Літоўскія кансерватары лічаць, што беларусы пастанавілі размясціць у дакуменце дзяржаўны сімвал Літвы.
«Даведаўшыся пра ініцыятыву беларускай апазіцыі, што прадугледжвае выдачу грамадзянам пашпартоў Новай Беларусі з дзяржаўнымі сімваламі Літвы, 14 студзеня мы разам з калегамі Лаўрынасам Касчунасам, Валдасам Ракуцісам, Казісам Старкявічусам і Арвідасам Поцюсам звярнуліся да міністра замежных справаў Кястуціса Будрыса», – піша парламентар Аўдронюс Ажубаліс у сваім Facebook.
Паводле яго, яны папрасілі Міністэрства замежных справаў прааналізаваць сітуацыю і прыняць захады, каб у пашпартах не выкарыстоўваліся дзяржаўныя сімвалы Літоўскай Рэспублікі.
У адказ літоўскае МЗС указала, што такая заява – звычайны прапагандысцкі наратыў, а Беларусь выкарыстоўвае свой уласны герб.
«Герб Літоўскай дзяржавы («Віціс») не выкарыстоўваецца на пашпарце дэмакратычнай Беларусі. У Літве ўжо некаторы час назіраюцца прапагандысцкія наратывы, што распаўсюджваюцца рэжымам Лукашэнкі, скіраваныя на распальванне супярэчнасцяў паміж літоўцамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Адна з галоўных прапагандысцкіх ліній – спроба сутыкнуць літоўцаў і беларускія дэмакратычныя сілы ў пытанні дзяржаўных сімвалаў», – пераказвае выданне LRT са спасылкаю на МЗС Літвы.
Нагадаем, Беларусь і Літва адначасова ўзялі ў аснову свайго герба герб Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога абедзве краіны раней уваходзілі. Але ў гербаў ёсць адрозненні: напрыклад, у беларускім варыянце ў каня апушчаны хвост, у літоўскім – узняты. Таксама ёсць адрозненні ў абмундзіраванні князя. Пашпарт Новай Беларусі выкарыстоўвае менавіта беларускі варыянт герба.
Праект «Беларускі нацыянальны пашпарт», які ў народзе празвалі «пашпартам Новай Беларусі», анансавалі амаль два гады таму, але на пэўны час ён «завіс». Чарнавік дызайну быў афіцыйна прэзентаваны 6 жніўня 2023 года. Дэмакратычныя сілы спадзяваліся пачаць выдаваць пашпарты ў першыя месяцы 2024 года, але адбылася затрымка, якую тлумачылі не залежнымі ад каманды прычынамі.
У канцы траўня 2024 года Беларускі расследавальніцкі цэнтр расказаў, што літоўская кампанія «Garsų pasaulis», што працавала над праектам «пашпарту Новай Беларусі», мае сувязі з Віктарам Шаўцовым, якога назвалі «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Аказалася, гэта была адзіная кампанія, што друкуе пашпарты ў Літве. Пасля расследавання БРЦ з пасады знялі кіраўніка Цэнтру выдачы асабістых дакументаў Літвы, а самую кампанію назвалі нядобранадзейнай.
26 чэрвеня 2024 года Валер Кавалеўскі, які быў адказным за праект, абвясціў пра адстаўку з Аб’яднанага пераходнага кабінету. Але тым жа летам з’явілася адмысловая арганізацыя пашпартнага праекту, яе ўзначаліў літовец Марус Гудзялайціс.
А літаральна напярэдадні сталася вядома, што заяўкі на выдачу пашпарту Новай Беларусі будуць прымаць з 26 студзеня. Каб атрымаць яго, трэба будзе сплаціць збор 97 еўраў, здаць біяметрычныя звесткі, паказаць «стары» беларускі пашпарт і дакумент, што пацвярджае легальнае перабыванне ў Еўразвязе (верыфікаваць людзей, якія жывуць па-за Еўразвязам, пакуль не могуць). Дакладнага тэрміну выдачы пашпартоў таксама пакуль няма.
Тэса Анэйда belsat.eu