Тэмы размоваў Ціханоўскай з кіраўніцтвам Польшчы былі ад самых шырокіх, як непрызнанне Лукашэнкі, да даволі вузкіх, як беларускі складнік навучання ў ліцэі ў Гайнаўцы. Старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў «Белсату» пра ўсе сустрэчы.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская разам з вялікаю дэлегацыяй прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі 8–9 студзеня – з візітам у Польшчы. На шматлікіх сустрэчах абмяркоўвалі як дзеянні Аляксандра Лукашэнкі, гэтак і праблемы беларусаў у Польшчы, расказаў «Белсату» старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
З прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Ціханоўскай была першая сустрэча пасля таго, як той ізноў стаўся прэм’ерам. Раней, калі палітык быў у апазіцыі, былі толькі непублічныя сустрэчы на розных форумах. 8 студзеня з прэм’ерам Польшчы абмяркоўвалі прэзідэнцтва Польшчы ў Радзе Еўразвязу. Паводле Вячоркі, казалі найперш пра тое, «каб аддзялялі рэжым і беларусаў».
Абмяркоўваліся і планы на 2025 год, супольныя падзеі і ў прыватнасці Касцюшкаўскі форум, працяг выдавання візаў і спрашчэнне працэдураў легалізацыі ў Польшчы, падтрыманне незалежных беларускіх медыяў і пытанні працягу працы «Белсату», пытанні беларускай ідэнтычнасці, санкцыі («каб білі па Лукашэнку, а не па людзях»).
,,«Відавочна, што Польшча не прызнае вынікаў выбараў 26 студзеня, якія прызначыў сабе Лукашэнка, – кажа Вячорка пра вынікі сустрэчаў. – І падтрыманне дэмакратычных сілаў застанецца, як гэта было і раней».

Ціханоўская таксама абмяркоўвала пытанні бяспекі як з Тускам, гэтак і з міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім. Інтэнсіўнасць штучна створанага міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы апошнім часам знізілася, але Вячорка падкрэслівае: Лукашэнка працягвае гэтыя акцыі на мяжы.
З Сікорскім абмеркавалі тэму вызвалення палітычных вязняў і ціску на Лукашэнку дзеля іхнага вызвалення (у тым ліку Анджэя Пачобута). Паводле Вячоркі, Сікорскі мае выразную пазіцыю: «з Лукашэнкам нельга мець справы, бо падмане, бо нелегітымны». Пераконваць Сікорскага, кажа Вячорка, ні ў чым не трэба было. 26 студзеня Ціханоўская выступіць у Бруселі перад міністрамі замежных справаў дзяржаваў Еўразвязу – з Сікорскім абмеркавалі парадак дня на адпаведнае паседжанне, каб Сікорскі ўзяў слова.

Акрамя таго, з Сікорскім размаўлялі пра студэнцкія візы для беларусаў і стварэнне спрошчанай схемы, пра стварэнне механізму развязання тэрміновых візавых пытанняў кшталту раптоўнай дэпартацыі з Грузіі, пра прытулак для беларусаў. Размаўлялі і пра патрэбу новай праграмы рэлакацыі для беларускага бізнесу – паводле Вячоркі, некаторыя бізнесоўцы проста не хочуць плаціць падаткаў Лукашэнку, а пераезд новых бізнесоўцаў узмацніў бы беларускую супольнасць у Польшчы. Казалі і пра так званыя падарожныя дакументы («замяняльнікі пашпарта»), якія цяпер выдаюць толькі на 1 год, а маглі б выдаваць на 3–5 гадоў. Як кажа Вячорка, міністр пагадзіўся паспрыяць гэтаму. Пагадзіліся таксама на стварэнне нерэгулярнай міжміністэрскай групы з удзелам Канцылярыі прэм’ера Польшчы, у межах якой можна было б абмяркоўваць комплексныя праблемы беларусаў.
Абмеркавалі і рэформу праграмы «Усходняга партнёрства» і магчымы статус Беларусі ў ім (афіцыйны Менск у 2021 годзе абвясціў пра выхад Беларусі з праграмы). Таксама размаўлялі пра супрацу ў межах Еўразвязу і прэзідэнцтва Польшчы ў Радзе Еўразвязу, пра пагадненне беларускіх дэмакратычных сілаў з міжурадавай арганізацыяй «Супольнасць дэмакратыяў».

З міністрам развіцця і тэхналогіяў Польшчы Кшыштафам Пашыкам размаўлялі пра падтрыманне прыватнага беларускага бізнесу: у Польшчы цяпер зарэгістраваныя 18 тысячаў беларускіх кампаніяў і прадпрымальнікаў. Вячорка кажа, абмяркоўвалі тое, каб беларускія бізнесоўцы маглі адкрываць рахункі паводле спрошчанай сістэмы, мелі доступ да фінансавання. Дамовіліся аб правядзенні сёлета беларуска-польскага форуму.
З міністаркай адукацыі Барбараю Навацкаю размаўлялі пра адкрыццё беларускіх суботніх школак. Цяпер 31 тысяча беларускіх дзяцей вучацца ў польскіх навучальных установах сярэдняга ўзроўню, плюс тры тысячы за апошні год. Але для беларускіх дзяцей у Польшчы пакуль мала магчымасцяў вучыцца па-беларуску або вывучаць беларускую гісторыю. Паводле Вячоркі, бліжэйшым часам Польшча перастане патрабаваць пэўныя дакументы, якія вымагалі настрыфікацыі, для паступлення беларусаў у польскія навучальныя ўстановы. Асобна размаўлялі пра захаванне беларускага кампаненту ў ліцэі ў Гайнаўцы – дамовіліся развязаць пытанне цягам гэтага года.

Ціханоўская 8 снежня таксама сустракалася са спікерамі Сейму і Сенату Польшчы (ніжняй і верхняй палатамі парламенту), прамаўляла на супольным паседжанні Сейму і Сенату наконт Беларусі.
Дамовіліся стварыць групу «За дэмакратычную Беларусь» з колішнім міністрам і колішнім маршалкам Сейму Гжэгажам Схэтынам на чале, у якую ўвайшлі палітыкі ўсіх асноўных партыяў. Дамовіліся знайсці форму для пагаднення пра супрацу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і падпісаць такое яго.
,,«Ёсць пэўнасць, што ніякага прызнання Лукашэнкі не будзе, ніякага вяртання да business as usual, – паўтарае Вячорка. – Ёсць разуменне, што беларуская супольнасць патрабуе падтрымання».
На 9 снежня засталася запланаваная сустрэча з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, які робіць традыцыйны калядны прыём для беларускай грамады ў Варшаве.
Андрэй Сульжыц, Алесь Наваборскі belsat.eu