У Менску фіксуюцца выпадкі, калі ашуканцы тэлефануюць людзям пад выглядам прадстаўнікоў энергазбыту або водаканалу. Аферысты спрабуюць завалодаць асабістымі звесткамі гараджанаў, спасылаючыся на спісы нібыта для замены лічыльнікаў. Пра гэта паведамляе менская міліцыя.
Падманваючы ахвяраў, ашуканцы пытаюцца ў іх персанальныя звесткі, напрыклад, пашпартныя, а таксама просяць усталяваць на мабільны тэлефон спецыяльныя аплікацыі.
Аднак працаўнікі камунальных прадпрыемстваў не тэлефануюць для замены лічыльнікаў, не просяць кодаў з SMS або спампоўваць мабільныя аплікацыі.
«Любыя тэлефонныя размовы, дзе спрабуюць даведацца вашыя асабістыя дадзеныя або код з SMS, сведчаць пра зламысніка на іншым канцы проваду», – адзначае міліцыя.
Таксама міліцыя нагадвае, што працягваюць адпрацоўваць схемы, калі людзям тэлефануюць нібыта з самой міліцыі, распавядаючы, што чалавек ужо меў зносіны з ашуканцамі і ўзяў на сябе крэдыт.
«Паралельна аферыст настойвае тэрмінова ўзяць «люстраны крэдыт» або «задэклараваць» ашчаджэнні, якія захоўваюцца ўдома», – адзначаецца ў паведамленні.
У такіх выпадках трэба скончыць размову. А, калі вы сталі ахвярай махлярства, то самастойна развязваць сітуацыю не варта – звярніцеся ў міліцыю.
Арсен Рудэнка belsat.eu