Шуфлядка

«У 2025-м Беларусь апынецца ў цэнтры сусветнай увагі». Прагнозы на наступны год ад астролага, таролага і штучнага інтэлекту

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнік акцыі трымае ў руках сімвалічную паперу з турэмнымі кратамі, якая адлюстроўвае беларускае насельніцтва ў турмах і несвабоду ў Беларусі ў 2-ю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Кракаў, Польшча. 9 жніўня 2022 года. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнік акцыі трымае ў руках сімвалічную паперу з турэмнымі кратамі, якая адлюстроўвае беларускае насельніцтва ў турмах і несвабоду ў Беларусі ў 2-ю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Кракаў, Польшча. 9 жніўня 2022 года. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Канец года – час не толькі для падвядзення вынікаў, але і для прагнозаў. На жаль, загалоўкі сусветных медыяў вялікага пазітыву ў наступным годзе не прадракаюць. Абяцаюць абвастрэнне існых канфліктаў, вайну ў Еўропе і нават пачатак заняпаду цывілізацыі. Мы ўсё ж не возьмемся прадракаць лёсу ўсяго чалавецтва, але пра тое, што налета можа чакаць Беларусь, надумалі даведацца ў тым ліку з не самых класічных крыніцаў – да прыкладу, у астролага, таролага і нават штучнага інтэлекту.

 

Астролаг: Магчымае закрыццё межаў



Астролаг Таццяна Калініна ў сваім прагнозе для краіны на 2025 год адзначае, што Беларусь апынецца ў цэнтры сусветнай увагі. Краіна ўвойдзе ў перыяд значных зменаў, што пачнуцца з прэзідэнцкіх выбараў. Прытым самі выбары пройдуць спакойна, але з лютага пачнецца перыяд, які можа прывесці да пераломных момантаў у палітыцы ды эканоміцы.


Астролаг мяркуе, што Беларусь можа ўступіць у новы саюз ці паглыбіць супрацу з існымі аб'яднаннямі.


З набліжэннем вясны, асабліва з красавіка, магчымае ўзнікненне масавага незадаволення ці народных хваляванняў. У гэтым кантэксце Калініна адзначае павышаную напружанасць у грамадстве, рызыку міжнародных канфліктаў і вонкавага ціску, а таксама магчымыя абмежавальныя захады, як закрыццё межаў.


З абавязковым акцэнтам на падзеі, якія будуць шырока асвятляцца ў медыях, са жніўня 2025 года Беларусь можа апынуцца ў цэнтры сусветных навінаў. Аднак, як падкрэслівае астролаг, гэтыя падзеі могуць быць не толькі станоўчыя.


Перыяд папулярнасці на сусветнай арэне і негатыўныя грамадскія падзеі, як паказваюць зоркі, могуць працягнуцца ажно да жніўня 2026-га.


Таксама налета ў Беларусі магчымыя крызісы, непрадказальныя выклікі і «ўзмацненне ўплыву замежных фактараў, якія могуць паўплываць на ўнутраныя справы Беларусі».


Астролаг адзначае, што ў гэты перыяд магчымае ўмацаванне міжнародных сувязяў і ўдзел у вялікіх дыпламатычных перамовах.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сітуацыя на польска-беларускай мяжы напярэдадні ўведзення буфернай зоны. 3 чэрвеня 2024 года. Фота: Maciej Luczniewski / NurPhoto via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сітуацыя на польска-беларускай мяжы напярэдадні ўведзення буфернай зоны. 3 чэрвеня 2024 года. Фота: Maciej Luczniewski / NurPhoto via Getty Images

 

Таролаг: За найбліжэйшы год у Беларусі на трон могуць пасадзіць новага чалавека


 

Таролагі выкарыстоўваюць карты Таро для прадказання будучыні і, абапіраючыся на іх, могуць даваць парады і падказваць, як лепей дзеяць у складаных сітуацыях.


Мусім сказаць, што прагноз таролага на наступны год для Беларусі аказаўся сенсацыйным.


Гэтак, для Беларусі 2025-ы будзе звязаны з сацыяльнымі ды эканамічнымі хваляваннямі. Краіна можа сутыкнуцца з перыядамі нявызначанасці і пераменаў.


Палітычная сітуацыя будзе надалей ціснуць на грамадства, аднак магчымыя зрухі ў бок большага дыялогу і аслаблення напружанасці, асабліва ў другой палове 2025 года. Нам зноўку давядзецца адаптавацца да зменаў, а ў крызісныя моманты праяўляць рашучасць і гатовасць да новых выклікаў.


Карты паказалі, што «за найбліжэйшы год у Беларусі на трон могуць пасадзіць новага чалавека. І калі так адбудзецца, то гэта будзе чалавек, які працягне курс Лукашэнкі». Паводле таролага, гэта можа быць і нехта з блізкага атачэння, і нават сваяк Лукашэнкі, але клапаціцца ён будзе не пра краіну. На пасадзе застанецца нядоўга, яго хутка прыбяруць.


Дарэчы, таролаг выказаў упэўненасць, што нават у будучыні Коля Лукашэнка, пра якога часта кажуць, уздымаючы тэму магчымага пераемніка дыктатара, прэзідэнтам не стане, бо «рыцарам жазла» карты яго не бачаць ні цяпер, ні ў будучыні.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка выступае на пралукашэнкаўскім мітынгу на плошчы Незалежнасці ў Менску. 16 жніўня 2020 года. Фота: Misha Friedman / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка выступае на пралукашэнкаўскім мітынгу на плошчы Незалежнасці ў Менску. 16 жніўня 2020 года. Фота: Misha Friedman / Getty Images

 

Штучны інтэлект: Беларусы працягнуць з'язджаць з краіны

 


У штучнага інтэлекту мы папрасілі сфармуляваць прагноз для краіны з улікам асаблівасцяў палітычнай сітуацыі, вайны ва Украіне, магчымых сацыяльных, эканамічных ды іншых пераменаў.


Паводле ШІ, у 2025 годзе Аляксандр Лукашэнка, імаверна, працягне ўтрымліваць уладу праз рэпрэсіўныя захады, кантроль над сілавымі структурамі і адсутнасць вольных выбараў. Магчымая далейшая інтэграцыя з Расеяй у межах Саюзнай дзяржавы, што яшчэ больш аслабіць суверэнітэт краіны. Крэмль, імкнучыся забяспечыць стабільнасць свайго саюзніка, можа ўзмацніць уплыў на палітыку Беларусі, асабліва ў эканамічнай і вайсковай сферы.


Ключавым момантам, паводле штучнага інтэлекту, могуць стацца выбары. Улады, хутчэй за ўсё, правядуць іх з мінімальнаю празрыстасцю, пад кантролем дзяржаўных структураў і без удзелу апазіцыйных кандыдатаў. Гэта можа справакаваць новую хвалю незадаволенасці сярод грамадства.


Сацыяльна-эканамічны ўзровень жыцця будзе пагаршацца праз міжнародныя санкцыі ды эканамічныя цяжкасці. Грамадства можа стаць больш палітычна апатычным, але ў той жа час радыкалізацыя моладзі таксама магчымая.


Абмежаванні на экспарт ключавых тавараў (напрыклад, калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў) будуць працягваць шкодзіць бюджэту краіны. Галоўным эканамічным партнёрам Беларусі застанецца Расея. Фінансавая дапамога і крэдыты з яе боку будуць даваць магчымасць Лукашэнку ўтрымліваць уладу, але гэта павялічыць даўгавую нагрузку і яшчэ больш паглыбіць залежнасць краіны.


Адносна стабільнымі могуць застацца сельская гаспадарка і IT-сектар, але адсутнасць інвестыцыяў ды тэхналогіяў з Захаду абмяжуе іх развіццё.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасажырскі аўтобус на польска-беларускай мяжы ля памежнага пункту пропуску «Тэрэспаль», Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасажырскі аўтобус на польска-беларускай мяжы ля памежнага пункту пропуску «Тэрэспаль», Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

Беларусы працягнуць з'язджаць з краіны ў пошуках лепшых умоваў жыцця і палітычнай свабоды. І гэта прывядзе да яшчэ большай дэмаграфічнай стагнацыі.


Новая хваля пратэстаў у 2025 годзе магчымая, асабліва ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў. Аднак пакуль што рэжым мае ўсе рычагі для іх здушэння.


Мы не маглі не спытацца ў ШІ пра мажлівасць вызвалення ў наступным годзе ўсіх палітвязняў.


Аднак у найбліжэйшай перспектыве масавае вызваленне палітычных вязняў ШІ лічыць малаімаверным – праз тое, што Лукашэнка будзе працягваць выкарыстоўваць іх у якасці рычага для перамоваў з Захадам. Без сур'ёзнага ціску з боку міжнароднай супольнасці палітзняволеных могуць працягваць утрымліваць у турмах.


Што датычыць працягласці ўлады Лукашэнкі, то ШІ мяркуе, яна можа трываць столькі, колькі той здолее ўтрымліваць кантроль над сілавымі структурамі, здушваць унутранае супраціўленне і адчуваць падтрыманне з боку Расеі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10