Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас нарады ў пытанні рыхтавання кваліфікаваных кадраў 17 снежня заявіў аб праблемах, звязаныя з якасцю і колькасцю маладых інжынераў.
«Аб’ём рыхтавання інжынерных кадраў не адпавядае пакуль патрэбам эканомікі. Набор на тэхнічныя спецыяльнасці ніжэйшы за заказ арганізацыяў на рыхтаванне такіх кадраў. У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічаныя крыху больш за 16 тысячаў абітурыентаў, а ў год іх выпуску з ВНУ, у 2027-м, заказ ужо складае 21,5 тысячы чалавек. Гэта значыць, што рэальны сектар можа недаатрымаць каля пяці тысячаў маладых інжынераў», – сказаў прэм’ер.
Пры гэтым ён адзначыў нараканні на якасць рыхтавання інжынераў-выпускнікоў, «якія не валодаюць дастатковым аб’ёмам ведаў для самастойнай працы ў тэхналогіях, што ўжываюцца цяпер у вытворчасці». Паводле яго, «іх даводзіцца, па сутнасці, давучваць або перавучваць ужо на дзейнай вытворчасці».
Прэм’ер звярнуў увагу, што ў асобных ВНУ матэрыяльна-тэхнічная база «значна састарэла», як і прафесарска-выкладчыцкі склад. Таксама «нябачная і праца сектаральных саветаў кваліфікацыі ні ў абнаўленні зместу інжынернай адукацыі, ні ў адкрыцці новых спецыяльнасцяў».
Раман Галоўчанка адзначыў і тое, што на інжынерныя спецыяльнасці паступаюць студэнты, у якіх вынікі «цэнтралізаванага экзамену недзе каля 50 з плюсам балаў, чаго відавочна недастаткова».
Нагадаем, што 27 жніўня міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што сёлета ВНУ недабралі 870 студэнтаў. Недабор каля 500 студэнтаў зафіксаваны на аграрныя спецыяльнасці, каля 120 – на спецыяльнасці інжынернага профілю.
Якуб Хруст belsat.eu