навіны

«Казалі пра дэпартацыю ў Беларусь». Дзяўчыну не пусцілі на рэйс Ryanair паводле праязнога дакумента, але яна дабілася кампенсацыі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт авіякампаніі Ryanair. Фота: Przemek Swiderski / Reporter / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт авіякампаніі Ryanair. Фота: Przemek Swiderski / Reporter / East News
podpis źródła zdjęcia

Вераніка жыве ў Польшчы, яе сястра Крысціна – на Кіпры. У Беларусь дзяўчаты ездзіць не могуць і ўпершыню за доўгі час вырашылі пабачыцца на Кіпры. І хаця дбайная юрыдычная падстрахоўка ўсё роўна не дазволіла ім гэта зрабіць, яны вырашылі не здавацца і дабіцца справядлівасці.

Да падрыхтоўкі паездкі сёстры падышлі грунтоўна і вельмі загадзя з улікам таго, што ў Веранікі праязны дакумент замежніка, паводле якога беларусам часта неправамерна адмаўляюць у вандроўках за мяжу, а ў яе сястры – юрыдычная адукацыя.


Польскі праязны дакумент замяняе пашпарт замежніка для паездак за мяжу і назад у выпадках, калі пашпарты няма, а атрымліваць новы немагчыма. Таксама ён служыць дакументам, які сведчыць асобу.


– Праязны дакумент я атрымала пару месяцаў таму, бо мой пашпарт скончыўся, а ў Беларусь я ездзіць не магу. З праязным я ўжо паспела з'ездзіць у Вільню, і ніякіх праблем не было, пры тым, што яе правяралі. Але сястра адразу папярэдзіла: гэта яшчэ не значыць пра тое, што з ім пусцяць на Кіпр. Крысціна патэлефанавала ў пасольства на Кіпры і ў аэрапорт у Ларнацы, ёй сказалі, што ніякіх праблем з уездам па праязному дакуменце быць не павінна. Я патэлефанавала ў пасольстве Кіпра ў Варшаве. Там адразу здагадаліся, што я з Беларусі і сказалі, што такіх пытанняў паступае вельмі шмат. Але ў пасольстве прызналіся, што самі не ведаюць, што рабіць: маўляў, яны самі неаднаразова звярталіся да Кіпра з такім пытаннем, але адказу ні разу не атрымалі. Таму ёсць рызыка, што мяне могуць не ўпусціць у краіну. Самае смешнае, што мы ні разу не падумалі пра тое, што сама авіякампанія можа не пусціць! – кажа Вераніка.


За тыдзень да вылету, у чэрвені, Вераніка купіла квіток за 70 еўра рэйсам Ryanair. Зваротны квіток на ўсялякі выпадак браць не стала. У дзень вылету ўсё праходзіла на здзіўленне гладка: дзяўчына без праблем прайшла чэкін, атрымала свой білет, прайшла сек’юрыці-чэк, затым мытню, і села чакаць пасадку каля свайго гейта.


– Падчас чэкіна я на ўсякі выпадак перапытала ці ўсё ў парадку. Мне адказалі: так, можаце ляцець з такімі дакументамі. Каля гейта я нарэшце расслабілася. Але за гадзіну да вылета мяне сталі запрашаць да гейту па гучнай сувязі. Тыя ж працаўнікі, што правяралі мае дакументы падчас чэкіна, зараз сталі казаць, што я не магу сесці ў самалёт. Аргумент быў такі: мой праязны дакумент раўнасільны візе і не дае права лётаць, нават з ВНЖ. Таму мне параілі атрымаць пашпарт у Беларусі і лётаць з картай побыту, альбо ставіць візу ў праязны дакумент. Усе мае спробы растлумачыць ім, што мой праязны дакумент і ёсць замена пашпарта, а віза не патрэбная, не ўвянчаліся поспехам.

Супрацоўнікі аэрапорта паклікалі на дапамогу мэнэджэра. Пані Моніка, якая прыйшла праз пару хвілін і стала перапісвацца з іміграцыйным аддзелам.


– Паралельна з гэтым мяне палохалі дэпартацыяй у Беларусь: казалі, што калі я прыеду з такімі дакументамі на Кіпр, то мяне могуць дэпартаваць нават не ў Польшчу, а ў Беларусь. Я спытала, якім чынам мяне могуць дэпартаваць у Беларусь, улічваючы, што ў мяне гуманітарны ВНЖ, а прамых рэйсаў да Беларусі няма? Мне ў адказ пачалі расказваць нешта пра Казахстан і бліжэйшыя краіны. Тым часам пані Моніка скончыла сваю перапіску і вынесла вердыкт: мяне не могуць пусціць на борт.


Самалёт паляцеў, Вераніка засталася. Сястра адразу склала вялікі ліст у адрас Ryanair з патрабаваннем растлумачыць прычыны адмовы са спасылкамі на адпаведныя законы, а таксама з патрабаваннем выплаціць кампенсацыю за білет. Да прэтэнзіі прымацавалі білет і такія дакументы:


– пункт 25 Дырэктывы ЕЗ аб ​​тым, што праязны дакумент іншаземца прызначаны для паездак за межы краіны;


– інфармацыю з сайта пасольства Кіпра пра тое, што калі замежнік мае ВНЖ краіны Шэнгена, то яму не патрэбна віза для кароткатэрміновых паездак на Кіпр.


– тлумачэнне польскага МУС аб тым, што праязны дакумент іншаземца сведчыць асобу;

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі праязны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca). Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі праязны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca). Фота: Белсат

– скрыншоты адказу аэрапорта ў Ларнаке пра тое, што з такімі дакументамі можна прылятаць на Кіпр.

Вераніка даслала дакументы ў службу падтрымкі на сайце авіякампаніі, у адказ у яе папрасілі копію пашпарта, карту побыта і праязнога дакумента. Потым каля месяца была поўная цішыня.

– Тыдзень таму я вырашыла сама іх пінгнуць. Мне адразу адказалі, што вернуць кошт білета і дадаткова 400 еўра ў адпаведнасці з Рэгламентам ЕС 261/2004 (яе таксама даюць у выпадку авербукінгу). Пры гэтым авіякампанія праігнаравала пытанне, якімі дакументамі яны кіраваліся, калі не пусцілі мяне на рэйс. Я спытала, ці магу ў далейшым лятаць іх авіякампаніяй. Мне адказалі «мы атрымалі інфармацыю ад нашага іміграцыйнага аддзела аб тым, што вы маглі б падарожнічаць з гэтымі дакументамі». Што, у вас там не адзін іміграцыйны аддзел?


На днях Вераніка атрымала зварот 70 еўра за білет, астатнія 400 еўра кампенсацыі пакуль у дарозе – гэта можа заняць да сямі дзён, вынікае з ліста Ryanair (яно ёсць у рэдакцыі). У верасні яна зноў будзе спрабаваць паляцець да Крысціны на Кіпр.


– Калі б не мая сястра і яе юрыдычны бэкграўнд, я б проста змірылася і падумала, што ніхто мяне там выслухоўваць не будзе: мая юрыдычная дасведчанасць дзесьці каля нуля, а без прэтэнзіі сама авіякампанія нічога вяртаць не будзе. Так што мая парада ўсім, хто трапіў у такую ​​сітуацыю: чытаць правілы краіны, у якую едзеце, а ў выпадку адмовы пісаць прэтэнзію і дабівацца адказу. Зразумела, што калі ў вас няма такой сястры, усё будзе складаней, але можна звярнуцца да знаёмых ці нават да чату GPT, які дапаможа скласці прэтэнзію.


Тэса Анэйда, «Белсат»


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10