У чацвер, 16 студзеня, Аляксандр Лукашэнка наведваў Менскі тэхнапарк. Там ён заявіў, што польскія ўлады нібы адмовіліся весці нават размовы наконт Анджэя Пачобута. І дадаў, што Пачобут – беларускі грамадзянін і за «учыненыя злачынствы» адказаў паводле закону.
– Што датычыць Пачобута, нават казаць няма чаго. Я вам шчыра гавару як чалавек, які інфармаваны: яны адмовіліся ад Пачобута. Палякі адмовіліся весці нават размовы наконт Пачобута, – сказаў Лукашэнка.
Але прэс-сакратар польскага МЗС Павэл Вроньскі заявіў выданню «Зеркало», што Польшча ніколі не адмаўлялася ад перамоваў з беларускім бокам пра вызваленне Пачобута.
– Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што не ведае, што рабіць з Пачобутам, то я скажу яму, што трэба зрабіць. Перш за ўсё ён мусіць вызваліць яго з турмы. Анджэй Пачобут – горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаннем. Але ён павінен быць вольным чалавекам у свабоднай краіне і жыць там, дзе ён хоча, – сказаў Павэл Вроньскі.
Што да словаў Лукашэнкі пра нежаданне Пачобута з'язджаць з Беларусі, то яшчэ ў жніўні мінулага года сталася вядома: палітвязень гатовы пакінуць краіну. Пра гэта заяўляла кіраўніца Саюзу палякаў Анджэліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам вясною 2024 года
13 студзеня 2025 года міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк нагадаў, што вызваленне Андрэя Пачобута застаецца ўмоваю аднаўлення працы пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.
Нагадаем, Анджэй Пачобут – палітычны зняволены, журналіст, актывіст Саюзу палякаў і музыка. У лютым 2023-га яго прысудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Судзілі мужчыну паводле артыкулаў аб закліках да санкцыяў і распальванні варожасці, а таксама ўнеслі ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Тэса Анэйда belsat.eu