Аналітыка

Лукашэнка быў супраць крэдытаў расейцам і таму зняў Калавура? Ці прычыны ўсё ж іншыя?

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Фота: Pixabay
Здымак мае ілюстарцыйны характар. Фота: Pixabay
podpis źródła zdjęcia

Беларускія банкі актыўна выдавалі крэдыты расейскім кампаніям. Вынікам гэтага магла стаць адстаўка старшыні Нацыянальнага банку Паўла Калавура. Ён або гэтаму не супрацьстаяў, кажуць медыі, або, наадварот, змагаўся з гэтым, адзначаюць палітыкі. Ці сапраўды гэтыя крэдыты сталіся такою важнаю праблемаю для беларускай эканомікі? А можа, звальненне старшыні Нацбанку мела іншыя прычыны?

«Наша Ніва» са спасылкаю на прадстаўнікоў банкаўскага сектару адзначае, што прычынай адстаўкі старшыні Нацыянальнага банку Паўла Калавура сталася тое, што праз розніцу ў банкаўскіх стаўках беларуская эканоміка фактычна фінансавала расейскую. Як адзначае выданне, расейскія кампаніі бралі ў беларускіх банках валютныя крэдыты пад гарантыі матчыных кампаніяў некаторых беларускіх банкаў. У выніку на пачатак 2025 года сітуацыя была ўжо такою, што «ў беларускай банкаўскай сістэме засталося пару мільярдаў ліквіднасці, фактычна нішто».

І ў той час, як беларускія банкі ставілі «рэкорды прыбытковасці», а расейскі бізнес танна крэдытаваўся, беларускі бізнес (як прыватны, так і дзяржаўны), наадварот, прайграў: для яго грошы сталі дарагімі. І ва ўсім гэтым урад абвінаваціў Нацбанк.

,,

«Ну што гэта такое? Стаўкі ў рублях за год выраслі на 90 % – раней можна было крэдытавацца пад 11-12 %, цяпер 18-19-20 %. Стаўкі ў доларах – на 40 %. Як у такіх умовах выконваць дзяржаўныя праграмы?» – сказаў адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы».


І хоць Нацбанк меў «не вельмі шмат інструментаў, каб гэтую гісторыю аператыўна спыніць», «калі працэс ужо пачаўся, то ён адбываецца вельмі хутка».

«Такая вялікая, адносна нашай, расейская эканоміка магла б высмактаць грошы з нашай сістэмы і за тыдзень, калі б была тэхнічная магчымасць. І выпраўляць гэтую сітуацыю ў працэсе ўжо было позна, яе трэба было проста не дапускаць, прадбачыць, задзіраць патрабаванне да рэзерваў пры крэдытаванні нерэзідэнтаў раней, чым гэта пачалося. З гэтым Калавур і ягоная каманда не справіліся», – распавяла іншая крыніца выдання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Нацыянальнага банку Беларусі. Фота: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Нацыянальнага банку Беларусі. Фота: TUT.BY

Увагу на крэдыты расейскім кампаніям у кантэксце звальнення Калавура звяртаў і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, але ў цалкам адваротным сэнсе. На ягоную думку, старшыня Нацбанку быў якраз супраць таго, што «грошы маглі пайсці на школы, лякарні або дарогі ў Беларусі, але замест гэтага яны падтрымліваюць эканоміку Расеі – краіны, якая вядзе вайну супраць Украіны». Палітык мяркуе, што Калавур не пагадзіўся з такім падыходам, «за што і пацярпеў».

Паўмільярда долараў за месяц

Прадстаўнікі беларускай банкаўская сістэмы яшчэ нядаўна хваліліся тым, што расейскі бізнес актыўна бярэ крэдыты ў Беларусі. Гэтак, першы намеснік старшыні праўлення Банку развіцця Раман Бродаў заявіў 25 кастрычніка 2024 года ў Санкт-Пецярбургу, што дзякуючы грашова-крэдытнай палітыцы Нацбанку «ўпершыню склалася такая сітуацыя, што расейскім партнёрам сталі цікавыя крэдыты менавіта ў беларускіх рублях».

,,

«Гэта не толькі знак даверу той эканамічнай палітыцы, якую мы праводзім, але і сапраўды выгадны інструмент для абодвух бакоў», – казаў ён.


У сваю чаргу, даследчы цэнтр BEROC пісаў у канцы лютага 2025 года, што бізнес не проста бярэ крэдыты, а спрабуе зарабіць на розніцы банкаўскіх ставак у камерцыйных банках Беларусі і Расеі.

«Разыходжанне ў манетарнай палітыцы прывяло да адчувальнай розніцы ставак у камерцыйных банках Беларусі і Расеі: каля 17 % супраць прыкладна 27 % у крэдытах і 11 % супраць 21 % у дэпазітах. Бізнес бачыць у гэтым магчымасць зарабіць на арбітражы ставак да 4-5 % гадавых», – адзначалі эксперты.

У BEROC адзначалі, што «з пункту гледжання бізнесу, такога роду аперацыі абсалютна законныя, лагічныя і апраўданыя». Да таго ж, яны наўрад ці шырока распаўсюджаныя, але «тым не менш у цяперашніх маштабах гэта аказвае ціск на банкі з гледзішча ліквіднасці».

Паводле эканамістаў, толькі ў снежні 2024 года кампаніі з Расеі атрымалі ў Беларусі не менш як 0,5 млрд долараў пад заруку або забеспячэнне расейскіх банкаў. А згладжваць сітуацыю ва ўмовах нізкага даверу да беларускага рубля і перагрэву айчыннай эканомікі не атрымлівалася.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь (з 27 снежня 2014 года да 10 сакавіка 2025 года) Павел Калавур. 2017 год. Фота: TUT.BY
Старшыня праўлення Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь (з 27 снежня 2014 года да 10 сакавіка 2025 года) Павел Калавур. 2017 год. Фота: TUT.BY

Праблема ёсць, але яе не відаць

Заявы пра вінаватасць Калавура ў выдачы крэдытаў расейскім кампаніям не змяшчаюць канкрэтных лічбаў наступстваў гэтага, адзначае Аляксандр Кныровіч, бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце». На ягоную думку, такіх крэдытаў было выдадзена не так і шмат, каб можна было казаць, што Беларусь крэдытуе Расею, бо атрымаць фірмам з РФ крэдыты ў беларускіх рублях «не настолькі просты ход».

«Калі б Беларусь пачала выдаваць расейцам крэдыты, то гэта значыць, што мы апынуліся ў становішчы Злучаных Штатаў Амерыкі, якія могуць друкаваць грошы, выдаваць іх усяму свету і нармальна сябе адчуваць. За гэта трэба не выкідаць з пасады, а наадварот, узнагароджваць», – кажа Кныровіч у каментары «Белсату».

Андрэй Махоўскі, вядоўца праграмы «Оптимум» на YouTube-канале «Белорусы и рынок», прызнае: разрыў ставак «гіганцкі» – 9,5 % стаўка рэфінансавання ў Беларусі супраць 21 % у Расеі. Гэта, паводле яго, дазваляе «ўзяць грошы ў беларускіх рублях, абмяняць іх на расейскія рублі, перавезці ў Расею і там зарабляць на дэпазітах».

,,

«Галоўная небяспека ў тым, што ў вас выпампоўваюцца грошы з краіны і яны не ідуць на карысць вашай эканомікі. Банкі зарабляюць, у банкаў усё добра, але грошы вы губляеце», – адзначае Махоўскі.


Аднак пакуль ён не бачыць і «катастрафічнага маштабу» росту крэдытаў, выдадзеных нерэзідэнтам. Як не відаць у статыстыцы і праблемаў у беларускіх банкаў – «грошы ў банкаў ёсць, дэфіцыту ліквіднасці няма». Махоўскі не выключае, што крэдытаванне адбываецца такім чынам, што расейскія банкі даюць грошы сваім беларускім даччыным банкам, а ўжо тыя з гэтага выдаюць крэдыты расейскім кампаніям.

У цэлым жа актыўнае крэдытаванне расейскага бізнесу ў Беларусі Кныровіч звязвае перадусім з тым, што эканоміка Беларусі завязаная на расейскую, паміж краінамі існуе вольнае перацяканне валюты і людзей. Таксама Кныровіч мяркуе, што для Беларусі не было б праблемаю пакрыць дэфіцыт ліквіднасці, выкліканы вывазам беларускіх рублёў у Расею, уключыўшы друкарскі станок.

Калавур быў супраць, але не таго і не там?

На думку Кныровіча, галоўнаю прычынаю звальнення Калавура былі ягоныя спробы абмежаваць выдачу крэдытаў неплатаздольным дзяржаўным прадпрыемствам, уводзячы ў дачыненні іх камерцыйную ацэнку рызыкі – «не даваць грошы там, дзе іх можна не даць», бо інакш можна было б справакаваць у Беларусі чарговы фінансавы крызіс.

Здымак мае ілюстрыцыйны характар. Аддзяленне «Сбербанку». Санкт-Пецярбург, Расея. 5 траўня 2023 года. Фота: Maksim Konstantinov / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
Здымак мае ілюстрыцыйны характар. Аддзяленне «Сбербанку». Санкт-Пецярбург, Расея. 5 траўня 2023 года. Фота: Maksim Konstantinov / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Пра незадаволенасць уладаў спробамі Калавура стрымліваць, «наколькі ён мог», прыток танных грошай у эканоміку, кажа і Махоўскі. На яго думку, палітыка Нацбанку «перастала адпавядаць генеральным чаканням уладаў і іх прагнозам».

«У нас план уладаў – рост эканомікі на 4 %. Яго забяспечыць зараз можна толькі за кошт стымулявання, па-першае, унутранага попыту, па-другое, унутраных інвестыцыяў. На гэта патрэбны грошы. У бюджэце гэтых грошай на ўсё не хопіць. Гэтыя грошы ёсць у банкаў. Таму ідэя ў тым, каб стымуляваць банкі, каб тыя стымулявалі эканамічны рост унутры краіны. Бо раней мы раслі вонкі, у асноўным на расейскі рынак. А цяпер расейскі рынак схлопваецца. Можна расці толькі ўнутр», – кажа Махоўскі.

Пры гэтым ён не выключае, што крэдыты расейскім кампаніям маглі ўсё ж стаць нагодай адстаўкі Калавура, бо Аляксандр Лукашэнка «не будзе разбірацца ў гэтых фінансавых статыстыках».

,,

«Яму проста данеслі, што Калавур, магчыма, за хабары крэдытуе расейскія банкі, замест таго, каб даваць грошай беларускаму рэальнаму сектару. Лукашэнка пакрыўдзіўся, усё», – мяркуе ён.


Павел Калавур на прэс-канферэнцыі. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: БелТА

Чым запомніўся Калавур? Утаймаваная інфляцыя, паспяховая дэнамінацыя, канфлікт з Мацюшэўскім

Аналітыка

На думку Кныровіча, цяпер застаецца адкрытым пытанне, ці будзе новы кіраўнік Нацбанку і былы прэм’ер Раман Галоўчанка прыслухоўвацца да прафесіяналаў, сваіх супрацоўнікаў, і тым самым захоўваць збалансаванасць сістэмы, ці на патрабаванне ўладаў пачне «раздаваць грошы направа і налева». Другі варыянт ва ўмовах запавольвання росту эканомікі больш верагодны, але пагражае беларускай эканоміцы праблемамі, мяркуе ён.

Лукашэнка 10 сакавіка зрабіў кадравыя перастаноўкі: прызначыў прэм’ер-міністрам Аляксандра Турчына, а экс-прэм’ера Рамана Галоўчанку паставіў кіраваць Нацыянальным банкам замест Паўла Калавура. Апошні кіраваў Нацбанкам дзесяць гадоў – і гэтыя гады былі, як для Беларусі, адносна стабільныя ў паказніках, за якія адказны Нацбанк.

Колішні прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Менск, Беларусь. 6 снежня 2024 года. Фота Contributor/Getty Images

«Галоўная праблема – незалежнасць Нацбанку». Чаго чакаць ад Галоўчанкі на новай пасадзе?

Аналітыка

«Калавур, на думку ўсіх, быў самым паспяховым кіраўніком Нацбанку, самым самастойным, у яго былі і сутыкненні з адміністрацыяй Лукашэнкі, наколькі мы ведаем. Мне здаецца, што Галоўчанка з улікам таго, што ён не адмысловец у банкаўскай справе, мае адукацыю дыпламата, будзе больш выконваць тое, што скажа Лукашэнка», – адзначае палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Пры гэтым Галоўчанка, хоць і займаў высокія пасады, але не мае якога-кольвек досведу ў банкаўскай справе і манетарнай палітыцы, як і профільнай адукацыі, калі не лічыць пары курсаў у Акадэміі кіравання. Акадэмічны дырэктар «BEROC» Леў Львоўскі засцерагае: Беларусь могуць чакаць «даволі вясёлыя часы», бо новы старшыня Нацбанку лічыць, што цэнтральны банк не павінен надаваць так шмат увагі інфляцыі і макраэканамічнай стабільнасці, а мусіць найперш забяспечваць сродкамі і ліквіднасцю прамысловыя прадпрыемствы.

Макар Мыш, Кацярына Гардзеева belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10