Польскі парламент не прызнае выбараў у Беларусі, а міграцыйныя абмежаванні не паўплываюць на тых, хто ратуецца ад рэпрэсіяў у Беларусі. Пра гэта распавялі лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская і спікерка Сенату (верхняй палаты парламенту) Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска падчас прэс-канферэнцыі пасля іхнай сустрэчы 9 студзеня.
На пачатку прэс-канферэнцыі Малгажата Кідава-Блоньска запэўніла, што выбары ў Беларусі 26 студзеня не будуць прызнаныя польскім Сенатам.
«Мы гаварылі пра тое, што адбудзецца 26 студзеня, на псеўдавыбарах у Беларусі, – сказала спікерка польскага Сенату. – Нельга казаць пра выбары, калі больш за 1300 чалавек у турме. Гэта моцны сігнал Сенату».
Польшча будзе прымаць тых, хто ўцякае, і падтрымліваць медыі
Святлана Ціханоўская распавяла, што падчас візіту яна таксама сустрэлася з прэм'ерам Польшчы Дональдам Тускам, міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім і іншымі. Увечары 9 студзеня ў яе запланаваная сустрэча з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.
«Мы абмяркоўвалі і практычную падтрымку для Беларусі, напрыклад, прэм’ер-міністр Туск запэўніў мяне, што міграцыйныя абмежаванні не закрануць беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў, – сказала Ціханоўская. – Мы павінны падтрымліваць мабільнасць беларусаў, таксама стыпендыі і абмены. Таксама я прасіла аб выдачы большай колькасці візаў беларусам, каб захоўваць сувязь беларусаў з Еўропай».
Падчас сустрэчаў паднімалася і пытанне «Белсату».

«Канешне, мы абмяркоўвалі падтрымку “Белсату”, які адыгрывае ключавую ролю ў супрацьдзеянні прапагандзе і “русскому миру”. Мне пацвердзілі, што падтрымка і “Белсату”, і беларускіх медыяў у выгнанні будзе працягвацца», – адзначыла Ціханоўская.
Яна нагадала, што ў Сейме і Сенаце Польшчы створаныя групы «За дэмакратычную Беларусь».
«Мы працуем над пагадненнем аб супрацы паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і польскім парламентам. Я вельмі радая, што Польшча зрабіла Беларусь адным са сваіх прыярытэтаў падчас старшынства ў Еўрапейскім Звязе. І ў лютым мы разам з міністрам Сікорскім правядзём форум Касцюшкі, які аб’ядноўвае ключавых еўрапейскіх лідараў і экспертаў», – дадала Ціханоўская.
А падчас старшынства Польшчы ў Еўразвязе плануецца падрыхтаваць канцэпцыю ў справе бяспекі і адносінаў Еўразвязу з Беларуссю, каб дэмакратычная Беларусь заставалася для Аб'яднанай Еўропы прыярытэтам.
Апрача гэтага, дэмакратычныя сілы нагадваюць пра санкцыі, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за злачынствы ў Беларусі і за ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«І, вядома, на кожнай сустрэчы з кожным палітыкам мы абмяркоўваем тэму вызвалення палітзняволеных. Гэта наш прыярытэт, людзі павінны быць на свабодзе», – адзначыла Ціханоўская.
«Мяжа – цяжкае месца»
Падчас прэс-канферэнцыі спікерка Сенату адказала на пытанне журналістаў, ці можна палепшыць сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, бо людзі там чакаюць уезду ў Польшчу соднямі.
«Мяжа – цяжкае месца, якое рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае як гібрыдную зброю, але мы хочам, каб беларусы былі ў стане перайсці мяжу, каб знайсці прытулак у Польшчы. І мы працуем над гэтым», – адказала Малгажата Кідава-Блоньска.
Што датычыць звычайных паездак, то яна дадала:
«Вядома, мы хочам, каб пераходы працавалі лепш, але гэта не пытанне Сенату. Такімі пытаннямі займаецца перш за ўсё Міністэрства ўнутраных справаў».
У канцы Святлана Ціханоўская выказала ўдзячнасць польскім палітыкам за падтрыманне беларускага народу.
«Польшча сталася другім домам для сотняў тысяч беларусаў, якія ўцяклі ад тэрору. Дзякуй вам за гэта! Нашыя народы аб'яднаныя агульнаю гісторыяй, культураю, каштоўнасцямі і барацьбою за свабоду. Цяпер мы працуем разам, каб вывесці нашую супрацу на новы ўзровень», – сказала Ціханоўская.
Арсен Рудэнка belsat.eu