навіны

Праяданне валюты паскараецца: імпарт перавысіў экспарт на $ 315 млн

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Diego F. Parra / pexels.com
podpis źródła zdjęcia

У студзені – кастрычніку дэфіцыт вонкавага гандлю Беларусі склаў $ 314,7 млн, месяцам раней гэты паказнік быў у 2,5 разу меней. У цяперашніх умовах экспарт краіны – ледзь не адзіная крыніца валюты, і калі сітуацыя не палепшыцца, уладам давядзецца думаць, дзе яе ўзяць.

Вынікі вонкавага гандлю Беларусі за дзесяць месяцаў апублікаваў Нацбанк. Гэтыя звесткі сведчаць, што краіна прадала за мяжу тавараў і паслугаў на $ 41,3 млрд, рост год да года – 4,9 %. Імпарт пры гэтым павялічыўся на 7,3 % – да $ 41,6 млрд.


Такім чынам, сальда ў мінусе. Розніца паміж экспартам і імпартам склала $ 314,7 млн не на нашу карысць. Хаця летась за гэты ж час Беларусь зарабіла на вонкавым гандлі $ 568 млн.


Адметна, што месяцам раней, паводле ўдакладненых дадзеных рэгулятара, адмоўнае сальда было меншым, за студзень – верасень яно склала $ 126,6 млн.


Паводле Нацбанку, за дзесяць месяцаў тавараў «Made in Belarus» купілі за мяжою на $ 33,3 млрд (рост год да года – 3,5 %), а імпартнага завезлі на $ 36,4 млрд (+7,4 %). У гандлі таварамі ганарыцца няма чым: адмоўнае сальда – болей за $ 3 млрд. За гэты ж перыяд летась яно таксама было ў мінусе, аднак амаль удвая меншым: -$ 1,7 млрд.


Ад падзення вонкавага гандлю Беларусі ў прорву ўсё яшчэ ратуюць паслугі. Іх экспарт год да года вырас ажно на 11,4 % амаль да $ 8 млрд. Падобна, тут галоўны лакаматыў – IT-сектар, што апошнім часам крыху ачуняў і, адштурхнуўшыся ад дна, выйшаў у невялікі плюс.


Імпарт паслугаў таксама павялічыўся, аднак з меншай хуткасцю, чымся экспарт: на 6,3 % да $ 5,2 млрд.


У выніку гандаль паслугамі прынёс Беларусі $ 2,7 млрд.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: jcomp / Freepik

Вонкавы гандаль таварамі і далей выцягвае з Беларусі валюту

навіны

Раней пра экспарт і імпарт тавараў асобна адсправаздачыўся Белстат, і гэтыя дадзеныя крыху адрозніваюцца ад нацбанкаўскіх. Паводле статыстычнага ведамства, дэфіцыт гандлю таварамі яшчэ большы: мінус $ 3,6 млрд, экспарт вырас на 3,6 %, а імпарт – на 7,1 %.


71 % тавараў, што мы прадаем за мяжою, ідзе ў краіны СНД, галоўным чынам – у Расею. Улады Беларусі кінуліся збіраць вяршкі, калі з Расеі сышлі шмат якія брэнды, і на рынку вызвалілася месца. Акрамя таго, у краіне, якая ваюе з Украінаю, не сціхае ненаедны попыт у вайсковай прамысловасці.


Праблема для Беларусі ў тым, што расейскі Цэнтрабанк пастанавіў змагацца з перагрэвам эканомікі і высокай інфляцыяй, паступова павышаючы ключавую стаўку, цяпер яна складае 21 %. А тармажэнне эканомікі пацягне за сабою сцісканне попыту, у тым ліку вонкавага. У Менску паўстане пытанне, куды ж падзець зробленае ў Беларусі, калі ў Расеі яно станецца непатрэбным.


Пры гэтым вонкавы гандаль для нашай краіны – ледзь не адзіная крыніца валюты. Як тлумачыла раней «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна, у нармальных умовах дзяржавы кампенсуюць дэфіцыт дзякуючы крэдытам і інвестыцыям. У беларускіх умовах можна спадзявацца, бадай, толькі на Расею, якая за эканамічную дапамогу можа высунуць палітычныя патрабаванні.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10