Зурабішвілі называе цяперашні ўрад нелегітымным, бо вынікі выбараў у гэтым годзе былі падробленыя. Але з’язджаць з краіны яна пакуль не плануе.
Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не мае намеру рабіцца прэзідэнткай у выгнанні, як лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская. Палітычная дзяячка плануе застацца прэзідэнткаю пасля заканчэння свайго тэрміну.
«Пытання, каб пакінуць Грузію, не стаіць… Я бачу здагадкі, што я стануся Ціханоўскай або прэзідэнтам Венесуэлы [Эдмунда Гансалесам], якіх прызнаюць, калі яны аказваюцца ў выгнанні. Я таксама чула аб прысуджэнні прэміі Сахарава. Я гэтага не хачу», ‒ сказала Зурабішвілі ў інтэрв'ю польскаму тэлеканалу TVP World.
«Цяпер мне трэба падтрыманне ў маёй краіне, разам з маім насельніцтвам», — дадала яна.
Нагадаем, што 14 снежня новым прэзідэнтам краіны стаўся жорсткі крытык Захаду Міхэіл Кавэлашвілі. Інаўгурацыю запланавалі на 29 снежня. Апазіцыя заяўляе, што парламенцкія выбары, на якіх «Грузінская мара» атрымала амаль 54 % галасоў, былі сфальсіфікаваныя. У краіне ідуць пратэсты, якія жорстка намагаецца спыніць паліцыя.
Тэса Анэйда belsat.eu