навіны

Дональд Туск: Колькасць нелегальных мігрантаў скарацілася ў дзесяць разоў

Фота мае ілюстрацыйны характар
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: wm.strazgraniczna.pl
podpis źródła zdjęcia

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў пра значнае зніжэнне колькасці нерэгулярных мігрантаў, якія спрабуюць пранікнуць на тэрыторыю Польшчы з Беларусі.

Са словаў Туска, гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы ўзмацненню візавай палітыкі і часоваму прыпыненню права на атрыманне прытулку.

,,

«Мы ўзмацнілі візавую палітыку і, галоўным чынам, прыпынілі дзеянне права на прытулак у тых месцах, дзе сутыкаемся з масавым перасячэннем мяжы, арганізаваным Беларуссю і Расеяй. Сёння колькасць нелегальных мігрантаў, якія перасякаюць усходнюю мяжу Польшчы, зменшылася ў дзесяць разоў у параўнанні з сітуацыяй, якая была да ўвядзення гэтых абмежаванняў», – адзначыў у сваёй заяве Туск.


Плот на мяжы Польшчы і Беларусі. Фота: Stanisław Żaryn / Twitter

У Польшчы ў 2024 годзе – рэкордная колькасць спробаў незаконна перасячы мяжу

навіны

Нагадаем, што ў перыяд перад выбарамі ў Беларусі польскія памежнікі сапраўды пачалі фіксаваць нашмат менш выпадкаў перасячэння мяжы. Гэтак, 13 студзеня 2025 года, а перад гэтым – 9 студзеня, польская Памежная ахова не зафіксавала ніводнай спробы незаконнага мінання мяжы. 7 і 8 студзеня мігранты спрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы менш за 10 разоў на дзень.

«BYPOL» паведамляў, што большую частку мігрантаў вывезлі з заходніх рэгіёнаў Беларусі яшчэ ўвосень 2024 года «з мэтай недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў у студзені 2025 года».

У 2024 годзе польскія памежнікі зафіксавалі 30 тысячаў спробаў незаконнага перасячэння мяжы, у 2023 годзе – 26 тысячаў.

10 снежня 2024 года Польшча працягнула дзеянне буфернай зоны, уведзенай на мяжы з Беларуссю 13 чэрвеня летась, яшчэ на 90 дзён. Польскі МУС сцвярджае, што буферная зона магла паспрыяць зніжэнню аб’ёмаў нелегальнай міграцыі.

Крызіс на заходніх межах Беларусі трывае з вясны 2021 года. Менавіта тады, у адказ на санкцыі Еўразвязу, улады Беларусі пачалі выкарыстоўваць мігрантаў для атакі межаў заходніх суседзяў. Краіны ЕЗ назвалі такія дзеянні гібрыднай агрэсіяй.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10