З пацяпленнем плынь нелегальных мігрантаў, якія ідуць з Беларусі ў Польшчу, імкліва павялічваецца. «Белсат» разбіраўся, як гэта адбываецца.
Раней мы пісалі пра тое, што нелегальныя мігранты не саромеюцца публікаваць відэа, на якіх яны ламаюць плот на беларуска-польскай мяжы. Гэтыя відэа і іншыя падрабязнасці маршруту ў ЕЗ праз Беларусь публікуюць у цэлай сетцы Telegram-каналаў і Tiktok-акаўнтаў. Мы зноў вывучылі некаторыя з іх.
«Яны змагаюцца ў шэрагах расейскай арміі супраць Украіны»
Адна з групаў раней публікавала толькі справаздачы з расейскімі візамі, што атрымлівалі мігранты за вялікія грошы. Для іх гэта адкрывала дарогу ў тым ліку ў Беларусь, бо мяжы з Расеяй няма.
Каля года таму там пачалі таксама публікаваць аб'явы расейскіх структураў пра спрошчанае атрыманне грамадзянства, калі далучыцца да расейскай арміі.

У паведамленні ад 31 сакавіка 2025 года аўтар кажа, што шмат хто пытаецца ў яго пра перавагі ўступлення ў расейскую армію. Ён адказвае, што гэта бізнес-віза, $ 14 тысячаў пасля падпісання кантракту, штомесячны заробак $ 2,5 тысячы, таксама чалавека падаюць на грамадзянства, якое ён павінен атрымаць цягам двух месяцаў.
«Нашая камісія – 5000 долараў, і мы атрымліваем яе толькі пасля атрымання першага плацяжу, не раней.
Дапускаюцца ўсе нацыянальнасці, акрамя: сірыйскай, афганскай, пакістанскай, самалійскай і індыйскай», – гаворыцца ў паведамленні.
У якасці доказу сумленнасці ўгодаў таксама прыкладаецца дакумент, што, паводле аўтара паведамлення, выдадзены як запрашэнне на ўезд аднаму з замежнікаў ад Мінабароны Расеі.

Тэлеграм-канал «Міграцыя арабаў паміж Беларуссю і Польшчаю» нічога не публікаваў з снежня 2024 года. Раней там размяшчаліся відэа з подпісамі накшталт «польскія лясы». Адно з апошніх паведамленняў датычыла мігрантаў, якія, як сцвярджаецца, трапляюць на фронт не праз уласнае жаданне.
«Адыходзячы ад цяперашняй сітуацыі ў Сірыі, ужо некалькі дзён мне прыходзяць паведамленні пра некаторых арабаў, якія жывуць у Расеі, працуюць на расейскую сістэму і падманваюць арабаў-сірыйцаў, еменцаў і іншых нацыянальнасцяў, якія жадаюць іміграваць з сваіх краінаў у Расею, а затым у Еўропу», – кажа аўтар паведамлення.
Паводле яго, мігрантам кажуць, што ёсць шлях у ЕЗ праз Украіну.
,,«Тое, што адбываецца цяпер, – гэта вербаванне арабскіх мігрантаў у Расеі і іх адпраўленне на перадавую ва Украіну.
Шмат хто з арабаў, асабліва еменцы, сталіся ахвярамі падману. Іх пераканалі, што яны будуць міграваць у Расею, але насамрэч іх падманулі, забралі іхныя грошы, і цяпер яны змагаюцца ў шэрагах расейскага войска супраць Украіны», – падкрэслівае аўтар.
Шпацыры ў Менску, а потым кальян ля мяжы
Мігранты таксама актыўныя ў TikTok. На адным з відэа група мужчынаў, падобна, на мяжы Беларусі з адной з суседак у ЕЗ – на відэа плот. У апісанні да відэа пазначана «Belarus». У руках некаторых замежнікаў інструменты, верагодна, для пашкоджання агароджы.
У каментарах да відэа людзі адзначаюць беларускую мытню і пытаюцца, ці законна гэта.
У гэтым жа акаўнце відэа ля мяжы пад песню з тэкстам «Слава Расеі».
На адным з відэа, падобна, паляць беларускі лес ля мяжы:
У подпісе да відэа таксама «Belarus».
Усе відэа апублікаваныя ў канцы красавіка.
З іншага акаўнту публікуюцца відэа, дзе мігранты ўвогуле кураць кальян у лесе:
Можна меркаваць, што гэта беларускі лес, бо гэтая група мігрантаў дакладна была ў Беларусі – гуляла ў парку Уга Чавэса на Каменнай Горцы ў Менску. На фота і відэа, што публікуюць замежнікі, можна заўважыць шэраг характэрных аб'ектаў у парку і вакол яго.

Таксама на відэа бачныя гэткія ж элементы на дарожках, як у парку Уга Чавэса, металічная канструкцыя і дзіцячая пляцоўка:
Публікацыі зробленыя ў канцы і сярэдзіне красавіка. Мяркуючы з іншых відэа, дзесьці непадалёк мужчыны здымалі кватэру.
Цікава, што побач з гэтым паркам месціцца Аддзел грамадзянства і міграцыі Фрунзенскага РУУС Менску.

Таксама ў Telegram ёсць група амаль на 600 чалавек, якая называецца «Беларусь». Апошнія фота і відэа з мяжы публікаваліся там летам 2023 года. Аднак рэклама нібыта пра турыстычныя маршруты для мігрантаў публікуецца дагэтуль. Напрыклад, расейская віза і «поўны пакет пасля прыбыцця» каштуе $ 5 – 5,5 тысячы ў залежнасці ад тэрміну візы.
Ёсць яшчэ адзін паблік «Навіны мігрантаў і міграцыі ў Еўропу». У групе мноства медыяфайлаў з беларуска-польскай мяжы. Там жа час ад часу публікуецца прагноз надвор'я ў Беларусі. Адно з паведамленняў у групе ад 9 сакавіка. Апісваецца даволі нядрэннае надворʼе. У каментарах пішуць, што «атмасфера пасуе для ўзлёту». На гэта адказваюць: «у межах дамоўленасцяў».
У іншым запісе ў гэтай групе ў пачатку сакавіка жадаюць шчаслівага Рамадану з «польскіх лясоў». Прыкладаецца фота:

Узімку ў групе публікаваліся навіны ад Дзяржпамежкамітэту і Следчага камітэту Беларусі, перакладзеныя на арабскую мову. У іх гаварылася пра пацярпелых ад польскіх памежнікаў мігрантаў.

Спыненне міграцыйнага крызісу застаецца адным з асноўных патрабаванняў Польшчы ў разблакаванні палітычнага дыялогу з краінаю. Аднак міграцыйны крызіс, што распачаўся ў 2021 годзе, дагэтуль не спыняецца. Акрамя таго, мігранты, якія спрабуюць трапіць у Польшчу з боку Беларусі, надалей паводзяць сябе агрэсіўна, атакуючы польскіх памежнікаў і вайскоўцаў. У 2024 годзе гэта прывяло да гібелі 21-гадовага польскага жаўнера Матэвуша Сітэка.
Назвы суполак у Telegram і цытаты паведамленняў у тэксце былі перакладзеныя аўтаматычна з дапамогай онлайн-перакладчыкаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu