навіны

Зяленскі і Пяскоў адказалі Трампу наконт спынення вайны і стратаў у ёй

Уладзімір Зяленскі перад сустрэчай з Доналдам Трампам і Эманюэлем Макронам у палацы дэ ль’Элізэ 7 снежня 2024 года. Фота: president.gov.ua
Уладзімір Зяленскі перад сустрэчай з Доналдам Трампам і Эманюэлем Макронам у палацы дэ ль’Элізэ 7 снежня 2024 года. Фота: president.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Уладзімір Зяленскі і прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў адказалі на словы Доналда Трампа пра спыненне вайны ва Украіне і агучаныя ім лічбы стратаў бакоў у вайне. 

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Украіна выступае за справядлівы і трывалы мір, які выключае магчымасць чарговай агрэсіі Расеі. Пра гэта, са словаў украінскага прэзідэнта, вялася размова ў палацы ль'Элізэ ў Парыжы, дзе адбыліся сустрэчы з Эманюэлем Макронам і Доналдам Трампам. 

,,

«Я сказаў, што нам патрэбны справядлівы і моцны мір, якога расейцы не зруйнуюць за некалькі гадоў, як яны гэта ўжо рабілі», – напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале, праілюстраваўшы свае словы жаданнем Масквы дамінаваць у Грузіі, Малдове, Сірыі і нават Афрыцы. 


Паводле Зяленскага, за час вайны Расея страціла больш за 750 тысяч вайскоўцаў, з іх 198 тысяч загінулі, а больш за 550 тысячаў атрымалі раненні. У той жа час Украіна, паводле Зяленскага, страціла 43 тысячы абаронцаў, а таксама было зафіксавана «370 тысяч выпадкаў надання дапамогі параненым». Пры гэтым украінскі прэзідэнт адзначыў, што да 50 % параненых вяртаюцца ў шэрагі дзякуючы высокаму ўзроўню медычнай дапамогі. Са словаў Зяленскага, у верасні 2024 года суадносіны расейскіх і ўкраінскіх стратаў на полі бою склалі пяць і нават шэсць супраць аднаго.

Прэзідэнт Украіны звярнуў увагу, што Расея працягвае ўтрымліваць тысячы ўкраінскіх ваеннапалонных і мірных грамадзянаў. Акрамя таго, сотні тысяч украінскіх дзяцей былі незаконна вывезеныя ў Расею. У сувязі з гэтым Зяленскі лічыць, што прыпыніць агонь без гарантыяў бяспекі немагчыма.

,,

«Вось што такое гэтая вайна. Гэтага не скончыць толькі адной паперкай і некалькімі подпісамі. І прыпынены агонь без гарантыяў можа быць ізноў распалены ў любы момант, як гэта ўжо зрабіў Пуцін. Каб гарантаваць, што стратаў украінцаў і ўкраінак больш не будзе, трэба гарантаваць надзейнасць міру і не заплюшчваць вачэй на акупацыю», – напісаў Зяленскі. 


Доналд Трамп. Фота: Donald J. Trump / Facebook

Трамп: Расея аслабленая, яна страціла ў вайне 600 тысячаў вайскоўцаў

Вайна

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што спыніць Пуціна можа толькі моцная аб'яднаная пазіцыя ЗША і сусветных лідараў. Мір павінен быць устойлівым і гарантаваць бяспеку Украіны.

«Вайна не павінна быць бясконцай, толькі мір павінен быць трывалым і надзейным», – адзначыў Зяленскі.

У сваю чаргу прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што Расея адкрытая да перамоваў наконт Украіны, «але ўмовы для неадкладнага спынення баёў выкладзеныя Пуціным у чэрвені». Нагадаем, што сярод іх згадваюцца поўны вывад украінскіх войскаў з тэрыторыі так званых ДНР і ЛНР, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў, адмова Украіны ад уступлення ў NATO і нейтральны, пазаблокавы і бяз’ядравы статус Украіны.

Што да стратаў расейскіх войскаў падчас вайны, то Пяскоў падкрэсліў, што агучаныя Трампам звесткі «выкладзеныя ва ўкраінскім трактаванні і адлюстроўваюць пазіцыю Украіны». А рэальныя лічбы, сцвярджае Пяскоў, абсалютна іншыя: украінскія страты шматкроць перавышаюць страты з расейскага боку, а працяг такіх тэмпаў вядзе «да знясілення ЗСУ», лічыць прэс-сакратар Крамля. 

Нагадаем, што Доналд Трамп напісаў у сваім уліковым запісе ў сацыяльнай сетцы Truth, што страты Расеі падчас вайны дасягнулі 600 тысячаў забітых і параненых, а Украіны – 400 тысячаў. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10