«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 6 студзеня чытайце ў нашым матэрыяле.
Ранкам 5 студзеня з’явіліся паведамленні пра актывізацыю Збройных сілаў Украіны па лініі сутыкнення на тэрыторыі Курскай вобласці РФ. У прыватнасці, найбольшыя наступальныя дзеянні ўкраінцаў фіксаваліся на паўночным усходзе ад гораду Суджа ў ваколіцах хутару Бердзін, дзе ЗСУ рухаліся калонамі бранятэхнікі і інжынерных машын.
Акрамя гэтага Збройныя сілы атакавалі на ўсходзе ад Суджы ў бок сяла Пушкарнае, на паўночным захадзе раёну ў ваколіцах Леанідава, а таксама на тэрыторыі суседняга Глушкоўскага раёну каля населенага пункту Цёткіна.
Адзначаецца, што пры сваім наступе ЗСУ актыўна выкарыстоўвалі сродкі РЭБ, каб абмежаваць дзейнасць беспілотнікаў праціўніка. Аднак ужо ўвечары нядзелі з’явіліся пацверджанні знішчэння асобных адзінак украінскай тэхнікі, што ўскосна ўказвае на падрыхтаванасць войскаў РФ да гэтай аперацыі.
Прарасейскія крыніцы сцвярджаюць, што ЗСУ не ўдалося прасунуцца, хоць баі каля Бердзіна працягваюцца, пры гэтым выказваецца меркаванне, што гэты ўдар украінцаў можа быць спробай адцягнуць увагу праціўніка ад больш маштабнай аперацыі на іншым участку.
Акрамя гэтага расейцы пішуць, што самыя Узброеныя сілы РФ расшырылі зону кантролю на паўднёвым усходзе ад Суджы ў сяле Махноўка, што ў далейшым можа пагражаць становішчу ЗСУ ў горадзе.
У гэты ж час праўкраінскія крыніцы пакуль падаюць толькі мінімальную інфармацыю адносна наступу на Куршчыне і прасоўванняў, але адзначаюць, што сярод Збройных сілаў ёсць страты, што ў першую чаргу з’яўляецца вынікам працы авіяцыі і БпЛА праціўніка.

На ўсходнім фронце ініцыятыва па-ранейшаму захоўваецца за расейскімі вайскоўцамі, якія, хоць і з рознай інтэнсіўнасцю, фактычна атакуюць па ўсёй лініі сутыкнення.
На ліманскім кірунку асноўныя баі лакалізуюцца ў ваколіцах сяла Церны, якое ўжо прыкладна на 90% знаходзіцца пад кантролем расейцаў. Далейшы поспех на гэтым участку адкрые дарогу для УС РФ у бок суседніх сёлаў Ямпалаўка і Торскае, захоп якіх прывядзе да ліквідацыі плацдарму ЗСУ на левым беразе ракі Жарабец.
Адначасова з гэтым, рухаючыся па дамбах на рацэ, расейцы штурмуюць суседнюю ад Цернаў Іванаўку, якая знаходзіцца на правым беразе. Імаверна, такім чынам войскі РФ разлічваюць атачыць плацдарм украінцаў з захаду або развіць далейшы наступ у бок гораду Ліман.
Таксама на поўначы Данецкай вобласці варта звярнуць увагу на тарэцкі кірунак, дзе баі ўжо змясціліся ў заходнюю частку аднайменнага гораду. Фактычна, цяпер пад упэўненым кантролем ЗСУ застаецца толькі паўночна-заходняя частка Тарэцку, між тым далейшыя прасоўванні расейцаў не бачацца хуткімі, паколькі баі ў шчыльнай гарадской забудове не спрыяюць імклівым зменам фронту.
У заходняй частцы Данбасу расейцы паступова развіваюць поспех на пакроўскім кірунку. Сутыкнуўшыся з сур'ёзнай абаронай праціўніка з поўдня ад аднайменнага гораду, войскі РФ вырашылі рухацца далей на захад уздоўж ракі Салёная ў кірунку суседняй Днепрапятроўскай вобласці. Тут цяжкая для ЗСУ сітуацыя склалася ў сяле Новавасільеўка, куды расейцы зайшлі з поўдня і ўсходу. Цяпер баявыя дзеянні ідуць на ўсёй тэрыторыі населенага пункту, пры гэтым пазіцыі бакоў хаатычна раскіданыя па розных будынках. Цяпер войскі РФ ад мяжы суседняга рэгіёну аддзяляе крыху больш за сем кіламетраў.
На суседнім курахаўскім кірунку Узброеныя сілы РФ фактычна цалкам зачысцілі прамысловую зону аднайменнага гораду. Пра адыход ЗСУ з гораду ўскосна паведамілі і самыя ўкраінскія вайскоўцы, якія трымалі абарону на гэтым участку фронту. Баі за населены пункт ішлі з кастрычніка мінулага года.
Відавочна, што пры цяперашняй сітуацыі Збройныя сілы будуць вымушаныя адступіць далей на захад з усяго курахаўскага выступу, што дазволіць праціўніку выпрастаць фронт па ўмоўнай лініі населеных пунктаў Зялёнаўка – Улаклы – Шаўчэнка.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu