навіны

«Тыповы прыстасаванец». Кінажурналіст – пра новага міністра культуры

Руслан Чарнецкі ў праграме Марата Маркава на ОНТ. Фота: ОНТ
Руслан Чарнецкі ў праграме Марата Маркава на ОНТ. Фота: ОНТ
podpis źródła zdjęcia

Чалавек, на ўсё гатовы, каб здабыць уладу, пасрэдны актор, прыстасаванец – такім бачыць новага міністра культуры Беларусі Руслана Чарнецкага кінажурналіст Тарас Тарналіцкі, які пракаментаваў гэтае прызначэнне «Белсату».

Руслан Чарнецкі – актор тэатру і кіно, аднак да 2020 года ён не быў заўважнай асобай, хоць і налічвае ў сваёй фільмаграфіі 118 працаў, зазначае Тарналіцкі:


«Гэта не кажа пра сапраўдную заўважнасць. Я не магу сказаць, што Чарнецкі – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, бо ягоныя кінаролі былі другога, эпізадычнага плану. Нейкіх яскравых роляў у яго няма», – кажа кінажурналіст.


Руслан Чарнецкі здымаўся ў стужцы «Купала» – граў там адного з братоў Луцкевічаў, фактычна, пачынальніка БНР.

,,

«Але, як бачна, новы міністр не падзяляе каштоўнасці беларускай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя, – зазначае Тарас. – На мой погляд, ён – тыповы прыстасаванец, чалавек, гатовы на ўсё, каб атрымаць уладу. <…> з тых артыстаў, якія атрымліваюць узнагароды за лаяльнасць да ўладаў, а не за свой талент».


Паводле кінажурналіста, прызначэнне Чарнецкага на пасаду міністра культуры выглядае дзіўным, бо ў яго няма чыноўніцкага досведу, і ёсць сумневы адносна таго, ці ён разумее, як працуе культура. Тарналіцкі дапускае, што ўвесь сэнс Чарнецкага на пасадзе міністра – «ацяпленне» вобразу Лукашэнкі праз з’яўленне сімпатычнага чыноўніка побач, а таксама згодны з думкай, што за прызначэннем можа стаяць нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук, якая разам з Чарнецкім цяпер выступае ў перадвыбарчым праўладным «Марафоне адзінства».


«Піяр-ход ці рамантычны інтарэс, хоць усе людзі жанатыя – не ведаю, што тут спрацавала. Але мяне, як чалавека, які сочыць за тым, каго ставяць на пасады міністраў культуры, кіраўнікоў «Беларусфільма», гэтае прызначэнне вельмі здзівіла», – кажа Тарас Тарналіцкі.


2 снежня Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра культуры. Замест Анатоля Маркевіча гэтую пасаду заняў актор тэатру Руслан Чарнецкі.


Руслан Чарнецкі – нарадзінец Менску, у 2010 годзе скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў паводле спецыялізацыі «актор драматычнага тэатру і кіно» (майстэрня Зоі Белахвосцік). З 2005 года – актор Нацыянальнага драмтэатру імя Горкага.


Чарнецкі здымаўся ў фільмах «Код Каіна», «Кадэт», «На другім беразе» і г.д. Ён таксама вакаліст і гітарыст рок-гурта «Pride», мае званне заслужанага артыста Беларусі, якое атрымаў у 2022 годзе. У 2024-м ён дэпутат, чалец Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў справе адукацыі, культуры і навукі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10