Сельская гаспадарка загразла ў даўгах, з кожным днём усё складанай знайсці кіраўнікоў для стратных прадпрыемстваў ды спонсараў, якія аплоцяць назапашаныя пазыкі. Такія высновы можна зрабіць з дакументаў і тэлефонных размоваў, якімі падзяліся з намі «BELPOL» і «Кіберпартызаны».
Першы дакумент – гэта справаздача гомельскіх падаткавікаў аблвыканкаму.
З яе вынікае, што бюджэт Гомельскай вобласці цягам дзевяці месяцаў сабраў амаль 2,5 млрд рублёў з 829 238 арганізацыяў; 280 млн – даўгі.
Запазычанасць сельгасарганізацыяў Гомельшчыны цягам дзевяці месяцаў вырасла на 570 тысяч рублёў і склала агулам больш за 4,5 млн рублёў. Сярод даўжнікоў кожная шостая гаспадарка. Самая стратная – «Андрэееўка» Буда-Кашалёўскага раёну з рэкордным доўгам 670 тысяч рублёў.
«Пасада дырэктара вакантная, на яе прызначаецца асоба, якая часова выконвае абавязкі ў перыяд ад некалькіх дзён да месяца. Галоўны бухгалтар таксама адсутнічае цягам доўгага перыяду. Сітуацыя негатыўна адбіваецца на фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства», – напісана ў справаздачы.
У «Андрэеўцы» разводзяць буйную рагатую жывёлу і свіней, вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя культуры. Прыбытак – да прыкладу, жнівеньскі – быў меншы, чым заробкавы фонд.
,,«Менеджары дасведчаныя і ўжо нават недасведчаныя папросту не хочуць ісці працаваць. [...] Ва ўмовах, калі дзяржава не толькі не дапамагае выбудоўваць канкурэнтаздольнае асяроддзе, але і наадварот – цябе пераследуе з усіх бакоў. Гэта не толькі немэтазгодна з асабістага пункту гледжання. Кіраўнікі і галоўныя бухгалтары, згодна з заканадаўствам, нясуць асабістую адказнасць», – тлумачыць кадравыя праблемы сельскіх гаспадарак фінансіст Віталь Алейнік.
Падаткавікі настойліва раяць Гомельскаму аблвыканкаму разам з Буда-Кашалёўскім райвыканкамам дапамагчы «Андрэеўцы» разлічыцца з бюджэтам.
«З аднаго сектару бяруць грошы і потым – напрыклад, праз механізм ільготнага крэдытавання – укідваюць у тыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Тое, што яны называюць "тлушчык зрэзалі", і потым гэты тлушчык перакінулі на гэтае неэфектыўнае прадпрыемства. Зразумела, гэта ўсё да пары да часу, пакуль гэта ўсё не выбухне. Потым яно пачынае выбухаць, і кожны год-два-тры выдумваюць новыя схемы», – тлумачыць Віталь Алейнік сутнасць такой дапамогі.
Самая няхітрая – схема спонсарскай дапамогі. Як яна выглядае, чутно з тэлефоннай размовы загадчыцы сектару аграпрамкомплексу Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ганны Мялешкі з дырэктарам Пінскага мясакамбінату Эдуардам Шыбуном. Гэты запіс мы атрымалі дзякуючы «Кіберпатызанам». Чыноўніца ўгаворвае дырэктара добраахвотна даваць спонсарскую дапамогу гаспадарцы «Ляскавічы»:
ГМ: Наконт «Ляскавічаў» давайце падумаем...
ЭШ: У мяне няма грошай сёння на спонсарскую дапамогу. Я чакаю, каб мне хто даў спонсарскую дапамогу. На камбінаце хапае куды ўкласці сёння грошы. У гаспадарцы хапае пытанняў, куды ўкласці.
ГМ: Я ведаю, што хапае.
ЭШ: Будуемся...
ГМ: Вядома ж. Але вы працуеце ў сістэме.
ЭШ: «Ляскавічы» мы ўжо цягнем. 350 тысяч рублёў запазычанасці. І яна ніякім чынам не памяншаецца. Гэта на старыя 3,5 мільярда. Гэта я яго крэдытую. Значыць, калі ўзяць на месяц, дзесьці калі ўзяць крэдыты сёння і плаціць адсоткі, я яго за месяц на 8 тысяч рублёў крэдытую. А за год гэта 120 тысяч рублёў будзе. Разумееце? [...] І на сённяшні дзень вось гэтыя ўтрыманскія моманты – гэта проста тушэнне пажару. [...]
ГМ: Мы вас вызвалілі ад інавацыйнага фонду...
ЭШ: Я разумею...
ГМ: ...У вас жа менш плацяжоў пайшло... Я вас практычна не чапаю. Рэдка! [...] Сёння «Ляскавічы» стаяць на ўзроўні главы... Разумееце? І мы павінны прымаць захады.

Эдуард Шыбун каля 15 хвілінаў аргументуе сваю адмову, прапаноўвае іншыя варыянты развязання праблемы, якія б не падтрымлівалі ўтрыманскіх настрояў у гаспадарцы, а павышалі б адказнасць кіраўніцтва, тлумачыць, што ён сам просіць грошы на інвестыцыі ў аблвыканкаму, раіць звярнуцца да латарэяў («латарэйкі гуляць – не малако даіць»). Суразмоўніца дзесьці згаджаецца, дзесьці тлумачыць немагчымасць (сталага кіраўніка няма, пяцёра змяніліся апошнім часам), а потым ставіць пытанне рубам:
ГМ: Ну, скажыце мне, вы добраахвотна дасце спонсарскую дапамогу?
ЭШ: Што значыць добраахвотна?
ГМ: Добраахвотна – значыць, вы мне завізуеце дакладную пра тое, што вы пагаджаецеся.
ЭШ: Я не хачу! Я як кіраўнік бачу, што гэта няправільна ім даваць сёння спонсарскую дапамогу. […]
ГМ: Але ў вас ёсць магчымасць даць яе! Я дакажу! Вазьму ўсе гэтыя вашыя прыбыткі, страты…
ЭШ: Ганна Іванаўна, навошта вы тады ў мяне пытаецеся? Я супраць! Я супраць гэтага разбазарвання ў «Ляскавічы».
ГМ: Добра. А вы свае акцыі хочаце ў інафонд зноў назад ці не? […]
ЭШ: Не. Давайце «Ляскавічам» тады дадзім лепш, чым інавацыйнаму фонду…
ГМ: Лепш «Ляскавічам». Ну, я таксама думаю так!
Доўгае ўгаворванне заканчваецца наступным чынам:
ГМ: Я вашую пазіцыю зразумела, што вы адмоўна да гэтага ставіцеся… Але разам з тым, вы ў камандзе і будзеце рабіць тое, што неабходна.
ЭШ: Ну, гэта вядома ж, як скажаце.
Пракурорскі метад спрацаваў. «Ляскавічы» атрымалі сродкі, каб разлічыцца за электраэнергію. Падобным чынам гомельскія чыноўнікі цягнуць і «Андрэеўку», і згаданыя падаткавікамі «Гадзілавічы» Рагачоўскага раёну.

Вось толькі дапамагаць стратным гаспадаркам у перыяд санкцыяў і падчас дзеяння пастановы № 713 аб рэгуляванні коштаў усё цяжэй. Апошняя абмяжоўвае рост цэнаў і, адпаведна, прыбыткі прадпрыемстваў.
Уладзімір Жыгар, прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL», тлумачыць гэта тым, што тыя сферы, на якіх сістэма Лукашэнкі раней зарабляла амаль што дармовыя грошы, перасталі прыносіць прыбытак. Калі раней яны маглі пераразмяркоўваць гэтыя сродкі ў іншыя галіны, то цяпер пераразмяркоўваць няма чаго
,,«Вядома ж, дзяржава нічога разумнейшага і лепшага прыдумаць не можа, як адмыслова натраўліваць падаткавыя органы на пошукі нейкіх хібаў», – падсумоўвае суразмоўца «Белсату».
За дзевяць месяцаў падаткавыя органы на Гомельшчыне планава і пазапланава праверылі 753 суб'екты гаспадарання. З іх 605 фізічных асобаў, 117 тых, што ідзе на ліквідацыю, і 35 юрыдычных асобаў. Лавілі бізнесоўцаў на заробках у канвертах, драбленні бізнесу дзеля прымянення выгаднейшай формы падаткаабкладання, незалічэнні прыбыткаў на рахунак і ўхіленні ад падаткаў. Ценявы гандаль, нелегальны перавоз пасажыраў і гэтак далей...
«Галоўная мэта – тут і цяпер забраць гэтыя грошы, каб іх перанакіраваць і пераразмеркаваць. Крымінальныя справы ў гэтым выпадку ёсць хутчэй выключэннем, бо няма такой мэты. Мэта абсалютна ў іншым: яна выконваецца за кошт таго, што грашовыя сродкі фактычна адымаюцца і накіроўваюцца ў бюджэт, адкуль выдаткоўваюцца таксама нязграбна і недарэчна», – тлумачыць Уладзімір Жыгар.
Прымусова знімалі грошы з рахункаў, забіралі наяўныя, прадавалі арыштаваную маёмасць арганізацыяў. Назбіралі 41 млн рублёў, што складае 1,5 % у агульнай суме падаткавых паступленняў.
Праблемы ў аграпрамысловым комплексе агульныя, і яны паглыбляюцца. У дакументах, перахопленых аб'яднаннем «BELPOL», бачым нарошчванне даўгоў перадусім за падатак на прыбытак. Гэта значыць, стратных гаспадарак зрабілася яшчэ больш.
Юлія Цяльпук belsat.eu