навіны

У 2025 годзе зможам пабачыць ажно сем нябесных з'яваў

Cуперпоўня
Cуперпоўня. Фота: Reuters
podpis źródła zdjęcia

Астраномы анансуюць у 2025 годзе сем нябесных з'яваў. Сярод іх – два зацьменні (адно месяцовае і адно сонечнае) і адразу тры суперпоўні.

Таксама, як паведамляе BBC, у новым годзе пабачым і метэорныя патокі, і паўночныя ззянні, інтэнсіўнасць якіх будзе ўзрастаць па меры росту сонечнай актыўнасці.


Так, да прыкладу, у ноч з 3 на 4 студзеня свайго максімуму дасягне метэорны паток Квадрантыды – адзін з самых моцных, які атакуе нашу планету.


Метэоры – гэта аскепкі нябесных целаў, якія на велізарнай хуткасці (да 70 км за секунду) улятаюць у атмасферу Зямлі і амаль імгненна выпараюцца ад моцнага трэння, пакідаючы ў начным небе яркія палосы.


Ужо 29 сакавіка здарыцца сонечнае зацьменне – Сонца, Месяц і Зямля выбудуюцца ў адну лінію. Праўда, поўным яно будзе толькі для жыхароў часткі Канады.


На 7 верасня прыпадае месяцовае зацьменне, якое, дарэчы, будзе вельмі працяглым.


Летась былі чатыры суперпоўні, а ў 2025 годзе іх будзе тры. Яны прыпадаюць на 7 кастрычніка, 5 лістапада і 4 снежня.


Суперпоўня здараецца, калі ў поўню наш спадарожнік знаходзіцца ў самай блізкай кропцы арбіты да Зямлі. За кошт гэтага Месяц выглядае на небасхіле прыкладна на 30% большым і на 15% ярчэйшым.


Астраномы абяцаюць і паўночныя ззянні. Яны ўзнікаюць праз сутыкненне зараджаных сонечных часціц з газамі ў атмасферы Зямлі ў раёне магнітных палюсоў.


11-гадовы цыкл актыўнасці Сонца дасягае свайго піку, таму ў бліжэйшыя 12 месяцаў паўночныя ззянні можна будзе назіраць значна часцей.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10