навіны

«Страшна нават выходзіць з гатэля». 23 беларусы не могуць з'ехаць з Сірыі пасля звяржэння рэжыму Башара Асада

Знішчаны паўстанцамі помнік Хафэзу аль-Асаду ў Сірыі. Фота: kompromat1.online
Знішчаны паўстанцамі помнік Хафэзу аль-Асаду ў Сірыі. Фота: kompromat1.online
podpis źródła zdjęcia

У адным з гатэляў Дамаска ў чаканні эвакуацыі знаходзяцца 23 грамадзяніна Беларусі – мужчыны, якія працавалі ў Дамаску па працоўных дамовах.

Пра гэта «Люстэрку» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй, інфармацыю пацвердзілі і ў дыппрадстаўніцтве Беларусі ў Сірыі. Грамадзянін Лівана Ахмад (імя зменена) працаваў у Беларусі. Кажа, што адзін з беларусаў, якія знаходзяцца ў Дамаску, — яго знаёмы (звязацца з ім «Люстэрка» не змагло).

«Ён патэлефанаваў мне на мінулым тыдні, 11 снежня, ужо пасля таго, як быў скінуты рэжым Башара Асада, і прасіў дапамагчы з выездам. Таму што, паводле яго словаў, пасольства Беларусі зрабіць гэта не можа, – сцвярджае Ахмад. – Мой знаёмы і яго калегі працавалі ў Дамаску па працоўных дагаворах, усе яны мужчыны, большасць з іх – электрыкі і будаўнікі. Ён кажа, што ім страшна нават выходзіць з гатэля. Яны не адчуваюць сябе ў бяспецы ў Дамаску, дзе, як сказаў знаёмы, зараз на адзін кіламетр – тысяча аўтаматаў Калашнікава».


Дзе менавіта працавалі 23 грамадзяніны Беларусі Ахмад не ведае. Паводле яго словаў, усе мужчыны знаходзяцца ў складаных умовах, у іх заканчваюцца грошы. Паляцець з краіны яны не могуць, бо міжнародны аэрапорт Дамаска яшчэ 8 снежня закрылі для палётаў, а з 13 снежня рэйсы прыбываюць і адпраўляюцца па спецдазволах. Пакуль вядома, што такія абмежаванні будуць дзейнічаць да 24 снежня.


«З Сірыі зараз можна з'ехаць толькі па зямлі. Ад Дамаска да мяжы з Ліванам – каля 40 кіламетраў. Але, па-першае, дарогі месцамі разбураныя, а па-другое, на іх шмат салдатаў Сірыйскай вызваленчай арміі», – кажа суразмоўца.


Па словах Ахмада, беларусы на мінулым тыдні звязваліся з дыпламатамі сваёй краіны. Аднак пытанне вывазу не вырашаецца з-за бюракратычных праблем. Пры гэтым супрацоўнікаў пасольства Беларусі ў Сірыі вывезлі ў Менск 15 снежня «з улікам наяўнай абстаноўкі».


Журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у беларускую дыпламатычную місію ў Сірыі пад выглядам сваяка аднаго з тых, хто знаходзіцца ў Дамаску.


«Так, мы ведаем аб гэтай сітуацыі, – паведаміў супрацоўнік пасольства. – Усе 23 грамадзяніны Беларусі цяпер знаходзяцца ў гатэлі, плануецца, што хутка яны павінны выехаць. Пытанне па іх вырашаецца, якраз зараз мы гэтым займаемся. Дакладнай даты пакуль няма, але мы ў курсе гэтага пытання, вырашаем яго. Яны будуць эвакуіраваны ў Менск, пытанне толькі ў тым, калі».


Нагадаем, што 8 снежня адбылося падзенне рэжыму Башара аль-Асада, які кіраваў Сірыяй з 2000 года, прыйшоўшы на змену свайму бацьку (кіраваў з 1971-га). 


2 снежня МЗС Беларусі выказвала падтрыманне Башару аль-Асаду «ў звязку з атакамі тэрарыстычных фармаванняў» у правінцыях Алепа і Хама ды пацвярджала «цвёрдую адданасць суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыі і падтрымлівалі намаганні Дамаску і яго хаўруснікаў у адбіцці тэрарыстычнай пагрозы і стабілізацыі сітуацыі». 


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10