Першыя ўзоры пашпарту Новай Беларусі будуць вырабленыя ў сакавіку 2024 года
05.02.2024, 23:32
Як можа выглядаць пашпарт новай Беларусі. Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram
podpis źródła zdjęcia
Матэрыялу хопіць на 30 тысячаў пашпартоў
Першыя ўзоры пашпарту Новай Беларусі будуць гатовыя да канца сакавіка 2024 года. Пра гэта паведаміў «Белсату» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі. Матэрыялы для вырабу дакументу ўжо замоўленыя і зʼявяцца ў Вільні праз месяц.
Як можа выглядаць пашпарт новай Беларусі. Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram
«Увогуле мы кажам пра наклад менавіта ўзораў гэтых пашпартоў, якія патрэбныя для пачатку кампаніі па іх прызнанні. Гэта калі мы звяртаемся да ўрадаў іншых краінаў з просьбай прызнаць гэты дакумент і калі мы павінны паказаць, як ён выглядае», – сказаў у студыі «Белсату» Валер Кавалеўскі.
Па словах прадстаўніка Абʼяднанага кабінету, матэрыялу, які быў замоўлены, хопіць для вырабу 30 тысячаў пашпартоў.
,,
«Але мы іх зможам выдаваць толькі тады, калі ў нас будуць першыя прызнанні. Толькі тады зможам прымаць заяўкі ад людзей, апрацоўваць іх і верыфікаваць, а потым выдаваць людзям пашпарты, каб маглі імі карыстацца», – удакладніў Валер Кавалеўскі.
Ён падкрэсліў, што сам пашпарт Новай Беларусі – толькі частка вялікага праекту. Вельмі важным яго складнікам будзе орган выдачы, які «павінен будзе адпавядаць высокім стандартам гэтай індустрыі», а менавіта – патрабаванням бяспекі, прававой адказнасці, захавання звестак.