Блізкі да расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра тэлеграм-канал «Разгрузка Вагнера» абвясціў аб «выкананні і завяршэнні асноўнай місіі» наймітаў у Малі і «вяртанні дадому».
У паведамленні адзначаецца, што вагнэраўцы тры з паловай гады «плячом да пляча з народам Малі змагаліся супраць тэрарызму», «знішчылі тысячы баевікоў і іх камандзіраў, якія гадамі тэрарызавалі мірнае насельніцтва», дапамаглі «стварыць моцную і дысцыплінаваную армію, здольную абараніць сваю зямлю», а «ўсе рэгіянальныя сталіцы вярнуліся пад кантроль законнай улады».
ПВК Вагнэра з’явілася ў Малі ў 2021 годзе пасля таго, як уладу ў краіне захапілі вайскоўцы, якія і запрасілі наймітаў змагацца з паўстанцамі. У канцы ліпеня 2024 года яны разам з урадавымі войскамі трапілі ў пастку паўстанцаў-туарэгаў. Маглі быць забітыя да 82 расейскіх наймітаў. Яшчэ шасцёх вагнэраўцаў забіла ў лістападзе групоўка «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін», звязаная з тэрарыстычнай арганізацыяй «Аль-Каіда».
Пра тое, што ў чэрвені-ліпені плануецца канчатковы вывад кантынгенту кампаніі з Афрыкі – не толькі з Малі, але і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі (ЦАР) – у траўні паведамляў расейскі тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» са спасылкай на ўласныя крыніцы. Паводле яго, «наймітам на словах абяцаюць базаванне ў Беларусі, але пакуль якіх-небудзь пацверджанняў гэтага няма».
Якуб Хруст belsat.eu