Падсанкцыйная кампанія «Белавія» 6 чэрвеня ў Нацыянальным аэрапорце Менск прэзентавала паветраныя судны новага тыпу, набытыя насуперак заходнім санкцыям. Пра гэта паведамляе БелТА. Авіяпарк папоўніў лайнер «Airbus A330-200».
«Гэта гістарычны момант, крок наперад. Мы рассоўваем межы. Гэтыя самалёты дазволяць лётаць далей», – адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец.
Агулам авіякампанія набыла тры самалёты. Чаргінец падкрэсліў, што гэты праект не быў бы ажыццёўлены без падтрымання Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ён падзякаваў ураду і Міністэрству транспарту і камунікацыяў.
Міністр транспарту і камунікацыяў Аляксей Ляхновіч у сваю чаргу адзначыў, што гэта першы самалёт, а «да канца года з'явяцца яшчэ два».
«Airbus A330-200» – абсалютна новы для беларускай авіяцыі тып паветраных суднаў. Першы самалёт падрыхтавалі да прыёму за сціснутыя тэрміны – за сем месяцаў. Пілоты, тэхнікі, бортправаднікі ды іхныя калегі з іншых падраздзяленняў навучаліся не толькі ў Беларусі, але і за мяжою. Спачатку лайнер будзе задзеяны на кароткіх маршрутах, а затым – на новых кірунках. Такі тып судна дазваляе перавесці 281 пасажыра, далёкасць палёту – да 12 тыс. км. У параўнанні з «Boeing 737-8», грузаёмістасць «Airbus A330-200» вышэйшая амаль у 6 разоў.
Гамбійскія самалёты з дэталямі за палітычных вязняў?
Раней «Reuters» са спасылкаю на тры дасведчаныя крыніцы паведамляла, што «Белавія» дадасць у свой, знясілены санкцыямі, флот тры самалёты «Airbus A330» ад гамбійскай кампаніі «Magic Air». Заяўлялася, што самалёты прыбылі ў вельмі дрэнным тэхнічным стане і патрабавалі рамонту, каб пачаць эксплуатацыю ў вяснова-летні сезон.
Паводле «Reuters», «Magic Air» – малавядомая прыватная кампанія, што займаецца лізінгам самалётаў і авіяперавозамі.
Гэта ўжо не першыя пастаўкі самалётаў у Беларусь ад «Magic Air». Увосень 2024 года ў Менску прызямліўся яшчэ адзін самалёт «Airbus A320», што праз некалькі дзён перайшоў сірыйскай кампаніі «Cham Wings Airlines», каб выконваць рэйсы з Дамаску ў Менск. Самалёты менавіта гэтай авіякампаніі ў 2021 годзе «таемна» прывозілі мігрантаў з арабскіх краінаў у Беларусь.
Раней расейскі апазіцыйны палітык Ілля Яшын расказваў, што Лукашэнка «літаральна абменьвае людзей [палітычных вязняў. – Заўвага рэд. belsat.eu] на дэталі для самалётаў. У яго праблема з «Белавіяй», і яму трэба рамантаваць самалёт, яму патрэбныя нейкія дэталі, якія ён не можа атрымаць праз санкцыі. І ён літаральна абменьвае жывых людзей на дэталі для самалётаў».
Авіяцыйная галіна Беларусі ў цэлым і авіякампанія «Белавія» сутыкнуліся з заходнімі санкцыямі ў 2021 годзе пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» і праз датычнасць да міграцыйнага крызісу на мяжы з Еўразвязам.
Якуб Хруст belsat.eu