«Белсат» працягвае адсочваць факты няспынных масавых рэпрэсіяў уладаў Беларусі супраць уласных грамадзянаў, якія выступаюць супраць гвалту, фальсіфікацыяў, вайны, або любым іншым чынам выказваюць сваю нязгоду з імі.
Міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў 6 чэрвеня, што на патрабаванне ягонага ведамства ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі» амаль 7 тысяч інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку сайты, Telegram-каналы і чаты, профілі ў Instagram і старонкі ў іншых сацсетках. Маркаў адзначыў, што за пяць месяцаў 2025 года заблакавана столькі ж інтэрнэт-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год. Агулам – каля 6,3 тысячы. А агулам за ўвесь час заблакавана каля 18 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў. Таксама Мінінфарм забараніў 110 «шкодных» мастацкіх кніг.
У сваю чаргу МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У дадалі яшчэ 45 прозвішчаў – цяпер у ім 5387 чалавек. Сярод іншых, у спіс дадалі фігурантаў справы аб спробе падрыву чыгуначнага складу ў Талочынскім раёне Івана Ліхалата, Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча.
Са спісу сталася вядома, што мужа пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак – дырэктара выдавецтваў, што выпускалі дзіцячую і навукова-папулярную літаратуру, 55-гадовага Вадзіма Пажывілку – асудзілі за фінансаванне «экстрэмізму». Насупраць яго імені ў міліцэйскай базе стаіць пазнака «судзімасць не пагашана». Гэта значыць, што Пажывілка атрымаў «хатнюю хімію».
Праваабаронцы прызналі палітвязняў яшчэ 14 асобаў. Гэта ў тым ліку журналістка Ціна Палынская з дачкой Маргарытай Рабіновіч, а таксама Ала Юшкевіч, Вольга Міраненка, Наталля Пупкевіч, Мікалай Дайнэка, Любоў Валюк, Аляксандр Куліковіч, Віталь Каваленка, Яраслава Храмчанкова, Артур Тарасаў, Ірына Лебедзь, Аляксандр Лебедзь, Любоў Драгель.
Таксама адбылося чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі Telegram-чат «Друзья друзей», Instagram старонкі «timote.suladze», «_vadzik_», «marabynl», «Людмiла Тальяно | Мастачка Беларуска у Тбiлiсi», старонка ў Facebook «БЕЛАРУСЬ-BELARUS», старонка ў «Х» «БЕЛАРУСКІ МОЛАДЗЕВЫ ХАБ Belаrusian Youth Hub», відэаролік «Светлана ТИХАНОВСКАЯ: Страшно почти каждый день, но… ОТКРОВЕННОЕ ИНТЕРВЬЮ», сайт і Facebook-старонка праекту «Офис по образованию для новой Беларуси», TikTok-старонкі «Pne_moment», «Free Belarus», «podgopnik», «bel_naclibsws».
Якуб Хруст belsat.eu