На лета 2025 года «Белсат» падрыхтаваў для гледачоў YouTube-каналу «Белсат» новыя праграмы. Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык кажа, што падача прэм’ераў будзе не стэрэатыпнай, а часам нават і нечаканай. Распавядаем, што падрыхтавалі на летні сезон.
Аліна Коўшык з’яўляецца аўтаркай ідэі праграмы «Від на жыхарства», якая летам з’явіцца на «Белсаце». Коўшык распавядае, што ідэя прыйшла да яе падчас прагляду польскага тэлебачання.
,,«Мяне заінспіравала праграма, якія распавядала пра жыццё палякаў у розных краінах. Я падумала, што на сам рэч мы вельмі мала ведаем, як жывуць беларусы, якіх лёс раскідаў па розных краінах. Мы ведаем нейкія абрыўкі пра тое, як выглядае Еўропа. Калі мы вандруем, мы бачым Еўропу вачыма турыстаў», – сказала яна.
Паводле галоўнай рэдактаркі «Белсату», новая праграма – цудоўная магчымасць паглядзець, як людзі менавіта жывуць у Еўропе. Тым больш, што ў «Белсату» ёсць магчымасці гэта паказаць.
«Нашыя здымачныя групы проста ў гэты момант працуюць у розных краінах. Адна група зараз у Бельгіі, другая – у Іспаніі», – дадае яна.
Паводле суразмоўніцы, гледачы пабачаць гісторыі поспехаў вядомых і менш вядомых беларусаў, якія знаходзяць свае месца ў Еўропе.
«Мне падаецца, што сіла гэтай праграмы ў тым, што мы будзем паказваць розныя краіны не стэрэатыпна, а зусім з іншага боку, часам нечаканага», – адзначае Аліна Коўшык.
Яшчэ адна прэм’ера, якая планавалася на «Белсаце» ужо даўно і нарэшце пабачыць свет – праграма «Падляшскія вакацыі».
,,«Ніхто не ведае, што Падляшша – гэта на сам рэч цэлы космас, у тым ліку космас Беларускі, – падкрэслівае Коўшык. – Там будзе шмат чэленджаў, адмысловых заданняў. Думаю, гэта тое, што нам вельмі-вельмі блізка, і можа натхніць нас пабачыць гэты свет», – адзначае Аліна Коўшык.
Вядоўцамі стануць маладыя эмігранты з Беларусі Дзёня Mandzik і Уля з гурта «Atesta», а таксама акторы Ілля Фіёнік і Анна Бяляўская з Польшчы.
Выпускі праграмы будуць выходзіць па аўторках а 20:00 (19:00 CET) у эфіры «Белсату» і на YouTube-канале «Белсат Life».
Юлія Лабанава, Віталь Бабін belsat.eu