Аналітыка

Затаіліся і не панікавалі: беларусы прытрымалі валюту, калі долар і еўра рэкордна раслі

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: yandex.by
podpis źródła zdjęcia

У лістападзе курсы амерыканскай і еўрапейскай валютаў прымусілі здрыгануцца: долар вырас да 3,5951 рубля, еўра – да 3,7873 рубля. Раней рэзкае аслабленне рубля правакавала ажыятаж, цяпер жа такога не было. Пры гэтым у параўнанні з кастрычнікам беларусы здалі меней валюты, а купілі – болей.

Нацбанк раскрыў статыстыку куплі – продажы валюты фізічнымі асобамі ў лістападзе, калі долар і еўра істотна скокнулі ўверх. На піку, што здарыўся 29 чысла, долар, паводле курсу рэгулятара, каштаваў 3,5951 рубля, еўра – 3,7873 рубля. Таксама ў той час рос кітайскі юань, а вось расейскі рубель падаў.


Апошнімі днямі амерыканская і еўрапейская валюты «займелі сумленне» і крыху адкаціліся. Заўтра долар будзе каштаваць 3,4556 рубля, еўра – 3,6283 рубля.


Як сведчаць звесткі Нацбанку, у лістападзе беларусы купілі валюты на $ 978,4 млн, прадалі – на $ 999,4 млн. Такі вынік адрозніваецца ад таго, што было ў папярэднія месяцы.


Пачынаючы з красавіка фізічныя асобы штомесяц прыносілі ў абменнікі больш за $ 1 млрд, болей за ўсё было у верасні, калі здалі $ 1,2 млрд. А вось купля валюты цяпер наблізілася да гадавога максімуму, што адбыўся ў ліпені, тады беларусы прыдбалі $ 1 млрд 38 млн.


У лістападзе грамадзяне прадалі валюты на $ 21 млн болей, чымся купілі, пры гэтым у кастрычніку розніца была ў $ 251,4 млн, а ў верасні – $ 379,7 млн.


«На мой погляд, безумоўна, зніжэнне рубля да долара і еўра адбілася на лістападаўскай статыстыцы. Людзі прытрымалі валюту, не спяшаліся яе прадаваць, таму атрымалася невялікае дадатнае сальда ў чыстым продажы», – кажа «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.


Яна канстатавала, што беларусы, калі курс долара і еўра панёсся ў нябёсы, перайшлі ў рэжым чакання:

,,

«Пакупка валюты падрасла, аднак не моцна, на рынку не было панікі. Так, попыт павялічыўся, але не крытычна. Продаж скараціўся – гэта такая чакальная пазіцыя. Людзі прыстасаваліся да таго, што могуць быць рэзкія ваганні курсаў што ў адзін, што ў іншы бок».


Агулам за студзень – лістапад беларусы прынеслі ў абменнікі $ 11,6 млрд, а вынеслі $ 10 млрд. Розніцу – $ 1,5 млрд – дзяржава паклала ў кішэню. Гэтая валюта вельмі прыдасца ва ўмовах дэфіцыту вонкавага гандлю. Як пісаў «Белсат», за дзесяць месяцаў Беларусь купіла імпартных тавараў і паслугаў на $ 314,7 млн болей, чымся прадала за мяжу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Diego F. Parra / pexels.com
Праяданне валюты паскараецца: імпарт перавысіў экспарт на $ 315 млн навіны

Надоечы Еўразійскі банк развіцця ў сваім макраэканамічным прагнозе напісаў, што налета сярэдні курс долара ў Беларусі складзе 3,38 рубля. На нацыянальную валюту будзе ціснуць той самы дэфіцыт вонкавага гандлю, які, падобна, будзе павялічвацца. Аналітыкі пры гэтым мяркуюць, што беларускаму рублю дапамогуць самыя беларусы, а таксама кампаніі-нерэзідэнты, якія будуць прадаваць валюты болей, чымся купляць.


Грамадзяне пакуль так і робяць, забяспечваючы дзяржаву валютаю. Нерэзідэнты – таксама: за студзень – лістапад яны пакінулі $ 1,1 млрд (летась за гэты ж перыяд было $ 1,7 млрд). Затое валюту хапаюць беларускія прадпрыемствы, купіўшы яе на $ 2,7 млрд болей, чымся прадаўшы.


Ці працягнуць фізічныя асобы і кампаніі-нерэзідэнты несці валютныя яйкі, спрагназаваць складана, прызнае эканамістка Настасся Лузгіна. 


«Што датычыць нерэзідэнтаў, то ролю адыгрывалі расейскія юрасобы, якія наладзілі паралельны імпарт праз Беларусь. Увосень ЕЗ пашырыў санкцыі супраць Беларусі, і імпарт праз нашую краіну ўскладніўся. Мяркую, роля нерэзідэнтаў у будучыні знізіцца», – разважае экспертка.


Што з валютаю будуць рабіць беларусы, залежыць ад шмат якіх чыннікаў. Людзі з прыбыткам з-за мяжы працягнуць мяняць яго на рублі, хоць і не цалкам – галоўнае, каб гэты прыбытак захаваўся. Імаверна, не спыніцца скарачэнне валютных дэпазітаў праз нізкія адсоткі, у такім выпадку людзі будуць здаваць замежныя грошы, каб перавесці ў рублёвы ўклад або адразу набыць што-кольвек.


Агулам жа для валютнага рынку могуць настаць цёмныя часы, не выключае суразмоўніца «Белсату»:

,,

«Гэта не абавязковы сцэнар, гэта рызыкі, што могуць рэалізавацца. Цягнуць курс рубля ўніз будуць цяжкасці з вонкавым гандлем, а тут шмат што залежыць ад таго, як будзе пачувацца расейская эканоміка, як будуць мяняцца кошты на энерганосьбіты, што для беларускай эканомікі вельмі важна, якую эканамічную палітыку будзе весці дзяржава».


Калі працягнецца рост заробкаў і, адпаведна, унутранага попыту, то працягнецца і імклівае павелічэнне імпарту, каб гэты попыт задаволіць. Менавіта імпарт вымывае валюту з краіны. 


Дарэчы, рызыку дэвальвацыі рубля не выключаюць і аналітыкі Еўразійскага банку развіцця. Калі Расея, дзе намагаюцца астудзіць эканоміку, перастане купляць беларускія тавары, а ў Менску не прыдумаюць, куды іх падзець, давядзецца скарачаць вытворчасць.


«Дзеля захавання канкурэнтаздольнасці беларускіх таваравытворцаў вымушанай захадай стане аслабленне абменнага курсу беларускага рубля», – папярэджваюць прагназісты.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10