Каб утрымаць выпускнікоў пасля адпрацоўвання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, у 2025 годзе ў Беларусі плануюць унесці змяненні ў Кодэкс аб адукацыі, пішуць Кіберпартызаны. Гэта вынікае з дакументу за подпісам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава, у якім абмяркоўваецца сур’ёзная нястача кадраў у галіне сельскай гаспадаркі.
У дакуменце гаворыцца, што праблема сыходу з прафесіі датычыць выпускнікоў розных навучальных установаў сельскагаспадарчага профілю. У сувязі з гэтым падрыхтаваныя змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, якія плануецца разгледзець у 2025 годзе. Захады скіраваныя на замацаванне кадраў.
КДК апісвае ўмовы, у якіх часта жывуць выпускнікі, што працуюць па размеркаванні: жытло без вокнаў, святла і ацяплення, вылікі з заробкаў у ветерынараў за падзеж жывёлы ці брак запчастак у інжынераў. Пры гэтым заробак складае 700–800 рублёў на рукі.
,,«Выпускніку Дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі 2022 года, бухгалтару «Дружбы» далі для пражывання дом без вокнаў, асвятлення, ацяплення, з трубамі, якія працякалі. Пасля месяцу пражывання ў ім ён пераехаў да бацькоў у Ветку, адкуль быў вымушаны штодня ездзіць на працу і назад грамадскім транспартам 37 км», – адзначаецца ў дакуменце.
Колькасць працаўнікоў у арганізацыях сельскай гаспадаркі ў Беларусі на пачатак 2024 года складала 231,4 тысячы чалавек. На пачатак 2023-га – на 14,7 тысячы чалавек больш. Нягледзячы на штогадовы выпуск кадраў – 4,6 тысячы чалавек, захоўваецца значная колькасць вакансіяў – амаль 18 тысячаў.
«Мэтавая падрыхтоўка не развязала праблемы дэфіцыту кадраў. План мэтавага набору ў аграрныя ўстановы вышэйшай адукацыі з года ў год не выконваецца», – зазначае Камітэт дзяржкантролю.
У 2021–2023 гадах штогод аграрныя ВНУ недабіралі больш за 600 чалавек.
Стабільна нізкае выкананне мэтавага набору назіраецца ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны: у 2021 годзе – 30 %, у 2022 – 55,3 %, у 2023 – 29,2 %.
Ураду, сярод іншага, прапаноўваецца:
• зрабіць захады для ўвядзення сістэмы кантролю за стаўленнем наймальнікаў да маладых спецыялістаў і адказнасці за паказнікі цякучасці кадраў ды таго, як замацоўваюцца маладыя спецыялісты;
• ацаніць выкарыстанне на практыцы нормаў Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў частцы кампенсацыі ў бюджэт наймальнікамі сродкаў, выдаткаваных на рыхтаванне спецыяліста пры ягоным незаконным звальненні;
• разгледзець пытанне ўвядзення абавязку наймальніка кампенсаваць сродкі пры скасаванні працоўнай дамовы ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы;
• фармаваць месцы на прыём абітурыентаў у навучальныя ўстановы, сыходзячы з патрэбаў дзяржавы, а не попыту на прафесію сярод насельніцтва.
Акрамя нястачы кадраў, у сельскай гаспадарцы Беларусі ёсць яшчэ адна сур'ёзная праблема – пазыкі, як вынікае з дакументаў і тэлефонных размоваў, якімі надоечы з намі дзяліліся «BELPOL» і Кіберпартызаны.
Гэтак, запазычанасць сельскагаспадарчых арганізацыяў Гомельшчыны, прызнанай самай неспрыяльнай, цягам дзевяці месяцаў вырасла на 570 тысячаў рублёў і склала агулам больш за 4,5 мільёна рублёў. Сярод даўжнікоў – кожная шостая гаспадарка.
Марыя Міхалевіч belsat.eu