Меркаваннi

Колькі ў вас распадаецца сем'яў і ў якім стане вашыя старыя касмічныя караблі?

Самалёт Іл-18 у Берасці, у якім быў музей авіяцыі і касманаўтыкі
Самалёт Іл-18 у Берасці, у якім быў музей авіяцыі і касманаўтыкі. Фота: Онлайн Брест / VK
podpis źródła zdjęcia

На гэтым тыдні я прачытаў навіну пра тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі, які вельмі любіць разважаць пра моцную і традыцыйную сям’ю, акрамя пазашлюбнага сына, можа быць яшчэ і пазашлюбная дачка. Але паразмаўляць з гэтай нагоды я хачу не пра гэтую дзяўчыну, а пра духоўнасць і сямейныя каштоўнасці. 

Інфармацыю пра пазашлюбную дачку апублікавалі расследавальнікі выдання «Бюро медыя». Паводле іх, гэта дзяўчына Крысціна 2000 года нараджэння ад жанчыны са Шклова, якая працавала цырульніцаю.

Калі вам цікава, то раю зайсці на старонку «Бюро медыя» і прачытаць гісторыю цалкам. Я толькі скажу сваё прыватнае меркаванне: хоць жалезных доказаў таго, што гэта дачка Аляксандра Лукашэнкі, няма, факты, якія прыводзяць журналісты, а таксама сведчанні набліжаных да дыктатара асобаў не пакідаюць сумневаў, што гэта так.

,,

«Але я хачу паразмаўляць не пра гэтую дзяўчыну, а шырэй, пра духоўнасць і сямейныя каштоўнасці, якія ў нас, як вядома, ёсць, а на бездухоўным Захадзе іх, зразумела, няма».


«Засвойваць сямейныя каштоўнасці трэба перш за ўсё на прыкладзе бацькоў, а не падчас урокаў», – распавёў Лукашэнка сёлета ў сакавіку перад поўнай заляй актывістак Беларускага саюзу жанчын. Лукашэнка ўвогуле вельмі любіць гаварыць пра моцную і традыцыйную сям'ю. А мне тут падумалася: а які ж ён сам прыклад дае? 

,,

«Якія каштоўнасці прапагандуе Лукашэнка ўласным жыццём?»


Чалавек, які 30 гадоў таму з'ехаў ад жонкі, маці двух сваіх старэйшых сыноў, і нават не развёўся з ёю. Мае, як цяпер высвятляецца, дваіх пазашлюбных дзяцей ад дзвюх розных жанчын. Прычым сына прызнаў, а дачку схаваў. Я не тое каб не разумею, што ў жыцці бываюць розныя сітуацыі, але ў такім выпадку трэба хоць крышачку сумлення мець, а не вучыць людзей навокал сямейным каштоўнасцям. Вы, спадару Лукашэнка, або майткі надзеньце, або крыжык зніміце.

Нездарма кажуць: рыба гніе з галавы. У выпадку нашай краіны, на вялікі жаль, гэта менавіта так.

Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Сямейныя каштоўнасці ў «духоўнай» Беларусі і Расеі настолькі высокія, што нашыя краіны ажно на 2-м і 5-м месцы ў сусветнай статыстыцы паводле колькасці разводаў. У Расеі 3,9 разводу на тысячу жыхароў, у Беларусі, паводле дзяржаўнага Белстату, 3,7. Горшыя за Расею ў цэлым свеце толькі Мальдывы, а перад беларусамі яшчэ толькі Грузія ды Малдова...

Паглядзім, дзе ж у той статыстыцы «бездухоўны» Захад, на якім ніякіх сямейных вартасцяў не засталося. Калі ласка, Злучаныя Штаты – 2,8 разводу на тысячу, то бок на траціну меней, чым у Беларусі. Нямеччына і Францыя – 1,9. Напалову меней, чым у нас. Вялікая Брытанія – 1,8. Польшча – 1,7. Што на гэта скажуць Гігін ды Азаронак? Дык у каго, атрымліваецца, мацнейшыя сем'і і каштоўнасці?

Чую, як Азаронак і Гігін ужо крычаць: а давайце тады духоўнасць у чымсьці іншым мераць! Давайце. Напрыклад, у тым, як часта людзі гэтую самую духоўнасць практыкуюць і ходзяць у храмы.

,,

«Паводле апытання Даследчага цэнтру ІПМ, у Беларусі ў царкву хаця б раз на тыдзень ходзяць 6,3 % насельніцтва. У Расеі гэты паказнік каля 7 %, прычым сярод праваслаўных значна ніжэйшы, усяго каля 3 %». 


Ну а што там у «бездухоўных» англасаксаў? У Вялікай Брытаніі гэты паказнік удвая вышэйшы, чым у Беларусі, 12 %, а ў Злучаных Штатах, увага, усе 25 %. Кожны чацвёрты амерыканец хоць раз на тыдзень ходзіць у храм. Гэта ў тры з паловай разы часцей, чым у Расеі, і ў чатыры разы часцей, чым у Беларусі. Дык хто, у выніку, бездухоўны?

Ну і апошняе, можа, не зусім відавочнае, але асабіста для мяне вельмі паказальнае. Гэта памяць пра сваё мінулае. Нават калі мінулае не вельмі далёкае і даволі спецыфічнае. Нашыя рэгулярныя гледачы ведаюць, што я вялікі аматар авіяцыі і касманаўтыкі. У апошнія некалькі месяцаў я наведаў шэраг музеяў авіяцыі на «бездухоўным» Захадзе.

Пражскі музей авіацыі. Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Пражскі музей авіацыі. Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Я пабачыў у пражскім музеі, як чэхі па маленькіх кавалачках аднавілі свае гістарычныя самалёты, некаторым з якіх ужо болей за сто гадоў. Усе аэрапланы пад дахам, у надзвычай прыгожай экспазіцыі. У Вашынгтоне, у адным з галоўных музеяў авіяцыі ў Злучаных Штатах, я пабачыў «Space Shuttle Discovery», які лётаў у космас 39 разоў. Усё дагледжана, экспанаты ў ідэальным стане без аніводнай пыліначкі. На «бездухоўным» Захадзе ганарацца сваімі тэхнічнымі дасягненнямі і захоўваюць іх у ідэальным стане.

«Space Shuttle Discovery» у музеі авіацыі ў Вашынгтоне. Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
«Space Shuttle Discovery» у музеі авіацыі ў Вашынгтоне. Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Зараз давайце вернемся ў «духоўную» Саюзную дзяржаву і паспрабуем знайсці савецкі аналаг амерыканскага шатла, які ўсяго адзін раз лётаў у космас. Дзе ён, менавіта той гістарычны касмічны карабель? А нідзе: ангар, у якім ён захоўваўся, абваліўся і цалкам яго разбурыў. Легендарную машыну разабралі на металалом і прадалі. Застаўся другі экзэмпляр, які выглядае сёння як куча смецця.

Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube
Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Ну і зусім асабістая гісторыя. У маім родным Берасці таксама быў музей авіяцыі і касманаўтыкі. Беларус Пётр Клімук, які тройчы лётаў у космас, нарадзіўся недалёка ад Берасця, а таму такі музей тут абсалютна апраўданы. Калекцыя касмічных артэфактаў месцілася ў вялікім самалёце Іл-18, што стаяў паміж жылымі дамамі. Былі ў музеі экспанаты, зробленыя і маімі юнацкімі рукамі. Сёння ў Берасці няма ні музею, ні самалёта. Бо аднойчы ноччу нехта выбіў акно ў самалёце і проста спаліў яго знутры. Спалены самалёт разабралі на часткі і вывезлі ў Менск. Паказальна, праўда?

Так што наступным разам, калі вам нехта будзе распавядаць пра святыя сямейныя каштоўнасці, духоўную трыадзіную Русь і бездухоўны Захад, спытайце ў яго, у чым гэта ўсё вымяраецца. Бо колькасць цэркваў, прададзеных на душу насельніцтва крыжыкаў і крыкі пра тое, што нашая мараль самая лепшая, мяне неяк не пераконваюць. Спачатку пакажыце, колькі ў вас распадаецца сем'яў і ў якім стане вашыя старыя касмічныя караблі.


belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10