«Белсат» пацікавіўся лёсам праекту «Нацыянальны пашпарт Беларусі». Афіцыйнага каментара «пашпартнага цэнтру» дэмакратычных сілаў нам атрымаць не ўдалося, але крыніца «Белсату», знаёмая з працэсам, заспакойвае: ідэі не закінулі, а каментароў няма, бо яшчэ няма ўзораў пашпартоў.
Праект «Нацыянальны пашпарт Беларусі», які ў народзе празвалі «пашпартам Новай Беларусі», анансавалі яшчэ паўтара года таму, але дагэтуль не надрукавалі ўзораў – не кажучы ўжо пра рассылку запытаў на яго прызнанне іншымі краінамі або выдачу пашпартоў беларусам. «Белсат» спрабаваў атрымаць каментар пра тое, што цяпер з праектам, але атрымаў толькі адмову: прадстаўнікі дэмакратычных сілаў спасылаюцца на тое, што «пашпартны цэнтр» пакуль не дае каментароў.
Крыніца «Белсату», знаёмая з працэсам, тлумачыць: праца над праектам не спыненая, але каментаваць яе не хочуць, пакуль не будзе вынікаў, якія можна «патрымаць у руках».
Чаму мы хвалюемся
Ідэю выдачы альтэрнатыўных пашпартоў для беларусаў абмяркоўвалі прынамсі з 2022 года. Папярэдні ўзор дакументу распрацавалі ў пачатку 2023 года. Чарнавік дызайну быў афіцыйна прэзентаваны 6 жніўня 2023 года. Тады прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі казаў: зараз трэба закупіць матэрыялы для вырабу фізічных узораў, патрэбных для афіцыйнага прызнання пашпартоў. Электроннага макету для гэтага недастаткова, але як толькі будзе фізічны ўзор пашпарта, яго перададуць у Еўракамісію, потым іх будуць дасылаць у краіны Еўразвязу і весці перамовы аб прызнанні.
У лістападзе 2023 года абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская запэўнівала, што Аб’яднаны пераходны кабінет купляе матэрыялы для друку альтэрнатыўных беларускіх пашпартоў. Яна тады адзначала, што штодня атрымлівае паведамленні ад беларусаў аб праблемах з пашпартамі і легалізацыяй за мяжой.
Дэмакратычныя сілы спадзяваліся пачаць выдаваць пашпарты ў першыя месяцы 2024 года: у лютым сёлета расказвалі, што замоўленых матэрыялаў хопіць для вырабу 30 тысячаў пашпартоў, першыя ўзоры будуць гатовыя да канца сакавіка 2024 года. Аднак у канцы сакавіка Кавалеўскі ўжо ўстрымліваўся ад прагнозаў наконт тэрмінаў выдачы. Затрымку ён тлумачыў «пэўнымі фактарамі, якія не залежаць ад нашай волі».

Увесь гэты час праца над праектам пашпарта ішла. Напрыклад, у кастрычніку 2023 года расказалі пра тое, што на адной са старонак праекту пашпарта давялося замяніць карціну Марка Шагала «Палёт над горадам» на карціну «На Купалле» Міхася Філіповіча, бо на першую не было правоў: са смерці аўтара яшчэ не мінула 70 гадоў, таму правы на карціну належаць расейскай Траццякоўскай галерэі, якой некалі прадалі карціну. У лютым 2024 года знайшлі яшчэ адну памылку: на мапе на першым развароце ў межы Беларусі выпадкова ўпісалі частку Літвы – выступ вакол мястэчка Дзевянішкі (Дзіевянішкес).
А ў канцы траўня 2024 года Беларускі расследавальніцкі цэнтр расказаў, што літоўская кампанія «Garsų pasaulis», якая працавала над праектам «пашпарта Новай Беларусі», мае сувязі з Віктарам Шаўцовым, якога назвалі «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Аказалася, гэта была адзіная кампанія, што друкуе пашпарты ў Літве. Пасля расследавання БРЦ з пасады знялі кіраўніка Цэнтру выдачы асабістых дакументаў Літвы, а саму кампанію назвалі нядобранадзейнай.
Кавалеўскі тлумачыў, што літоўскай кампаніі не перадавалі асабістых звестак беларусаў: яна толькі дапамагала распрацоўваць дызайн дакументу і замаўляць матэрыялы. Але тады – у канцы траўня 2024 года – Кавалеўскі казаў, што «канчатковае рашэнне аб супрацы на ўсіх наступных этапах, пачынаючы з друку ўзораў, будзе прымаць ужо Пашпартны цэнтр, з абавязковай праверкай усіх падрадчыкаў і партнёраў».
26 чэрвеня Валер Кавалеўскі абвясціў пра адстаўку з Аб’яднанага пераходнага кабінету. Ён растлумачыў, што меў «разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху». А што да праекту «пашпарта Новай Беларусі», то «ім займаецца шмат хто – і Офіс Святланы Ціханоўскай, і ў Кабінеце, – таму знойдуцца людзі, якія працягнуць гэтую працу».
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адразу пасля адстаўкі Кавалеўскага казаў, што скандал з літоўскай кампаніяй мог мець нейкі ўплыў на зыход дыпламата з Кабінету, але наўрад ці «меў вырашальную ролю». На той момант у Кабінеце і Офісе яшчэ спрабавалі разабрацца, хто будзе адказваць за праект пашпарта.
На канферэнцыі «Новая Беларусь» у пачатку жніўня 2024 года Ціханоўская прызначыла новых прадстаўнікоў АПК, у тым ліку прадстаўніком у справе міжнароднай супрацы і еўрапейскай інтэграцыі – дыпламата Уладзіміра Астапенку.
Тады Ціханоўская згадала і пра «пашпарт Новай Беларусі»: маўляў, праект сутыкаўся з вялікім супрацівам праз пагрозлівасць для рэжыму Лукашэнкі. Пачаліся нападкі на цэнтр, які выдае пашпарты, і гэта моцна ўдарыла па праекце. Але ўжо месяц як з’явілася адмысловая арганізацыя пашпартнага праекту, яе ўзначаліў літовец Марус Гудзялайціс. Праца ўжо «зрушылася з месца», але Ціханоўская пастанавіла не называць дакладных датаў і не раскрываць іншых дэталяў: адна справа – вырабіць пашпарты, зусім іншая – змагацца за прызнанне.
З таго часу аб праекце не было чуваць – і было немагчыма атрымаць афіцыйныя каментары.
Сапраўды, сілавікі і прапагандысты нямала нападалі на гэты праект: стваралі фальшывыя старонкі і профілі ў сацсетках з нібыта анкетамі на пашпарт, рассылалі фэйкавыя лісты «пашпартнага цэнтру» Новай Беларусі, паказвалі на дзяржаўным тэлебачанні фальшывыя пашпарты («спаліліся» на няведанні беларускай лацінкі: пашпарты былі на імёны «Герадж» і «Джмітры»).
Альтэрнатывы беларускаму пашпарту ўжо ёсць: напрыклад, Польшча і Літва выдаюць беларусам падарожныя дакументы. Нямеччына, Аўстрыя і Швецыя абяцалі прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты пры атрыманні відаў на жыхарства. У Злучаных Штатах унеслі ў Кангрэс законапраект, які прапаноўвае прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты прыдатнымі для паездак у ЗША і ставіць у іх візы.
Аднак усё гэта не замяняе паўнавартаснага пашпарта: нават з дзейным «замяняльнікам пашпарта» могуць, напрыклад, не пусціць на самалёт – давядзецца патрабаваць кампенсацыі праз суд.
Алесь Наваборскі belsat.eu