай Беларусі ў 2002 годзе, гуляла за клубы БДПУ, «Акадэмія», «Бярэзіна».
Пасля сканчэння кар’еры ў 2007 годзе Лапухіна пачала выкладаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Эліне інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Суддзя – Сяргей Шаціла.
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі трох чалавек: Ігара Майсеенку, Алену Бобр (асуджаныя паводле арт. 361-4 КК – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), грамадзяніна Эстоніі Алана Роя (заключаны пад варту паводле арт. 361-1 КК – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у яго дзейнасці»).
У «спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» КДБ дадаў яшчэ 17 беларусаў. Сярод іх: Уладзімір Раманенка, Максім Сандракула, Вітольд Шалкевіч, Наталля Антонава, Леанід Церабей, Дзмітрый Колабаў, Дзмітрый Голуб, Вікторыя Дамастой, Максім Чахоўскі, Віталь Пацехін, Сяргей Ціханаў, Таццяна Сцепа, Алег Пятроўскі, Максім Мыслівец, Арцём Ліцевіч, Андрэй Сітнікаў, Вольга Брыцікава.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1228 чалавек, з іх больш за 500 – беларусы.
Пракуратура Магілёўскай вобласці абмежавала доступ да сайту ініцыятывы «Честные люди». Паводле пракуратуры, блакіроўка звязаная з размяшчэннем на сайце матэрыялаў, у якіх змяшчаюцца «заведама ілжывыя звесткі аб палітычным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь і звесткі з прыкметамі экстрэмізму».
Таксама 23 студзеня «Честные люди» паведамілі, што ад іх імя быў створаны фэйкавы тэлеграм-канал, які заклікае прыняць удзел у альтэрнатыўным галасаванні.

Маці палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча Таццяну Францкевіч разам з ейнай сястрой Наталляй Лабацэвіч пачнуць судзіць 10 лютага ў Віцебскім абласным судзе. Жаyчын абвінавачваюць паводле арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Сясцёр затрымалі 19 ліпеня 2024 года ў Наваполацку.
Працэс будзе весці суддзя Галіна Бондал.
У Гарадку за «экстрэмізм» 22 студзеня (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ – «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») судзілі Жанну Зайцаву. Імаверна, жанчына – загадчыца аддзялення мясцовага ТЦСАН.
Справу разглядала суддзя Алена Віхаценка.
У Гомельскім абласным судзе 4 лютага за «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) будуць судзіць прадпрымальніка з Петрыкава Аляксандра Яворскага. У кастрычніку 2020 года мужчына далучыўся да агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага Святланай Ціханоўскай і нават запісаў з гэтай нагоды відэазварот.
Судовы працэс будзе ўзначальваць суддзя Яўген Ерафееў.
З нагоды Міжнароднага дню адваката ў небяспецы, які адзначаецца 24 студзеня, Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае, што з восені 2020 года ў Беларусі арыштавалі як мінімум 23 адвакаты. Пад крымінальны пераслед трапілі не менш, чым 11 абаронцаў, з якіх сямёра дагэтуль знаходзяцца за кратамі.
У дачыненні да арганізацыі былых сілавікоў BELPOL Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу па факце «наўмысных незаконных збору і распаўсюду інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных больш за дзесяці тысяч грамадзянаў, якія з'яўляюцца членамі выбарчых камісіяў і назіральнікамі пры правядзенні электаральнай кампаніі 2025 года».
Такія дзеянні BELPOL кваліфікаваня паводле ч. 1 арт. 203-1 Крымінальнага кодэксу.
Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целепуна пакаралі 15 соднямі арышту за «распаўсюд экстрэмізму». 23 студзеня Целяпун адзначыў за кратамі дзень народзінаў.

Завуча Ляхавіцкай гімназіі Таццяну Крапіневіч будуць судзіць 28 студзеня за «парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў» – ч. 1 арт. 24.23 КаАП РБ. Месяц таму пра Таццяну пісала даносчыца Вольга Бондарава, маўляў, настаўніца вучыць дзяцей, хоць яна нібыта прайшла «антыдзяржаўныя» і «дзярждэпаўскія» курсы EdCamp Belarus і «Настаўнік для Беларусі».
Таццяна Крапіневіч два гады таму стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Беларусі – 2023».
Палітзняволены грамадзянін Украіны Андрэй Шмай, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі №2, можа быць пераведзены на турэмны рэжым. 37-гадовага Шмая асудзілі 15 лютага 2024 года ў Віцебскім абласным судзе паводле арт. 358 КК («Шпіянаж») і арт. 358-1 («Агентурная дзейнасць»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, вырак невядомы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu