навіны

Арменія выступіла за ліквідацыю Менскай групы АБСЕ

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян і прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў. Фота: am.sputniknews.ru
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян і прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў. Фота: am.sputniknews.ru
podpis źródła zdjęcia

Рэспубліка Арменія разглядае магчымасць звароту да АБСЕ па пытанні ліквідацыі Менскай групы, якая займалася пошукам мірнага ўрэгулявання Карабахскага канфлікту.

Пра гэта заявіла прэс-сакратарка прэм’ер-міністра Арменіі Назелі Багдасаран на сваёй старонцы ў «Facebook».

У сваім паведамленні Багдасаран нагадала словы, сказаныя прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашыньянам 19 снежня 2024 года ў інтэрв’ю выданню «Арменпрэс» у адказ на пытанне аб тым, якая пазіцыя Арменіі адносна ідэі ліквідацыі Менскай групы АБСЕ.

«Канструктыўная. Мы разумеем пазіцыю, што калі няма канфлікту, у чым сэнс існавання фармату, які займаецца ўрэгуляваннем канфлікту. Але мы жадаем таксама пераканацца, што менавіта гэтай логікай кіруецца Азербайджан, і яго імкненне, напрыклад, да развіцця тэрміна так званага Заходняга Азербайджана, не з'яўляецца ажыццяўленнем агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні тэрыторыі Рэспублікі Арменія», – прыводзіць словы Пашыньяна ягоная прэс-сакратарка.

Таксама Багдасаран напісала, што Нікол Пашыньян заяўляў пра тое, што на тэрыторыі Арменіі не можа быць Заходняга Азербайджана, а таксама падкрэсліў неабходнасць адмовы ад гэтага тэрміну, які ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі і ўсталяванне міру.

Нагадаем, што ў чэрвені 2024 года ліквідаваць Менскую групу прапанаваў прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў. Падчас размовы з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам ён выступіў за тое, каб афіцыйна спыніць дзейнасць Менскай групы АБСЕ і ўсіх звязаных з ёю інстытутаў, каб «цалкам закрыць старонку канфлікту» з Арменіяй, паведамляе прэс-служба Аліева.

На думку Аліева, Менская група цягам 28 гадоў нібыта старалася развязаць карабахскую праблему, але насамрэч спрабавала яе замарозіць, «і чатыры рэзалюцыі Рады бяспекі ААН з патрабаваннямі неадкладнага спынення баявых дзеянняў значылі не больш за шматок паперы», – заявіў тады Аліеў.

8 студзеня ў інтэрв’ю азербайджанскім СМІ Ільхам Аліеў зноў заявіў, што без ліквідацыі Менскай групы не можа быць падпісання мірнай дамовы з Арменіяй.

Менская група была створаная ў 1992 годзе з ліку краінаў-чальцоў АБСЕ з мэтай пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання Карабахскага канфлікту. Сустаршынямі групы выступаюць Расея, Францыя і ЗША, у яе склад уваходзяць Азербайджан і Арменія, а таксама Беларусь, Нямеччына, Турцыя, Італія, Фінляндыя і Швецыя.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10